Цяжкія дыскусіі, мініраванне будынку, новая надзея. Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»


Канцэнтравацца на Беларусі і беларусах, якія засталіся ў краіне, шукаць магчымасці для развіцця бізнесу, будаваць лічбавую платформу, якая зробіць немагчымаю фальсіфікацыю выбараў, і дзеяць. Такія былі тэмы дыскусіяў другога дня канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.

Ужо а 8:30 удзельнікі пачынаюць падцягвацца да будынку тэатру. Зноў правяранне паводле спісаў і поўны вобшук асабістых рэчаў. На ўваходзе забіраюць парасоны, ваду і ежу тых, каго не папярэдзілі, што гэта нельга з сабою праносіць. Людзей значна меней, чым было ў першы дзень. «Хіба стаміліся», – чуецца ад кагосьці ў чарзе.

Дзень пачаўся з прамовы Святланы Ціханоўскай. Лідарка дэмакратычных сілаў нагадала, што сёння памятная дата для ўсіх беларусаў, запрасіла на мітынг, які павінен адбыцца ўвечары каля Кафедральнага сабору, і аб’явіла пачатак канферэнцыі.

Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». 9 жніўня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

«Іх трэба падтрымліваць»

Вялікі блок першай ранішняй сесіі аддалі пытанням ад прысутных у зале. Галоўныя тэмы – палітычныя вязні, захаванне сувязяў з беларусамі ў Беларусі, вайна ва Украіне і далейшыя магчымыя перамовы, адукацыя ў выгнанні, а таксама беларуская мова і культура. Спрабавалі таксама і адрэфлексаваць мінулы дзень канферэнцыі ды нагадаць, што цяпер адбываецца ў нашай краіне.

Рэпартаж
«Можа, мы ўсё зрабілі не так?..» У Вільні прайшоў першы дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.09 00:32

«Нельга цяпер засяроджвацца на тым, што вакол нас, напрыклад, у Варшаве ці Вільні. Сваю ўвагу трэба ў першую чаргу канцэнтраваць на тых, хто цяпер у Беларусі, напрыклад, як праект «Беларускі Гаюн», дзе валанцёрамі зарэгістравалася больш за 30 тысяч чалавек. Іх трэба падтрымліваць», – заявіў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай. Гэты выраз як лозунг сённяшняга дня гучаў шмат разоў.

Далей дыскусія павярнула ў бок незалежных медыяў.

«Каб СМІ пісалі тое, што патрэбна вам, не варта іх кантраляваць. Трэба працаваць для гэтага. І ніколі не варта казаць пра тое, што трэба стварыць орган кантролю над журналістамі, калі вы не хочаце назаўсёды стаць іхнымі ворагамі», – адсылаючыся на ўчорашнюю заяву Веранікі Цапкала, казалі спікеры.

У гэтым жа блоку анансавалі адукацыйны праект для дзяцей у выгнанні, дзе тыя змогуць вучыцца па-беларуску і ў беларускіх настаўнікаў. Дадаткова Франак Вячорка распавёў пра супрацу з ЕГУ ў рыхтаванні новых кадраў грамадскага і палітычнага жыцця.

«Усё завязана на ступені даверу»

Другі блок канферэнцыі пачаўся з абмеркавання беларускага бізнесу, а таксама праблемаў, з якімі ён сустракаецца. IT-прадпрымальнік Яраслаў Кот кажа, што шмат праблемаў узнікае з пачатку, нават з рэлакацыяй і пошукам на гэта грошай. Замежныя кампаніі баяцца супрацоўнічаць з беларускімі, каб не выступіць спонсарамі агрэсіі. Таксама пытанне ўзнікае ў стабільнасці беларускага бізнесу і яго верыфікацыі. Таму цяпер гэтая супраца – з рызыкай і асабістым выбарам кожнага.

Каб бізнес мог і надалей развівацца, патрэбныя задэклараваныя празрыстыя і зразумелыя правілы ды законы, а таксама фінансавая сістэма для яго падтрымання. Сёння гэтага амаль няма.

Дыскусія аб праблемах беларускага бізнесу. Злева направа: Святлана Бабінцава, Яраслаў Кот, Таццяна Зарэцкая і вядоўца Настасся Хамянкова. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

«Людзі ацэньваюць рызыкі. Таму, можна сказаць, усё завязана на ступені даверу», – кажа Яраслаў.

Некалькі разоў спікеры нагадалі, што бізнес не павінен спансараваць рэжыму.

Для замежжа рэлакацыя беларускага бізнесу – гэта вялікія магчымасці, а для Беларусі – вялікая страта.

Узнялі і пытанне пра вяртанне бізнесу ў свабодную ад рэжыму Беларусь. Для гэтага патрэбны дыялог і будаванне такой краіны ды клімату ў ёй, каб для прадпрымальнікаў гэта было прывабна. Заявы перыядычна прыпынялі плясканні ў далоні.

Пасля 14:00 другі блок абмеркаванняў перапынілі на гадзіну, бо ў будынак, дзе праходзіла канферэнцыя, патэлефанаваў ананім і паведаміў пра замініраванне. Праўда, стварыць панікі не ўдалося: людзі спакойна выйшлі з памяшкання і чакалі на вуліцы працягу канферэнцыі, успрымаючы гэты час як адпачынак ад цяжкіх размоваў.

Абноўлена
«Заклалі бомбу»: на канферэнцыі «Новая Беларусь» абвяшчалі эвакуацыю
2022.08.09 13:14

«Найлепшы блок за гэтыя два дні»

Пасля правярання будынку канферэнцыя працягнулася тэмаю «Лічбавая дэмакратыя». Ішлося пра неабходнасць стварыць платформу, пры якой грамадзянаў з пашпартоў плануецца перавесці на лічбавыя ID для стварэння бяспечнай сістэмы захоўвання звестак і далейшай верыфікацыі асобаў, занесеных у базу. Гэта ў сваю чаргу павінна дазволіць пазбавіцца фальсіфікацыяў на наступных выбарах у Беларусі. Але каб гэта працавала, самі грамадзяне мусяць актыўна карыстацца гэтымі інструментамі, што ў выніку, на меркаванні стваральніка платформы «Голас» Паўла Лібера, канчаткова прымусіць рэжым падпарадкавацца народу.

Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай: Валер Кавалеўскі, Аляксандра Логвінава, Святлана Ціханоўская, Настасся Касцюгова, Франак Вячорка, Святлана Бабінцава. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

«Бяспека для нас – прынцыповы момант. Мы нясем адказнасць за тое, каб грамадзяне былі ўпэўненыя ў тым, што яны абароненыя. Людзі павінныя разумець, што іх не будуць катаваць за ўсталяванне на тэлефоне нашай платформы. Але ініцыяваць гэта павінен сам беларускі народ», – заўважае афіцыйная прадстаўніца Беларускіх кіберпартызанаў Юліяна Шаметавец.

Людзі павінныя мець магчымасць не толькі свабодна выбіраць, але і пасля патрабаваць ад выбраных кандыдатаў справаздачаў за канкрэтныя перыяды, заўважалі спікеры. За 2-3 гады яны плануюць сабраць 500 тысяч карыстальнікаў – лічбу, якую эксперты называюць дастатковаю для рэальных пераменаў.

«Гэта найлепшы блок за гэтыя два дні! Я нават спаць больш не хачу, – скажуць пасля ўдзельнікі, якія выйшлі на перапынак надвор. – Нарэшце мы пачулі часовыя межы, лічбы і падлікі. Вельмі цікава было слухаць».

«Узаемадзеянне АГС і дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі»

Спікеры нагадалі ўсім прысутным 2020-ы год і рэзка падвышаную цікаўнасць грамадзянаў да грамадскага ды палітычнага жыцця краіны і падкрэслілі такі ж спад цяпер. Яны ўпэўненыя, што грамадскасць варта абʼядноўваць вакол нейкай ідэі і каштоўнасцяў.

«У Варшаве паўстае шмат такіх ініцыятываў, якія дапамагаюць нас узмацніць. Яны займаюцца развіццём беларускіх каштоўнасцяў, што цяпер вельмі важна ў эміграцыі», – распавядае Аліна Коўшык. Але найперш, паводле яе, варта падтрымліваць ініцыятывы ды арганізацыі, што дасюль існуюць у Беларусі. Падтрымка гэтая можа быць як грашовая, гэтак і лічбавая.

Вядоўца Уладзімір Корж, удзельнікі Аліна Коўшык, Міхаіл Рубін, Вікторыя Фёдарава, Антон Раднянкоў, Яраслаў Бекіш і вядоўца Алена Жываглод. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

Што да адукацыі ў галіне правоў, паводле Вікторыі Фёдаравай, людзі працягваюць цікавіцца гэтым і ў выгнанні, шукаючы новыя веды, каб камфортна існаваць у новых абставінах, але гэта, хутчэй, неабходнасць для кожнага ў выгнанні.

«Я адчуваю, што вакол мяне адбываецца нешта важнае, але пакуль не разумею месца грамадзянскай супольнасці ў гэтым», – раптам гучыць з залы.

Спікеры губляюцца і не ведаюць, як даць на гэтае пытанне канкрэтны адказ. Усё, што пачулі прысутныя, – пра патрэбу ў далейшай працы, супрацы і падтрыманні адно аднаго. З залы вырашылі дапамагчы:

«Галоўнае не ўваходзіць у палітычныя структуры. Інфармаванне вельмі патрэбнае, а таксама каардынацыя структураў паміж сабою, падтрымка важных ініцыятываў». Была падкрэсленая і неабходнасць умець камунікаваць. Пакуль гэтага мала.

«Як грамадзянская супольнасць мы перамаглі яшчэ ў 2020 годзе, і нам не трэба чакаць 2025-га, каб зноў нешта даказваць», – праз нейкі час кажа Яраслаў Бекіш. Зала ўзрываецца воплескамі.

«Час дзеяць»

Вынікі двухдзённай канферэнцыі ў Вільні падводзіць Святлана Ціханоўская.

«Дзякуй усім, хто з намі быў гэтыя два дні, і дзякуй тым, хто быў з намі гэтыя два гады», – пачынае палітычная лідарка. І далей абʼяўляе галоўны вынік гэтай сустрэчы – стварэнне абʼяднанага пераходнага кабінету на 6 найбліжэйшых месяцаў, а таксама яго прадстаўнікоў:

Павел Латушка – адказны за транзіт улады,

Аляксандр Азараў – адказны за аднаўленне правапарадку ў краіне,

Валер Кавалеўскі – адказны за міжнародныя справы.

А таксама новая асоба для Офісу: падпалкоўнік запасу, былы камандзір 38-й берасцейская дэсантна-штурмавой брыгады Валер Сахашчык – адказны за абарону і нацыянальную бяспеку.

Сваймі намеснікамі Святлана Ціханоўская прызначае Паўла Латушку і Валера Кавалеўскага.

Святлана Ціханоўская назвала часовых удзельнікаў кабінету на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

Пасля гучыць і заклік да ўсіх ахвочых далучыцца да супрацы, бо цяпер на гэта ўсё спатрэбіцца шмат рук. Асобная ўвага адводзіцца на запрашэнне да супрацы жанчын, бо «менавіта дзякуючы жанчынам перамены сталіся магчымыя».

Зала ўзарвалася крыкамі «Жыве Беларусь!». Заслона.

Людзі разыходзяцца са стомленымі вачыма, спрабуючы адрэфлексаваць інфармацыю за гэтыя дні і ўсвядоміць, ці сапраўды гэта дапаможа за некалькі гадоў стварыць тую Новую Беларусь, пра якую так шмат пачулі за гэтыя два дні канферэнцыі.

Hавiны
Ціханоўская створыць аб’яднаны пераходны кабінет, прызначыла чатырох часовых чальцоў
2022.08.09 17:15

Марыя Голдстэйн  belsat.eu

Стужка навінаў