Павел Латушка на акцыі салідарнасці з Беларуссю: «Надышоў наш час – вольных, незалежных»


Беларусы замежжа зладзілі маршы і акцыі салідарнасці напярэдадні гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Найбуйнейшыя з іх адбыліся ў Варшаве, Беластоку, Кіеве ды Стакгольме.

Напярэдадні гадавіны выбараў 2020 года сотні беларусаў Польшчы зладзілі марш салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве. Да іх далучыліся мясцовыя палякі ды прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Марш стартаваў ад станцыі метро «Цэнтрум» і завяршыўся каля амбасады Беларусі ў Польшчы. Па дарозе калона спынялася каля амбасадаў Расеі ды ЗША.

Анархісты на Маршы салідарнасці з Беларуссю. Варшава, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Сярод удзельнікаў шэсця былі заўважаныя беларускія палітыкі, анархісты, музыкі і звычайныя ўцекачы ад рэжыму Лукашэнкі. У маніфестацыі паўдзельнічаў і былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка, які летась пакінуў сваю пасаду, выказаўшы нязгоду з палітыкай Лукашэнкі.

Быў заўважаны і кіраўнік НАУ Павел Латушка, які звярнуўся з прамовай як да беларусаў, так і ворагаў беларушчыны:

«Ваш час сышоў, вашых інтарэсаў час сышоў. Надышоў наш час – вольных незалежных беларусаў, якія памятаюць, што такое партызаны. Так што не думайце пакінуць свае войскі на тэрыторыі Беларусі. Жыве Беларусь і будзе жыць!».

Акцыя беларускай дыяспары ў Беластоку «Лукашэнка скраў нашыя галасы». 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

У той жа дзень беларуская дыяспара Беластоку зладзіла акцыю «Лукашэнка скраў нашыя галасы». Каля трох сотняў чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, вялізным банерам, плакатамі і партрэтамі палітзняволеных ды забітых рэжымам прайшліся калонаю па цэнтральных вуліцах Беластоку.

Вялізны бел-чырвона-белы сцяг на вуліцах Беластоку. 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Каля Генеральнага консульства Беларусі ўдзельнікі акцыі правялі сімвалічнае галасаванне, якім яшчэ раз нагадалі рэжыму, што салідарныя беларусы складаюць большасць, а гвалту і беззаконню ў нашай краіне неўзабаве прыйдзе канец.

Сотні беларусаў сабраліся ўчора і ў цэнтры Кіева. Яны прайшліся маршам да амбасады нашай краіны, дзе правялі акцыю салідарнасці з Беларуссю, на якой таксама быў узгаданы і былы кіраўнік Беларускага Дому ва Украіне Віталь Шышоў.

Сваёй акцыяй мясцовыя беларусы хацелі паказаць, што іх многа, што яны свабодныя людзі і могуць ды гатовыя зрабіць многа дзеля вольнай Беларусі.

Да варотаў амбасады Беларусі быў ускладзены пахавальны вянок – сімвал таго, што рэжым Лукашэнкі неўзабаве падзе і Беларусь будзе вольнай краінай.

Пахавальны вянок Лукашэнку ад беларусаў Украіны. Кіеў, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

У Стакгольме прайшла вялікая акцыя ў падтрымку Беларусі, у якой паўдзельнічалі прадстаўнікі ўраду Швецыі.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю. Стакгольм, 8 жніўні 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Міністарка замежных справаў Ан Ліндэ у сваёй прамове ўзгадала падзеі жніўня 2020 года і заўважыла, што сфальсіфікаваныя выбары і жорсткі гвалт з боку рэжыму – гэта непрымальна.

– «Швецыя і Еўразвяз не прызнаюць перамогу Лукашэнка ў прэзідэнцкіх выбарах, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», – дадала яна.

Міністарка замежных справаў Швецыі Ан Ліндэ на акцыі салідарнасці з Беларуссю. Стакгольм, 8 жніўня 2021 года.
Фота: чытачы Белсату

Ліндэ падкрэсліла, што ўрад Швецыі сур’ёзна заклапочаны развіццём падзеяў у Беларусі, і паабяцала падтрымліваць беларускі народ надалей.

Малітва за братоў-беларусаў. Вільня, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Насупраць пасольства Беларусі ў Вільні мясцовыя вернікі правялі малебен за братоў-беларусаў. Да малітвы далучыліся мясцовыя беларусы ды неабыякавыя жыхары сталіцы Літвы.

Вялізны бел-чырвона-белы сцяг на Вэстмінтэрскім мосце падчас акцыі салідарнасці з Беларуссю. Лондан, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Маштабнай беларускай акцыі падтрымкі ў Лондане не зашкодзіў нават дождж. Яны сабраліся на Вэстмінстэрскім мосце ды расцягнулі вялізны бел-чырвона-белы сцяг. Пасля гэтага з прамовамі выступілі прадстаўнікі мясцовай беларускай інтэлігенцыі, якія нагадалі, што з моманту выбараў прайшоў год, аднак яны не забыліся, што ў беларусаў скралі галасы. Выступоўцы паабяцалі не спыняцца і весці актыўную барацьбу з дыктатурай разам і да перамогі.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю. Манчэстэр, 7 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Акцыі беларусаў прайшлі і ў іншых гарадах Вялікай Брытаніі – сваю салідарнасць таксама выказалі жыхары Эдынбургу і Манчэстэру.

Беларусы ЗША салідарныя з Беларуссю. Остын, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Падтрымку вольным беларусам выказалі і за акіянам. Па ўсёй Амерыцы зладзілі сумесны перформанс, арганізаваны Association of Belarusians in America (ABA).

Аўта-мота прабег беларусаў Каліфорніі каля Сіці Хола. Сан-Францыска, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Беларусы з розных гарадоў ЗША адзначылі гадавіну выбараў і пачатак Рэвалюцыі Яднання, зладзіўшы ланцугі салідарнасці ды аўтапрабегі.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Канадзе, да якой далучыліся прадстаўнікі мясцовай кубінскай дыяспары. Эдмантан, 8 жніўня 2021 года.
Фота: Чытачы Белсату

Падобныя акцыі і ў гарадах Канады, у якіх прысутнічае беларуская меншасць.

Віцька Кавалак belsat.eu

Стужка навінаў