Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 9 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

У Крыму 9 жніўня прагучала серыя выбухаў.
Фота: msk1.ru

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 167-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 42 640 чалавек забітымі. 

У гэты ж час намеснік міністра абароны ЗША Колін Каль заявіў, што з 24 лютага ва Украіне загінулі ці атрымалі раненні да 80 тысяч расейскіх вайскоўцаў. 

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь працягваюць узмоцненую ахову дзяржаўнай мяжы ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях.

Пры гэтым захоўваецца пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі. 

На сіверскім кірунку праціўнік працягвае ўтрымліваць асобныя падраздзяленні сваіх войскаў у памежных раёнах Бранскай і Курскай вобласцяў. Гэтыя сілы праводзяць дэманстрацыйныя дзеянні з мэтаю стрымання на кірунку ўкраінскіх войскаў і недапушчэння іх перакідання на іншыя ўчасткі фронту.

Таксама былі абстраляныя ваколіцы населеных пунктаў Кацярынаўка, Сярэдзіна-Буда і Мязенаўка Сумскай вобласці.

На слабажанскім кірунку акупанты працягваюць баявыя дзеянні з мэтаю ўтрымання раней занятых пазіцыяў і недапушчэння наступу з боку ЗСУ.

На харкаўскім кірунку цягам апошніх содняў расейцы абстралялі з танкаў і артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Сасноўка, Дуванка, Прудзянка, Дзяменціеўка, Пітомнік, Руская Лазавая, Чаркаскія Цішкі, Пятроўка, Байрак, Стары Салтаў, Базалееўка, Карабочкіна, Андрэееўка, Мілавое, Чугуеў і Чэпіль.

На славянскім кірунку варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Бражкаўкі, Карнавухаўкі, Сулігаўкі, Новай Дзмітраўкі, Пратапопаўкі, Адамаўкі, Заліману, Мазанаўкі і Даліны.

На краматорскім кірунку вораг здзейсніў абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Грыгораўкі, Сіверску, Верхнякаменскага, Закітнага і Івана-Дар’еўкі.

На бахмуцкім кірунку праціўнік намагаўся правесці выведку боем у ваколіцах населеных пунктаў Івана-Дар’еўка, Вясёлае, Якаўлеўка і Бахмут, але быў выяўлены ЗСУ да адступіў. Таксама няўдалай для расейцаў аказалася спроба наступу каля Зайцава.

Расейскія абстрэлы з артылерыі прыйшліся на ваколіцы населеных пунктаў Салядар, Кодзема, Белагораўка, Бахмуцкае, Выемка і Вяршына. Удары варожай авіяцыі прыйшліся на тэрыторыі каля Вяршыны, Зайцава, Дачаў, Бахмуту, Якаўлеўкі і Спірнага.

На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзілі наступальныя дзеянні ў бок населеных пунктаў Краснагораўка і Аўдзееўка, але поспеху не мелі ды адышлі на старыя пазіцыі.

Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Вадзяное, Піскі, Невельскае, Навасёлаўка, Краснагораўка і Сухая Балка. Авіяцыйныя ўдары былі нанесеныя па ваколіцах Мар’інкі, Краснагораўкі, Навасёлаўкі і Аўдзееўкі.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках цягам мінулых содняў украінскімі сіламі былі знішчаныя выведныя групы праціўніка каля Вялікай Навасёлкі і Урэмаўкі.

Акрамя гэтага былі зафіксаваныя варожыя абстрэлы каля населеных пунктаў Валадзіміраўка, Паўлаўка, Арыхаў, Шаўчэнка, Гуляйпольскае, Новаданілаўка, Сцепнагорск, Альгоўскае, Камянскае і Навасёлка.

Разам з тым застаецца напружанай сітуацыя вакол Запарожскай АЭС. Упаўнаважаны Вярхоўнай рады ў правах чалавека Дмытро Лубінец паведаміў, што Украіна даслала ў ААН і Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ) лісты з заклікам накіраваць місію бяспекі на станцыю. 

Лубінец абвінаваціў Расею ў здзяйсненні «актаў ядравага тэрарызму» у адносінах ЗАЭС і яе персаналу. Паводле яго, прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на станцыі пагражае мільёнам украінцаў і ўсяму свету.

Тым часам расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на прадстаўніка прарасейскай адміністрацыі рэгіёну Уладзіміра Рогава паведаміла, што паліцыя на акупаваных Расеяй тэрыторыях Запарожскай вобласці пачала кіравацца Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксамі РФ. Нагадаем, цяпер у рэгіёне прарасейскія сілы рыхтуюцца да правядзення «рэферэндуму» пра далучэнне да РФ.

На паўднёвабужскім кірунку акупанты засяродзіліся на ўтрыманні ўжо занятых пазіцыяў. Таксама з мэтай скавання ЗСУ яны здзейснілі абстрэлы тэрыторыяў каля населеных пунктаў Прыбужскае, Пасад-Пакроўскае, Лупарова, Украінка, Луч, Мірнае, Благадатнае, Новарасійскае, Шырокае, Партызанскае, Плотніцкае, Белагорка, Асакораўка і Князеўка.

У акваторыі Чорнага мора ў гатовасці да ўжывання высокадакладнай зброі знаходзяцца два варожыя носьбіты крылатых ракетаў марскога базавання тыпу «Калібр».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што заходнія краіны павінныя забараніць расейцам уезд на сваю тэрыторыю. Паводле Зяленскага, такая ізаляцыя расейцаў з’яўляецца адзіным спосабам паўплываць на Уладзіміра Пуціна. 

Служба бяспекі Украіны паведаміла пра затрыманне кілераў расейскіх спецслужбаў, якія рыхтаваліся да фізічнай ліквідацыі міністра абароны і кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны, а таксама вядомага ўкраінскага актывіста. Цяпер зламыснікаў падазраюць у дзяржаўнай здрадзе.

У Крыму каля пасёлку Новафёдараўка на ваенным аэрадроме «Сакі» 9 жніўня прагучалі некалькі выбухаў. Мінабароны Расеі патлумачыла здарэнне дэтанацыяй боепрыпасаў. Улады Сакскага раёну эвакуявалі з суседніх з аэрадромам дамоў каля 30 чалавек. Першапачаткова паведамлялася, што ў выніку выбухаў ніхто не пацярпеў, аднак пазней стала вядома, што пяць чалавек, у тым ліку дзіця, былі дастаўленыя ў лякарню. Пазней улады анексаванага Крыму паведамілі, што адзін чалавек загінуў.

Тым часам праваабарончы цэнтр «Вясна» праінфармаваў спецдакладчыкаў ААН з нагоды адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу людзей у Беларусі, якія выказалі антываенную пазіцыю.

Праваабаронцам вядома пра больш як 1 000 затрыманых за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць вайны і пра 32 крымінальныя справы за антываенныя актыўныя дзеянні. Аднак адзначаецца, што гэтая лічбы могуць быць няпоўнымі, бо паседжанні могуць праводзіцца ў закрытым рэжыме без абвяшчэння даты і месца судовага разгляду.

BK belsat.eu

Стужка навінаў