Нашыя героі і пакутнікі: 10 найбольш цяжкіх прысудаў па палітычных справах


На гэтым тыдні палітычным зняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку прысудзілі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Іх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).

Узгадаем людзей, якія ў гэтыя 12 бурлівых месяцаў атрымалі за сваю палітычную пазіцыю найбольш цяжкія пакаранні ад незаконнага рэжыму.

Вайсковец, які быў верны народу

Капітан Генштабу Узброеных Сіл Беларусі Дзяніс Урад быў асуджаны на 18 год пазбаўлення волі за тое, што апублікаваў ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны пра выкарыстанне вайскоўцаў супраць мірнага беларускага насельніцтва. За гэта ён атрымаў абвінавачанне па арт.356 Крымінальнага кодэксу «Здрада дзяржаве». Так званы «суд» праходзіў у зачыненым рэжыме.

Дзяніс і Ірына Урады. Фота з сямейнага архіву

Дзянісу Ураду 29 гадоў, ён жанаты, ёсць дзіця. Родам капітан з Расонаў Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Ваеннай акадэміі на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, які скончыў у 2014 годзе.

Банкір, які рызыкнуў усім

У ліпені 2021 года Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 год пазбаўлення волі. Былы банкір быў арыштаваны разам з сынам Эдуардам яшчэ ў ліпені 2020 года, калі выказаў жаданне ўдзельнічаць у выбарах на пасаду прэзідэнта Беларусі. Пры гэтым ён і многія з ягоных калегаў былі абвінавачаныя ў разнастайных эканамічных злачынствах.

Віктар Бабарыка ў судзе. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Reuters

Судовы разбор справы доўжыўся больш за чатыры з паловай месяцы. З апошнім словам Віктар Бабарыка выступіў 28 чэрвеня і сказаў, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў і яму ня сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі.

Музыкантка, якая засталася ў Беларусі

Марыя Калеснікава – прафесійная музыкантка – была каардынатаркай штабу Віктара Бабарыкі, а потым увайшла ў каманду Святланы Ціханоўскай. Яе арыштавалі 7 верасня 2020 года, а 8 верасня паспрабавалі гвалтоўна дэпартаваць у Украіну.

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Deutsche Welle/Telegram

Але смелая жанчына парвала свой пашпарт і вярнулася ў Беларусь, дзе яе чакалі доўгія месяцы арышту і прысуд у 11 гадоў пазбаўлення волі. Так званы «суд» праходзіў у зачыненым рэжыме.

Інжынер, які змагаўся

Ціхан Восіпаў быў асуджаны на 11 год пазбаўлення волі за тое, што падчас пратэстаў у ноч з 10 на 11 жніўня 2020года ён нібыта адмовіўся выйсці са свайго аўтамабіля BMW на загад міліцыі і збіў машынай пяцярых вайскоўцаў унутраных войскаў.

25-гадовы інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда.
Фота: АВ / Белсат

Пасля, згодна з абвінавачаннем, ён кінуў аўтамабіль у вадаём, а потым патэлефанаваў у міліцыю, паведаміўшы, што аўтамабіль быў скрадзены.

Сведка забойства

Аляксандр Кардзюкоў – жыхар Берасця, які бачыў забойства берасцейца Генадзя Шутава сілавікамі Лукашэнкі. Нагадаем, сілавікі стралялі 11 жніўня, памёр Генадзь у шпіталі 19-га.

Сведка забойства Генадзя Шутава Аляксандр Кардзюкоў у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Забойцы вырашылі перакласці віну на ахвяру, а сведку забойства зрабіць адным са злачынцаў. Аляксандра абвінавацілі ў замаху на забойства вайскоўца, які падчас пратэстаў быў у цывільным адзенні. Мужчына, які стрэліў у Генадзя Шутава, па справе праходзіў пацярпелым.

За нібыта замах на сілавіка і супраціў «ахоўніку грамадскага парадку» Аляксандр Кардзюкоў быў асуджаны на 10 год зняволення.

Хлопец з Самаабароны

Ягор Міхайлаў, жыхар Менску, кінуў «кактэйль Молатава» у танк, які стаяў на чыгуначнай платформе ў Сцяпянцы ноччу 31 студзеня 2021 года. Міністэрства абароны спачатку назвала фэйкам падпал танка, аднак аказалася, што фэйкі – гэта заявы лукашэнкаўскіх генералаў.

Ягор Міхайлаў.
Фота: spring96.org

Хлопца судзілі па артыкуле 289 Крымінальнага кодэксу – «акт тэрарызму». Ягор атрымаў 10 год пазбаўлення волі.

Адвакат, які абараняў закон

Максім Знак быў юрыстам перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі і далучыўся да Каардынацыйнай рады ў жніўні 2020 года. Чалавек, які быў кандыдатам юрыдычных навук, вызначаўся дасканальным веданнем права і прынцыповасцю, быў арыштаваны 9 верасня.

Онлайн-трансляцыя аб рэферэндуме. Скрын

Яго асудзілі разам з Марыяй Калеснікавай у зачыненым рэжыме. Прысуд – 10 год зняволення.

Бізнесовец, які абараняўся

Аляксандра Троцкага спынілі невядомыя людзі ў масках 12 жніўня і, пагражаючы зброяй, груба загадвалі пакінуць аўтамабіль. Ратуючы сваё жыццё, ён спрабаваў ад’ехаць, пасля чаго па машыне сталі страляць.

Аляксандр Троцкі з жонкай і дачкою. Фота з сямейнага архіву

У выніку ў машыне выбілі шыбы, дасталі кіроўцу з салона і моцна збілі. Пасля абвінавацілі ў замаху на жыццё міліцыянта і асудзілі на 10 год пазбаўлення волі.

Зенітчык, што абраў барацьбу за свабоду

Юрыя Бялько кінулі за краты на 9 год па справе ад удзеле ў масавых пратэстах. Былы гадаванец Вайсковай акадэміі па спецыяльнасці «інжынер супрацьпаветранай артылерыі» быццам бы захоўваў зброю, рыхтаваўся да сілавога супраціву, а таксама абмяркоўваў падпал «табакерак».

Юрый Бялько. Крыніца spring96.org

Перад затрыманнем 37-гадовы Юрый Бялько працаваў мэнэджэрам па продажах.

Шматдзетны бацька, што абараняў моладзь

Сяргей Сікорскі працаваў памочнікам кіраўніка адной са сталічных арганізацый. У яго чацвёра дзяцей, малодшай дачцэ 4 гады. 11 жніўня ён разам з жонкай і сябрамі пайшоў на акцыю пратэсту. Там ён убачыў, як АМАП збівае бяззбройную моладзь, і абурыўся гэтым, пачаў змаганне супраць карнікаў.

Сяргей Сікорскі ў судзе. Крыніца spring96.org

Па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу «Удзел у масавых беспарадках» Сяргей атрымаў 9 год пазбаўлення волі.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў