Сустрэча Ціханоўскай і Байдэна, крызіс з мігрантамі на мяжы. Падзеі мінулых 2 тыдняў у карцінках


Мастак Дэ Лёс чытае навіны і ілюструе іх.

Апошнія 2 тыдні, як, уласна, і ўвесь год, выдаліся багатымі на падзеі. Мы абралі самыя асноўныя.

«Белсат» прызналі экстрэмісцкім

Сайт і сацыяльныя сеткі «Белсату» прызналі экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 27 ліпеня прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомля. Падставай для гэтага сталі матэрыялы праверкі ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці.

Ілюстрацыя: мастак Дэ Лёс

На працу нашую гэта аніяк не паўплывала – мы працягваем інфармаваць вас пра самыя актуальныя падзеі, фіксаваць тое, што адбываецца ў Беларусі.

Сустрэча з Джо Байдэнам

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Ілюстрацыя: мастак Дэ Лёс

«Стоячы ў Белага дому перад журналістамі, я спрабавала зразумець свае пачуцці пасля сустрэчы з прэзідэнтам Байдэнам. Але я тут не адна. За маёй спінаю – 36 тысяч беларусаў, якія прайшлі праз арышты і катаванні. 10 з іх – загінулі. Але ўсе яны казалі маім голасам на гэтай сустрэчы», – распавяла Ціханоўская пасля сустрэчы з кіраўніком ЗША.

Спроба вывазу Ціманоўскай у Беларусь

Бягуння Крысціна Ціманоўская абурылася, што яе паставілі на эстафету 4х400 метраў – гэта не ейная дыстанцыя. За гэта яе знялі з Алімпіяды і гвалтам спрабавалі вывезці ў Беларусь. У аэрапорце Токіа Ціманоўская звярнулася па дапамогу да паліцыянтаў. У выніку яна атрымала польскую візу і прыехала ў Варшаву.

Ілюстрацыя: мастак Дэ Лёс

Што казала Ціманоўская падчас першай прэсавай канферэнцыі, можна пачытаць тут.

Літва пачала вяртаць мігрантаў

Беларусь прывозіць з Іраку людзей і скіроўвае іх у бок літоўскай мяжы, якую яны спрабуюць нелегальна перайсці. Літва спачатку прымала мігрантаў і сяліла ў лагеры, а цяпер пачала вяртаць назад.

Ілюстрацыя: мастак Дэ Лёс

Дарэчы, Ірак спыніў рэйсы ў Беларусь, і цяпер самалёты іракскіх авіялініяў толькі вяртаюць грамадзянаў назад.

Затрыманні экспертаў

4 жніўня раніцай дома ў метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча прайшоў ператрус, цяпер спадар Мацкевіч на Акрэсціна. Таксама прыйшлі з ператрусам і да сацыёлага, каардынатаркі Лятучага ўніверсітэту Таццяны Вадалажскай, яе таксама змясцілі на Акрэсціна.

Ілюстрацыя: мастак Дэ Лёс

Сацыёлаг Аксана Шэлест і грамадскі актывіст Улад Вялічка таксама былі затрыманыя, але пазней іх адпусцілі. Мацкевіча і Вадалажскую прызналі палітычнымі вязнямі.

ВЯ belsat.eu

Стужка навінаў