Ціханоўская створыць аб’яднаны пераходны кабінет, прызначыла чатырох часовых чальцоў


Канферэнцыя «Вольная Беларусь» працягнулася 9 жніўня ў Вільні. У другі дзень прайшла сесія пытанняў і адказаў, дыскусіі пра беларускі бізнес, лічбавую дэмакратыю і грамадзянскую супольнасць.

Аляксандр Азараў, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Валерый Кавалеўскі і Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

За першы дзень абмеркавалі гарачыя тэмы: шляхі выхаду з палітычнага крызісуарганізацыю транзітнага перыядуратаванне ад эканамічнага крызісу і рэарганізацыю дэмакратычных сілаў. Папярэдне пагадзіліся на спробу стварыць альтэрнатыўны ўрад.

У другі дзень правялі тры сесіі: «Прыярытэты беларускага бізнесу», «Лічбавая дэмакратыя» і «Прыярытэты грамадзянскай супольнасці». Гарачых спрэчак на іх не было: агучылі праблемы бізнесу, расказалі пра ІТ-праекты і арганізацыю выбараў у Каардынацыйную раду, абмеркавалі стан грамадзянскай супольнасці.

Святлана Ціханоўская падвяла вынікі канферэнцыі і расказала, што вырашыла наконт прапановы стварэння альтэрнатыўнага ўраду:

«Я прыняла рашэнне стварыць аб’яднаны пераходны кабінет. Гэта калектыўны выканаўчы орган, які будзе кожны дзень працаваць на галоўныя мэты, бараніць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ажыццявіць фактычную дэакупацыю нашай краіны.

Адновіць канстытуцыйныя законнасць і парадак, распрацуе і рэалізуе захады ў спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі і створыць умовы для правядзення справядлівых і свабодных выбараў, распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных зменаў у Беларусі. І ў выніку гэтага мусяць быць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя».

Усе кандыдаты ў кабінет мусяць прайсці ўхваленне прадстаўнічага органу – у гэтым Ціханоўская разлічвае на Каардынацыйную раду. «Ідзе вайна, час дзейнічаць», – дадала яна і на 6 месяцаў прызначыла першыя кандыдатуры:

  • Лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка – прадстаўнік кабінету па транзіце ўлады;
  • Прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў – прадстаўнік кабінету па аднаўленні правапарадку;
  • Прадстаўнік Ціханоўскай, дыпламат Валерый Кавалеўскі – прадстаўнік кабінету па замежных справах;
  • Былы камандзір Берасцейскай дэсантна-штурмавой групы, які звяртаўся да вайскоўцаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і ўдзельнічаў у фармаванні полку «Пагоня», Валерый Сахашчык – прадстаўнік кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы.

У кабінеце мусяць таксама з’явіцца прадстаўнікі па сацыяльнай палітыцы, эканоміцы і фінансах, нацыянальнаму адраджэнню. Кабінет будзе пашырацца, будзе фармавацца да канца верасня, але працу пачынаюць ужо цяпер. Працягнецца і перазапуск Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органу – да 1 верасня маюць завершыць падрыхтоўку да рэарганізацыі. Яна таксама згадала, што кабінет хацеў бы большага ўдзелу жанчын.

Святлана Ціханоўская прадставіла часовых удзельнікаў кабінету на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Латушка расказаў, што будзе займацца ўзмацненнем ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і выкарыстаннем усіх магчымых рэсурсаў дзеля ціску. Ён падкрэсліў: дзверы адчыненыя для любога, хто гатовы дапамагчы думкай і справай дапамагчы ў аднаўленні закону і Канстытуцыі ў Беларусі, прыняцці новай Канстытуцыі, вяртанні дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека.

Азараў падзякаваў за давер і сказаў, што BYPOL больш як паўгода прапаноўваў стварыць такі кабінет. Ён згадаў, што для стварэння плану «Перамога» ягонай арганізацыі не патрэбны быў нейкі дазвол ці згода, яны не прасілі фінансавання, а самі яго знаходзілі. Цяпер ён спадзяецца аб’яднаць рэсурсы і высілкі з іншымі арганізацыямі.

Кавалеўскі згадаў, што з ідэяй такога кабінету прыходзілі многія людзі. Сферу міжнароднай супрацы ён назваў «адной з самых распрацаваных» у дэмакратычнай супольнасці, але дадаў: шмат што яшчэ трэба будзе зрабіць, каб вярнуцца ў вольную дэмакратычную Беларусь.

Валерый Сахашчык – «новы» ў публічным дэмакратычным руху, але вядомы ў асяроддзі сілавікоў у Беларусі і беларускіх ваяроў ва Украіне. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Сахашчык сказаў, што пачынае для сябе новы шлях у палітыцы – раней палітыкай не цікавіўся і не марыў аб кар’еры палітыка. Але расказаў, што бачыць будучую вольную Беларусь парламенцкай рэспублікай з выразным раздзяленнем галінаў улады і сістэмай стрымак і супрацьвагаў, у якой не будзе манаполіі на сродкі масавай інфармацыі. Цяпер ва Украіне, расказаў ён, ёсць некалькі падраздзяленняў беларусаў, якія гераічна ваююць, ёсць сістэмы выведкі, кіравання войскамі і сувязі, якія «апераджаюць сістэмы на ўзбраенні Рэспублікі Беларусь на некалькі пакаленняў». Сілавое рашэнне пытання вольнай Беларусі ён лічыць рэальным, хоць спадзяецца, што да гэтага не дойдзе.

Сахашчык дадаў, што перад канферэнцыяй двойчы сустракаўся з лідарам КХП БНФ Зянонам Пазняком, вёў доўгія размовы, дамовіўся расказаць яму пра вынікі канферэнцыі – а Пазняк абяцаў, што калі беларусы аб’яднаюцца ў адну сілу і перастануць сварыцца, то і ён далучыцца да агульнай каманды. «Белсат» патэлефанаваў Пазняку, каб той пракаментаваў, ці ён сапраўды падтрымаў Сахашчыка. Пазняк адказаў: «Гэта недакладная інфармацыя».

Рэпартаж
«Можа, мы ўсё зрабілі не так?..» У Вільні прайшоў першы дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.09 00:32

Арганізатары канферэнцыі прынялі некалькі дакументаў, дадала Ціханоўская. Іх апублікавалі на сайце канферэнцыі:

Ціханоўская таксама звярнулася да распрацоўніка платформы «Голас» Паўла Лібера: вельмі чакае запуску ўвосень праекту «Лічбавая Беларусь» і дапаможа зрабіць усё, каб гэта не стала праграмай толькі для дыяспары і каб запрацавалі лічбавыя ID беларусаў.

Да кастрычніка яна паабяцала расказаць, як будзе рэалізаваны план дапамогі ад Еўразвязу новай Беларусі і як цяпер ідзе заходняя дапамога, як яе атрымаць.

Да лістапада будзе прадстаўленая канцэпцыя рэформаў эканомікі і заканадаўства. Восенню таксама пройдзе форум беларускага бізнесу. У бліжэйшыя месяцы будзе сфармаваная эканамічная рада Новай Беларусі.

Упершыню прадстаўнікі дэмакратычных сілаў будуць удзельнічаць у Генеральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Будуць адкрытыя прадстаўніцтвы ў Эстоніі, Празе і Бруселі.

Што з бізнесам і выбарамі ў Каардынацыйную раду?

У другі дзень прайшлі сесія пытанняў і адказаў, дыскусіі пра беларускі бізнес, лічбавую дэмакратыю і грамадзянскую супольнасць. Гарачых спрэчак на гэтых сэсіях не было. 

Дыскусія пра праблемы беларускага бізнесу. Злева направа: Святлана Бабінцава, Яраслаў Кот, Таццяна Зарэцкая і вядоўца Анастасія Хамянкова. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Сузаснавальніца стартап-хабу «Imaguru» Анастасія Хамянкова расказала пра вынікі даследавання праблемаў беларускага бізнесу. Галоўныя праблемы назвалі такія:

  • наступствы крызісу: звужэнне рынкаў, страта кліентаў, сыход талентаў;
  • немагчымасць планавання, нявызначанасць сітуацыі, нябачанне песпектывы;
  • адсутнасць законаў у краіне;
  • імідж Беларусі на міжнароднай арэне;
  • рэлакацыя бізнесаў у іншыя краіны, доступ да фінансавання ў іншых краінах.

Яна дадала, што іншае даследаванне «Imaguru» паказала: яшчэ ў пачатку поўнамаштабнай вайны Беларусь пакінула звыш 70 % заснавальнікаў стартапаў, а хто застаўся, большасць збіралася з’ехаць.

Прадстаўнік асацыяцыі ABBA Яраслаў Кот заўважыў, што інвестары і замежныя кампаніі проста баяцца працаваць з беларускім бізнесам – не ведаюць, з кім можна працаваць, каб не стаць «спонсарам агрэсіі». Нейкай «верыфікацыі» беларускіх бізнесаў няма.

«Серыйная заснавальніца стартапаў» Таццяна Зарэцкая заўважыла, што ў Беларусі пакуль няма разумення, як краіне зарабляць грошы нават пасля таго, як улада зменіцца на дэмакратычную, няма разумення, што рабіць з вялізнымі даўгамі і гіганцкім дэфіцытам бюджэту. Тры мільярды еўра абяцаных інвестыцыяў ад Еўразвязу не пакрыюць гэтага, а інвестарам пакуль не могуць паабяцаць нечага – няма фінансавай праграмы, выразнага шляху вяртання інвестыцыяў. Няма і фінансавай сістэмы, якая магла б падтрымаць беларусаў у Беларусі і за мяжой. Мусіць быць структура, якая будзе займацца тым, як зацікавіць бізнесы, а не чакаць, што інвестары прыйдуць самі.

Удзельнікі дыскусіі пра лічбавую дэмакратыю. Злева направа: вядоўца Аляксандр Кныровіч, удзельнікі Павел Лібер, Яраслаў Ліхачэўскі, Юлія Шаметавец, Валер Кавалеўскі, Дзяніс Баранаў і Антон Нядзелька. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Павел Лібер казаў, што лічбавая прастора – гэта не пра абстрактныя лічбавыя пашпарты, а пра канкрэтную карысць беларусам. Ён прывёў у прыклад праект «Digital Solidarity» з групай узаемадапамогі і праект тэлемедыцыны «еЗдароўе». Задача не стварыць «жыццё ў лічбавай прасторы», а спрасціць фізічнае жыццё лічбавымі інструментамі.

Удзельнікі панэлі пра лічбавую дэмакратыю абмеркавалі ідэю выбараў у абноўленую Каардынацыйную раду з удзелам людзей у Беларусі, розныя каманды робяць розныя прадукты для гэтага. Прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юлія Шаметавец запэўніла: хакеры дапамогуць у запэўніванні бяспекі платформы і верыфікацыі выбарнікаў. Удзельнікі абмеркавання заўважылі, што будзе праблема набору крытычнай масы людзей.

На думку ІТ-прадпрымальніка Яраслава Ліхачэўскага, патрэбныя каля 500 тысяч ідэнтыфікаваных выбарнікаў за два-тры гады. Ён казаў, што найважнейшае пытанне – стварэнне нейкага «лічбавага ID» выбарніка, каб была схема «адзін чалавек – адзін голас», але не было адзінай базы, якую можна ўзламаць. У верасні каманда «Голасу» збіраецца запусціць ранняе тэставанне праграмы «з элементамі выбараў».

Вядоўца Уладзімір Корж, удзельнікі Аліна Коўшык, Міхаіл Рубін, Вікторыя Фёдарава, Антон Раднянкоў, Яраслаў Бекіш і вядоўца Алена Жываглод. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Дыскусія пра грамадзянскую супольнасць звялася да простай думкі: трэба не разважаць і не чакаць загаду ці дазволу «зверху», а дзейнічаць сваімі сіламі і шукаць шляхі супрацы з ужо дзейнымі ініцыятывамі. Напрыклад, дапамагаць палітвязням і іхным сем’ям, паралельна звязвацца з праваабарончымі ініцыятывамі.

Абноўлена
Пачаўся другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». Абмеркавалі Пуціна, Пракоп’ева, Цапкалу, Пазняка
2022.08.09 11:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў