Невядомыя прадаўцы валюты з Расеі і высокія цэны. Чыннікі, што стрымліваюць курс рубля


Эканамісты і раней зазначалі, што беларуская эканоміка моцна залежыць ад расейскай. Сёлета гэтая залежнасць атрымала маштаб, якога раней не было. Курс беларускага рубля таксама залежыць ад ваганняў расейскай валюты. Прынамсі, пакуль што. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: skorchanov / pixabay.com

Падчас таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс рубля апошнія месяцы фактычна цалкам паўтарае ваганні расейскай валюты.  Гэта зусім не дзіўна, з’ява вызначаецца эканамічнай залежнасцю нашай краіны ад Расеі. Пасля пачатку вайны ва Украіне і ўвядзення санкцыяў Беларусь перабудоўвае свае эканамічныя стасункі з Захадам і пераарыентоўваецца на ўсход. У выніку расейскі рынак займае ўсё большую частку для беларускіх тавараў, а расейскае фінансаванне ўвогуле застаецца адзінай крыніцай фінансавання для нашай краіны.

«У сувязі з той ізаляцыяй, што перажывае Беларусь праз санкцыі за хаўрусніцтва ў вайне супраць Украіны, Расея, што і раней была галоўным, цяпер робіцца даміноўным гандлёвым партнёрам нашай краіны. Таму гэта натуральна, што і залежнасць на валютным рынку будзе ўмацоўвацца», – кажа Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Hавiны
Беларускі бізнес працягвае пераязджаць у Польшчу. Наколькі цяжка там адкрыць і весці сваю справу?
2022.06.30 19:24

Суразмоўца «Белсату» нагадвае, што санкцыі, прынятыя супраць Расеі, б’юць у першую чаргу па імпарце. І гэта адлюстроўваецца на ягоным скарачэнні. Разам з тым, асноўныя экспартныя тавары, а гэта нафта і газ, не трапілі пад санкцыі. Краіны Захаду ўвялі супраць энерганосьбітаў частковыя абмежаванні, кажа Кацярына Барнукова, але гэта прывяло  толькі да росту цэнаў, бо падзення экспартнай выручкі ў Расеі не адбываецца. У выніку на расейскім валютным рынку цяпер лішак замежнай валюты.

Адметна, што для расейскага валютнага рынку характэрныя істотныя ваганні цягам дня. Такой з’явы ў Беларусі няма. Але гэта дадаткова сведчыць, што даволі актыўна ў нас на рынку прысутнічае Нацбанк.

Графік курсу беларускага рубля за тыдзень. Скрыншот са старонкі myfin.by

«Рэгулятар на рынку набывае лішкі валюты. І такім чынам праз рэгуляванне аб’ёмаў валюты ён залагоджвае штодзённыя ваганні. Але насамрэч гэтыя ваганні абсалютна нармальная з’ява. Мы бачым гэта на расейскім рынку, які больш ліквідны, больш вялікі. І штодзённыя ваганні не ствараюць для яго аніякай праблемы», – кажа Кацярына Барнукова.

Графік курсу расейскага рубля за тыдзень. Скрыншот са старонкі profinance.ru

Таямнічыя гульцы з Расеі на беларускім валютным рынку

Але адсутнасць такіх істотных ваганняў на біржы – не адзінае адрозненне беларускага валютнага рынку ад расейскага. Так, напрыклад, імпарт сёлета ў нас практычна не змяніўся. Санкцыяў у гэтым аспекце не ўводзілі, а вось экспарт абмежавалі даволі моцна. Тут найперш вядзецца пра страту рынку калію, таксама мы страцілі экспартны рынак Украіны, кажа Кацярына Барнукова.

«Але варта адзначыць, што калі ў аб’ёмах экспарт падае, дык у грашовым вымярэнні падзенне і не такое вялікае, бо на сусветных рынках растуць кошты. Але нават гэта не змяншае доўгатэрміновага ціску на зніжэнне курсу беларускага рубля. У Расеі такога ціску, прынамсі менавіта цяпер, няма. І атрымліваецца, што насамрэч гэтая прывязка  курсу нашай валюты да расейскага рубля часовая», – кажа аналітык.

Аналітыка
Дэфіцыт бюджэту за два месяцы вырас амаль удвая. Наколькі гэта небяспечна для эканомікі краіны?
2022.08.02 15:52

Кацярына Барнукова адзначае, што на беларускі валютны рынак цяпер у вялікай колькасці прыходзяць нерэзідэнты, цалкам імаверна, што гэта тыя ж расейцы, якія на нашай біржы выступаюць як чыстыя прадаўцы валюты.

«Што гэта за расейцы, чаго яны шукаюць на нашым валютным рынку – зусім няясна. Магчыма, гэта нейкім чынам звязана з арбітражам – у прыватнасці, на абменных курсах. Тым не менш, гэта забяспечвае ў дастатковай колькасці для беларускага рынку прыцяканне валюты. Усё гэта стрымлівае беларускі рубель ад падзення. Але паколькі мы не ведаем крыніцаў гэтых нерэзідэнтаў, дык і не можам гаварыць, як доўга такая сітуацыя будзе працягвацца», – кажа Кацярына Барнукова.

Магчымай дэвальвацыі выключаць нельга

На думку эканамісткі, сёння нельга сказаць, што сітуацыя на беларускім валютным рынку напружаная. Але ёсць падставы меркаваць, што ў будучыні могуць рэалізавацца пэўныя рызыкі.

«У прыватнасці, могуць пайсці прэч нерэзідэнты, тады ціск на курс рубля пачне здзяйсняць замежны гандаль. І сітуацыя будзе непрадказальна развівацца, бо мы выцягваем экспарт, ён не моцна падае ў грашовым вымярэнні. Але рост цэнаў на міжнародных рынках пачынае прыпыняцца»,  – кажа экспертка.

І сапраўды, міжнародныя арганізацыі паведамляюць, што на міжнародных рынках назіраецца зніжэнне цэнаў на харчы. Гэта, кажа суразмоўца «Белсату», таксама паўплывае на беларускі экспарт. У выніку нашая краіна можа сутыкнуцца з дэвальвацыяй. Беларускі рубель у такой сітуацыі пойдзе ад прывязкі да расейскага рубля.

Аналітыка
«Як мёртваму паможа». У Мінэканомікі распавялі, як ратуюць эканоміку. У эканаміста іншая выснова
2022.08.08 08:45

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў