Ціханоўская: Колькі б часу і сілаў ні запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі


Святлана Ціханоўская правяла ў Вільні брыфінг, прысвечаны гадавіне прэзідэнцкіх выбараў.

Ціханоўская заявіла, што год таму на выбарах 56 % беларусаў прагаласавалі за перамены.

«Усё, што адбываецца з таго часу, паказвае: у свядомасці і сэрцах беларусаў гэтыя перамены ўжо адбыліся. Адзіны, хто гэтага не разумее, гэта чалавек, які прайграў выбары. Прайшоў год. Кошт таго, як ён гвалтам утрымлівае ўладу, – вялізарны».

Яна нагадала, што цягам года больш за 36 тысяч беларусаў прайшлі праз затрыманні, 610 чалавек прызнаныя палітвязнямі, тысячы застаюцца за кратамі без віны, больш за 10 чалавек загінулі.

«Рэжым здзяйсняе злачынствы не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі… За адзін год рэжым прайшоў шлях ад нелегітымнага да тэрарыстычнага. Але нягледзячы на гэта народ супрацьстаіць яму кожны дзень», – заявіла Ціханоўская.

Паводле Ціханоўскай, беларусы засталіся непахіснымі ў сваіх мэтах. «Крызіс будзе вырашаны, калі ўсе зняволеныя па палітычных матывах выйдуць на свабоду і калі ў краіне адбудуцца новыя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным назіраннем», – падкрэсліла яна.

«Мяне часта пытаюцца: калі б тады, стоячы на ўчастку для галасавання, я ведала, што ўсё адбудзецца менавіта так, што б я змяніла? Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Я ведаю, які выбар беларусы зрабілі год таму. І я таксама зрабіла гэты выбары і ўзяла на сябе адказнасць за яго. Таму колькі б часу і сілаў ні запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі», – падсумавала яна.

Падчас брыфінгу Ціханоўская зрабіла заявы на дзвюх мовах – беларускай і англійскай.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў