Тацяна Хоміч: Гісторыя ствараецца рукамі беларусаў, а не лялькаводаў


Цягам трох гадзінаў (18:00-21:00) журналісты і госці «Белсату» падсумоўваюць вынікі года пасля выбараў.

Сярод гасцей спецвыдання – кіраўнік НАУ Павел Латушка, блогер Сцяпан Пуціла (NEXTA), рэжысёр Андрэй Курэйчык, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі, аналітык EAST Center і iSANS Андрэй Елісееў, палітык Юрась Губарэвіч ды іншыя.

«Гэта быў народны выбух. Людзей нахабна падманулі, а акрамя гэтага пачалі жорстка збіваць, расстрэльваць, таму ўсё гэта і адбылося. Не было спланаванай нейкай аперацыі, «каляровай рэвалюцыі», як любіць паўтараць Лукашэнка. Сапраўды, людзі стаміліся, што іх абманваюць, хлусяць ім на парацягу столькіх гадоў», – кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Падчас эфіру госці студыі абмяркавалі пратэсты, якія скалыхнулі Беларусь пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года, і масавыя рэпрэсіі супраць грамадства.

«Нават праз год яны не разумеюць, што ўся гэта гісторыя ствараецца рукамі беларусамі. Яны працягваюць казаць пра лялькаводаў… Марыю ды іншых абвінавачваюць, што яны рэалізоўвалі чыйсьці план. Паверыць у тое, што гэта рабілі звычайныя беларусы, рабочыя, медыкі, інжынеры, якія жывуць з намі ў суседніх кватэрах. Яны не могуць дапусціць думкі, што беларусы могуць самастойна думаць і браць адказнасць у свае рукі», – лічыць Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай.

Таксама падвялі вынікі гвалтоўнага ўтрымання ўлады Лукашэнкам (міжнародная ізаляцыя, санкцыі) і міжнародныя скандалы, у якія рэжым уцягнуў за гэты год Беларусь (самалёт «Ryanair», мігранцкі крызіс, скандал на Алімпіядзе).

«За гэты год мы здабылі сябе, як нацыю і людзей, якія салідарныя паміж сабой, якія могуць думаць не па шаблоне, а імправізаваць. Калі нас ціснуць у адным месцы, мы знойдзем выйсце, справімся з гэтым рэжымам. А самае галоўнае да пытання, ці трэба было выходзіць альбо не: калі не выходзіць цяпер – гэта значыць дараваць 610 палітвязняў, дзясяткі забітых і тысячы людзей, якія прайшлі праз прэс рэжыму. Мы павінны выходзіць, іх памятаць і за іх адпомсціць», – перакананы Сяргей Дылеўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў