Федэральнае бюро расследаванняў правяло ператрус у доме Доналда Трампа ў Флорыдзе


Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што агенты Федэральнага бюро расследаванняў (FBI) правялі ператрус у ягоным маёнтку Мар-а-Лага 8 жніўня. Прычына ператрусу – сакрэтныя дакументы, нібыта забраныя Трампам з Белага дому пасля заканчэння прэзідэнцкага тэрміну, перадае «Reuters».

Дом Доналда Трампа ў Флорыдзе.
Фота: CNN

«Для нашай нацыі надышлі сапраўды цёмныя часы, раз мой цудоўны дом у рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Палм-Біч (штат Флорыда) цяпер абложаны працаўнікамі FBI, якія праводзяць у ім ператрус», – заявіў Трамп.

Таксама ён распавёў, што агенты нават узламалі ягоны сейф.

Паведамляецца, што нацыянальны архіў ЗША прасіў вярнуць 15 скрынак з дакументамі «цягам многіх месяцаў» і звярнуўся ў FBI праз імаверную пагрозу знішчэння гэтых дакументаў. «Спадар Трамп вядомы тым, што падчас свайго прэзідэнцкага тэрміну знішчаў афіцыйныя паперы, прызначаныя для захоўвання ва ўрадавых архівах», – пра гэта пісала ў лютым газета «The Washington Post».

Са словаў Трампа, яго ніхто не апавяшчаў аб ператрусе. Сам ператрус Трамп назваў «неабавязковым» і абвінаваціў FBI у парушэнні працэдураў, а «радыкальна-левых дэмакратаў» – Дэмакратычную партыю ЗША – у выкарыстанні праваахоўнай сістэмы як зброі. Ён лічыць, што дэмакраты «дужа не хочуць ягонага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года».

Рэпартаж
«Можа, мы ўсё зрабілі не так?..» У Вільні прайшоў першы дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.09 00:32

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў