Што незалежныя беларускія медыі напісалі пра пратэсты і іх герояў у другую гадавіну выбараў 2020?


Паглядзелі, як беларускія медыі асвятлялі гадавіну выбараў і паслявыбарчых пратэстаў – якія падзеі 2020 году ўзгадалі, з кім пагутарылі і пра лёсы якіх герояў тых дзён распавялі?

«Радыё Свабода» 9 жніўня прэзентавала першую частку падкасту «Красаўцы». Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га». Гэты праект расказвае пра выбарчую кампанію і тое, як сілавікі спрабавалі стрымаць народны ўздым. «Радыё Свабода» папярэджвае слухачоў, што ў падкасце прысутнічае нецэнзурная лексіка. На аўдыё можна пачуць Анатоля Котава – былога супрацоўніка Упраўлення справамі прэзідэнта, пісьменніцу Святлану Алексіевіч, Святлану Ціханоўскую, Андрэя Астаповіча – былога следчага СК, Аляксандра Азарава – былога супрацоўніка ГУБАЗіК.

Новыя часткі шасцісерыйнага падкаст-серыялу будуць выходзіць кожны аўторак.

«Наша Ніва» прыгадала гісторыю герояў пратэстаў Аляксея Курачова і ягонай дзеўчыны Марыі Строцавай. У жніўні 2020 году іхнае фота з’явілася на першай паласе беларускай «Камсамольскай праўды». Аляксей на ім ляжыць збіты, з сінімі ягадзіцамі, а дзеўчына стаіць каля яго ў белым спецадзенні. Журналісты «Нашай Нівы» звязаліся з маладзёнамі са здымка і папрасілі іх распавесці, як яны цяпер жывуць.

Вокладка «Камсамольскай праўды», жнівень 2020 году.
Фота: Наша Ніва

«Брестская газета» у матэрыяле «Увесь ІЧУ Ленінскага РАУСу да гэтага вызвалілі – рыхтаваліся». Узгадваем, як прайшло 9 жніўня 2020 году ў Берасці» падрабязна распавядае, што адбывалася ў абласным цэнтры ў дзень выбараў, а таксама пасля закрыцця выбарчых участкаў. Берасце стаў адным з беларускіх гарадоў, дзе адбыліся масавыя пратэсты, якія сілавікі жорстка разагналі. Шмат хто з удзельнікаў тых падзеяў дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

У матэрыяле «Цяпер у беларускага грамадства больш шанцаў на перамены». Што кажуць удзельнікі падзеяў 2020-га праз два гады» «Брестская газета» прыводзіць меркаванні ўдзельнікаў пратэстаў, а таксама палітычных і грамадскіх дзеячаў пра 2020 год і будучыню Беларусі.

Reform.by сабраў «Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня» – цытаты з апошніх словаў палітвязняў на судах. Сярод іншых, у матэрыяле ё запаветы Вітольда Ашурка, Віктара Бабарыкі, Кацярыны Андрэевай, Вольгі Залатар.

Пратэсты 2020 году ў Беларусі.
Фота: Белсат

Журналісты Zerkalo.io вырашылі пагутарыць пра магчымыя сцэнары разгортвання пратэстаў у 2020 годзе з нейрасеткай. У матэрыяле ў якасці аналітыка выступае нейрасетка GPT-3 і адказвае на пытанне, што было бы, калі б пратэст быў не мірным і калі б Пуцін увёў у Беларусь войскі. Разглядаюцца таксама іншыя варыянты падзеяў.

У матэрыяле «Мы былі дурнымі і наіўнымі». Маналогі чацвярых беларусаў, якія стаялі ў чэргах на ўчастках і чакалі вынікі выбараў 9 жніўня 2020 году» Zerkalo.io размаўляе з трыма хлопцамі і адной дзяўчынай пра 2020 год, як іхнае жыццё змянілася пасля і выглядае цяпер.

Гісторыі
Два гады пасля рэвалюцыі: як склаліся лёсы ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года
2022.08.09 08:30
Аналітыка
Тысячы вязняў і эмігрантаў, сотні «экстрэмістаў»: два гады пасля выбараў 2020 года ў лічбах
2022.08.09 13:56

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў