Ці кантралююць у Беларусі незалежныя медыі? Што за Камісія этыкі БАЖ


Прапанова Веранікі Цапкалы кантраляваць незалежныя медыі нарабіла шуму. Але ў Беларусі шмат гадоў дзеяла камісія, якая магла сказаць: вось так пісаць не варта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 8 жніўня Вераніка Цапкала заявіла, што цяпер група актывістаў, блізкая да штабу ейнага мужа Валера Цапкалы, робіць аналіз згадак розных палітычных сілаў у беларускіх незалежных медыях. Яна казала, што «гэтак званыя» незалежныя медыі мала пішуць пра дзейнасць ейнага мужа і яе самой. У сувязі з гэтым яна прапануе стварыць камітэт кантролю над медыямі.

Ды ў Беларусі з 1995 года існуе незалежная Беларуская асацыяцыя журналістаў (у 2021-м яе фармальна зліквідавалі ўлады, але БАЖ працягвае дзейнасць). Таксама існуе праўладны Беларускі саюз журналістаў. Пры БАЖ існуе Камісія этыкі, пры БСЖ – Камітэт прафесійнай этыкі.

Значыць, кантроль за незалежнымі медыямі ёсць? Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі кажа «Белсату»: не, Камісія этыкі БАЖ – гэта не «кантроль за СМІ».

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Менск, Беларусь. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Ды Гарэцкі дадае: у дэмакратычнай Беларусі гэтая камісія магла б ператварыцца ў «камісію скаргаў на медыі». Такія камісіі і камітэты існуюць калі не ўва ўсіх, то ў большасці краінаў Еўропы, і туды любы чалавек можа накіраваць скаргу. Але ўсё гэта не дзяржаўныя структуры, а супольнасці медыйнікаў (у адрозненне ад беларускага Міністэрства інфармацыі ці расейскага «Раскамнагляду»).

«У Беларускай асацыяцыі журналістаў сапраўды да афіцыйнага пазбаўлення рэгістрацыі існавала такая камісія, усе гэтыя гады яна абсалютна паспяхова працавала, – расказвае Гарэцкі. – У адрозненне ад камітэту ў саюзе, які разглядаў на маёй памяці хіба адну адзіную скаргу».

Сапраўды, у архівах сайту БСЖ можна знайсці толькі адно рашэнне Камітэту прафесійнай этыкі: асуджэнне публікацыі блогера Антона Матолькі ў Facebook, дзе да скрыншота з сайту дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Минск-новости» былі «прыфаташопленыя» мацюкі (хоць насамрэч ішлося пра пост у Telegram-канале праекту «МотолькоПомоги»: аўтар мэмам з лаянкаю выказваў сумневы ў тым, што кагосьці пакараюць за бруд вакол будаўнічых пляцовак комплексу «Менск-Свет»).

Гарэцкі лічыць, што Камісія этыкі БАЖ была паспяховая: людзі часта звярталіся да яе (было ад двух да дзесяці скаргаў за год, таксама камісія магла сама пачаць разгляд нейкай справы), камісія разглядала звароты грунтоўна і шматбакова, слухала ўсе бакі, разгляд адной справы мог цягнуцца да месяца і выклікаць гарачыя спрэчкі. Чальцоў камісіі выбіралі на з’ездзе БАЖ звычайна на тры гады, яны працавалі як валанцёры.

Меркаванні
І толькі надпіс: «Вераніка»
2022.08.09 17:24

Гэтая камісія вырашала, напрыклад, што «Наша ніва» парушыла журналісцкую этыку, калі раскрыла імя жанчыны, якую эканаміст Сяргей Чалы згадваў у сваіх стрымах як «сваю жанчыну» і «блізкага чалавека». Або што журналісцкую этыку парушылі каналы «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги», калі апублікавалі чарнавую версію нявыдадзенага фільму «Купала». Але не абавязкова прызнавала парушэнні: не раз выносіла пастановы, што ў нейкім матэрыяле, на які скардзіліся, няма парушэнняў журналісцкай этыкі.

Даведка

«Журналіст абавязаны абараняць свабоду слова, захоўваць незалежнасць сваіх палітычных поглядаў і перакананняў. Ён павінен супрацьстаяць любым спробам скажэння інфармацыі ці ўвядзення цэнзуры. Як і любы грамадзянін, журналіст мае права на палітычныя ды іншыя перакананні і прыхільнасці. Аднак у сваёй прафесійнай дзейнасці ён павінен заставацца нейтральным і абʼектыўным».

Урывак з Кодэксу журналісцкай этыкі БАЖ

Цяпер камісія «фізічна не можа працаваць», кажа Гарэцкі. БАЖ у Беларусі фармальна зліквідавалі, за «дзейнасць ад імя зліквідаванай арганізацыі» пагражае крымінальная адказнасць (арт. 193-1 КК РБ), а камісія не можа ананімна прымаць рашэнняў пра этыку. Пакуль аўтарытэтныя журналісты не могуць браць удзелу ў камісіі пад сваймі імёнамі, дзейнасць паставілі на паўзу.

А калі камісію «здымуць з паўзы», ці здолее грамадзянін паскардзіцца туды, што нейкае выданне не піша пра нейкую палітычную сілу? Гарэцкі кажа, не: камісія разглядала публікацыі на адпаведнасць Кодэксу журналісцкай этыкі БАЖ (магла нават разглядаць допісы журналіста ў сацыяльных сетках, бо «журналіст паўсюль журналіст»).

Гарэцкі прыводзіць прыклад: калі выданне прыйшло на нейкую імпрэзу і напісала так, як там не было, дык чалавек ці юрыдычная асоба маглі звярнуцца ў камісію і паказаць, што было не так, ёсць сведкі. Тады трэба правяраць, ці было парушэнне этыкі.

«Калі медыя не напісала пра штосьці, то Камісія па этыцы не можа прымусіць выданне пра штосьці напісаць, – тлумачыць ён. – Гэта кампетэнцыя самой рэдакцыі, у гэтым і ёсць прынцып незалежнасці медыяў: калі няма такога, што палітыкі, юрасобы, культурныя дзеячы ці хтосьці іншы могуць прымусіць медыя пра штосьці напісаць».

Намеснік старшыні БАЖ перакананы: калі выданне лічыць, што яго аўдыторыі штосьці нецікава, незразумела ці непатрэбна, дык медыі немагчыма прымушаць. Але, магчыма, БАЖ можа «падказваць» медыям, пра што пісаць, і «накіроўваць» увагу?

Гарэцкі кажа, БАЖ ніколі так не рабіў, бо гэта было б няправільна, не адпавядала б самой канцэпцыі БАЖ і ідэі свабодных медыяў. Адзіным «умяшаннем» БАЖ у рэдакцыйную палітыку была дзейнасць Камісіі этыкі, якая разглядала выкананне журналісцкіх стандартаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў