Пачаўся другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». Абмеркавалі Пуціна, Пракоп’ева, Цапкалу, Пазняка


У Вільні 8 і 9 жніўня праходзіць канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» пад лозунгам «Спыніць спрэчкі і працаваць разам». Яе ладзяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, BYPOL, каманда Віктара Бабарыкі ды іншыя.

У першы дзень канферэнцыі абмяркоўвалі шляхі выхаду з палітычнага крызісу, арганізацыю транзітнага перыяду, ратаванне ад эканамічнага крызісу і рэарганізацыю дэмакратычных сілаў. Папярэдне пагадзіліся на спробу стварыць альтэрнатыўны ўрад.

На другі дзень заяўленыя тры сесіі: «Прыярытэты беларускага бізнесу», «Лічбавая дэмакратыя» і «Прыярытэты грамадзянскай супольнасці». Пасля – падвядзенне вынікаў і ўрачыстая цырымонія ў цэнтры Вільні.

Другі дзень канферэнцыі пачаўся з сесіі пытанняў і адказаў.

Што пыталі: палітвязні, прысяга, Расея, Пракоп’еў, Пазняк, Карач і Цапкалы

Былы сілавік Ігар Макар прапанаваў стварыць орган, што будзе займацца вызваленнем палітвязняў, бо яму хацелася б займацца гэтай тэмай, а адзін са сваёй ініцыятываю ён не можа. Ціханоўская засумнявалася, ці гэта не прыніжае працу праваабарончых цэнтраў і фондаў, што ўжо рупяцца пра палітычных зняволеных і дапамагаюць іхным блізкім. Калі ініцыятыва ўжо ёсць і працуе, сказала Ціханоўская, дык мо дапамагчы прыцягнуць туды людзей, але Офіс не разумее, што значыць «дазволіць» ініцыятыве працаваць.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч, які сабраў 12 пытанняў да палітычных сілаў і агучвае іх палітыкам на «Еўрарадыё», спытаў, ці адчувае Ціханоўская сябе «адной з палітычных сілаў», ці пачуваецца выбранай лідаркай, выбранай прэзідэнткай. Ціханоўская адказала: адчувае сябе «беларускай, якая воляй лёсу ўзяла на сябе адказнасць і абавязак выканаць свой доўг перад Беларуссю, перад беларусамі», але асэнсоўвае, што галасавалі не менавіта за яе, а за «людзей, якія не дайшлі да гэтага этапу» (кандыдатамі меліся стаць зняволеныя цяпер Віктар Бабарыка і Святланін муж Сяргей Ціханоўскі, а таксама адхілены ад выбараў Валерый Цапкала). Яна дадала, што адчувае сябе нацыянальнай лідаркай, «узяла на сябе адказнасць працаваць, гатовая падзяліцца гэтай адказнасцю з тымі, хто жадае працаваць поплеч».

Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Нямеччыне Міхаіл Таўбэ адзначыў, што многія беларусы ўжо даўно за мяжою і губляюць сувязь з Радзімай, і спытаў, ці ствараецца інструмент, каб беларусы за мяжой адчувалі сувязь з людзьмі ў Беларусі. Выканаўчая дырэктарка Офісу Ціханоўскай Святлана Логвінава адказала, што інструменты развіваюцца, гэта абмяркуюць у тым ліку на сесіі пра лічбавую дэмакратыю, а з Офісам і цяпер рэгулярна стэлефаноўваюцца беларусы (і актывісты, і беларускія ініцыятывы, і нават прапагандыст Грыгорый Азаронак нядаўна тэлефанаваў). Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка дадаў, што гэта задача і для грамадзянскай супольнасці – ствараць уласныя праекты, а Офіс можа дапамагаць трэнінгамі і софтам.

Hавiны
Вераніка Цапкала хоча кантраляваць медыі, бо пра яе з мужам мала пішуць
2022.08.08 18:53

Вядоўца Каця Раецкая згадала прапанову Веранікі Цапкалы кантраляваць незалежныя медыі і апісала іншы варыянт «міністра інфармацыі»: асобу, якая б каардынавала процістаянне прапагандзе, змаганне з блакаваннем медыяў. Менеджарка Офісу Ціханоўскай у стратэгічнай камунікацыі Настасся Касцюгова адказала: задача любой дзяржавы – дапамагаць медыям развівацца, а не абмяжоўваць і кантраляваць, а прыходзіць да незалежных СМІ і загадваць, што пісаць, нельга.

Абмеркавалі і пытанне з чату: чаму ўжываюць слова «кабінет», а не «ўрад» для будучага органу – і ці пачулі ініцыятывы Вадзіма Пракоп’ева. Ціханоўская сказала, што не хоча рабіць сімвалічнай прысягі, бо ўжо два гады працуе на карысць беларускага народу. Слова «ўрад» не любіць, бо за ім мусіць ісці «ў выгнанні», а «прота-ўрад» і «прота-парламент» ёй чужыя, бо яна не хоча аналогіяў з урадам. Але дапусціла, што яе змогуць пераканаць у іншым.

Каментар
Ці будзе «Ціханоўская-каралева» і «Чэрчыл-прэм’ер»? Спыталі Офіс Ціханоўскай пра ідэі Пракоп’ева
2022.07.16 21:58

Прадстаўніца Ціханоўскай у прававых пытаннях Святлана Бабінцава адказала на пытанне з чату, чаму ў офісе толькі «тэарэтыкі і камунікацыйныя тэхнолагі», а няма «крэпкіх хазяйсцвеннікаў». Офіс, сказала яна, адкрыты, а чакаць, пакуль хтосьці іншы зробіць беларусаў шчаслівымі, кепская пазіцыя. Пытанне да тых, хто не хоча падзяліцца сваім досведам, адзначыла Бабінцава. Ціханоўская ж дадала, што запрашала многіх, ды шмат хто толькі крытыкуе, а цяперашнія «тэарэтыкі» – насамрэч «вялікія практыкі».

Пыталі і пра таго, хто дае канкрэтныя інструкцыі, але не хоча наладжваць камунікацыі: лідара КХП БНФ Зянона Пазняка. Ціханоўская згадала, што тэлефанавала Пазняку і спрабавала наладзіць кантакт. Але «калі чалавек кажа, што гатовы бачыць мяне толькі ў турме, я не бачу сэнсу ў далейшай камунікацыі», а прапановы для супрацы яго не пераконваюць. Да кампрамісаў Офіс гатовы, але не разумее, на якія кампрамісы трэба ісці.

Юлія Міцкевіч, лідарка фемгрупы Каардынацыйнай рады, паскардзілася, што адчувае «таксічную маскуліннасць» не толькі ад рэжыму Лукашэнкі – бачыла яе нават на першым дні канферэнцыі, дзе не знайшлося спікерак жаночага полу на першыя дзве панэлі. Яна спытала, ці будзе Офіс працаваць з тэмай гендарнай роўнасці. Касцюгова адказала: у Офісе жанчыны – лідарка, дырэктарка і палова кіраўнікоў аддзелаў. Яна хацела б бачыць у новым кабінеце матываваных жанчын і ў тым ліку кагосьці адказнага за гендарную роўнасць, каб не было «тусоўкі мужчынаў».

Сесія пытанняў і адказаў канферэнцыі «Новая Беларусь». Злева направа: вядоўца Катя Раецкая, удзельнікі сесіі Валер Кавалеўскі, Аляксандра Логвінава, Святлана Ціханоўская, Настасся Касцюгова, Франак Вячорка, Святлана Бабінцава. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Актывіст Міхаіл Кучараў з каманды Вольгі Карач спытаў, чаму не заяўляюць адкрыта, што «Расея наш вораг, Лукашэнка і Пуцін – тэрарысты». Бабінцава адказала: «наш вораг – не Расея, а тыя злачынцы, якія захапілі ўладу». Вячорка нагадаў, што Офіс з кастрычніка 2020 года казаў, што рэжым Лукашэнкі – тэрарыстычны, а пуцінская Расея – галоўная пагроза беларускай дзяржаўнасці. Кучараў згадаў Форум дэмакратычных сілаў Карач і Цапкалаў і паабяцаў, што той падтрымае новы кабінет, калі Ціханоўская прысягне на Канстытуцыі. Ціханоўская адказала, што Аляксандр Лукашэнка не раз клаў руку на Канстытуцыю, у тым ліку ў 2020 годзе, і працягвае парушаць гэтую Канстытуцыю, здраджвае народу. Наконт запрашэння Ціханоўскай на Форум Карач і Цапкалаў адказала Бабінцава: не трэба «прасіць разарвацца» Ціханоўскую, і калі ёсць канкрэтная праца, а не «размовы за ўсё добрае, супраць усяго кепскага», Бабінцава гатовая паехаць.

З залы спыталі, чаму пасля поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну была абвешчаная антываенная кампанія, а не антыпуцінская кааліцыя. Логвінава адказала, што Ціханоўская назвала тое, што ўжо адбылося, а не прыдумала нейкі рух: людзі выходзілі з антываеннымі лозунгамі, падпісвалі антываенныя маніфесты, ладзілі антываенныя ініцыятывы.

Яшчэ адно пытанне тычылася таго, ці грамадзянская супольнасць Офіс – або ўрад. За мяжой, адказаў Вячорка, Офіс запрашаюць не на сустрэчы з грамадзянскай супольнасцю: трэба, як належыць дзяржаўнаму органу, сустракацца з урадамі. Але дзейнасць Офісу і дэмакратычных сілаў агулам – «гэта 90 % грамадзянская супольнасць, а не палітыка», дадаў Вячорка.

Дзмітрый Васэрман са Швецыі адзначыў праблему: цяжка разумець «нададзеную вагу» розных дэмакратычных груповак і зразумець, ці рэпрэзентуюць яны вялікую групу людзей – або гэта «маргіналы, якія крычаць: пакажыце нам аўдыт». Ён спытаў, як тады фармаваць рэпрэзентацыйны орган. Ціханоўская адказала, што ў Офісе «не мераемся адсоткамі». Вячорка адказаў, што пытанне рэпрэзентатыўнасці абмяркоўвае Каардынацыйная рада, якая плануе рэфармавацца.

Hавiны
Вардамацкі: 40 % беларусаў ухваляюць дзеянні Расеі ў вайне ва Украіне, 50 % спачуваюць украінцам
2022.08.07 11:58

Пытанне з залы было і аб тым, ці Беларусь будзе часткай перамоваў пра лёс Украіны на адным баку з Украінай, «або нас пакінуць на адным баку з Расеяй», а таксама – ці будзе Офіс падтрымліваць ініцыятыву «Еўрапейскі выбар». Ціханоўская згадала, што ў 2020 годзе давялося «зноў адкрываць Беларусь для заходняга свету» і фармаваць іншае ўспрыманне Беларусі на Захадзе. Вячорка згадаў, што шмат беларусаў не хочуць выбіраць між Еўропай і Расеяй, але цяпер грамадскую свядомасць можна памяняць – і пераканаць, што еўрапейскі выбар найлепшы. Фінляндыя, згадаў ён, яшчэ нядаўна не падтрымлівала далучэння да NATO, цяпер далучаецца.

Прадстаўнік Офісу Ціханоўскай Валер Кавалеўскі дадаў: Лукашэнка не будзе за сталом перамоваў пра Украіну, бо ўкраінцы не ўспрымаюць яго як самастойнага палітыка і Лукашэнка не мае мандату размаўляць ад імя беларусаў. Задача дэмакратычных сілаў – даводзіць украінскім уладам, што іхная прысутнасць на такіх перамовах важная для ўстойлівага міру.

Павел Церашковіч з Грамадскага Балонскага камітэту спытаў, ці мае Офіс стратэгію наконт вышэйшай адукацыі за мяжой і як Офіс уяўляе сабе ролю Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Ціханоўская адказала, што значнасць тэмы разумеюць і прадстаўніцу ў адукацыі ў Офісе маюць. Логвінава анансавала праект беларускамоўнай адукацыі беларускіх дзяцей за мяжой, які запусціцца ў верасні. ЕГУ, дадала яна, гэта вялікі партнёр Офісу і паступова прапануе ўсё больш магчымасцяў у адукацыі для беларусаў, у тым ліку ў дыстанцыйнай. Вячорка нагадаў, што Офіс падтрымліваў праекты ЕГУ і бачыць, што ЕГУ мусіць рыхтаваць «кадравы рэзерв Беларусі» і быць «кузняй кадраў».

Апошнія пытанні былі ад варшаўскай дыяспары пра папулярызацыю беларускай мовы, сістэму выбараў у новы кабінет і падтрыманне палітвязняў, якія выйдуць на волю. Ціханоўская адказала: пытанні пра выбары ва ўрад будуць потым, бо перамовы трываюць. Пытанне рэабілітацыі палітвязняў прасоўваюць, але працэс ідзе цяжка, «не стае рук», каб дамовіцца з усімі краінамі, каб, напрыклад, прынялі былых палітвязняў на рэабілітацыю ў санаторыі. Пра беларускую мову Ціханоўская прызналася: яна «не найлепшы прыклад», але працуе над сабой. «Пад пугаю», дадала яна, на беларускай мове «ніхто не будзе размаўляць», «гэта мусіць быць уласны выбар».

Абноўлена
«Заклалі бомбу»: на канферэнцыі «Новая Беларусь» абвяшчалі эвакуацыю
2022.08.09 13:14

Што было ў першы дзень

Рэпартаж
«Можа, мы ўсё зрабілі не так?..» У Вільні прайшоў першы дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.09 00:32
Hавiны
На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі эканамічныя рэформы. Што трэба мяняць у першую чаргу?
2022.08.08 22:02
Hавiны
«Засталася на ўзбочыне»: Вераніка Цапкала паспрачалася са Святланай Ціханоўскай
2022.08.08 21:34
Hавiны
Вераніка Цапкала хоча кантраляваць медыі, бо пра яе з мужам мала пішуць
2022.08.08 18:53
Hавiны
Калі рэжым Лукашэнкі страціць уладу, што далей? Вось што казалі на канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.08 20:16
Hавiны
«Сістэму можа перамагчы толькі сістэма». Дэмсілы распавялі пра стратэгіі для пераадолення крызісу
2022.08.08 17:59
Hавiны
У Вільні пачалася двухдзённая канферэнцыя «Новая Беларусь». Што казала Ціханоўская падчас адкрыцця?
2022.08.08 14:46
Аналітыка
Жорсткая размова і дарожная мапа. Што чакаюць ад канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.07 16:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў