Гадавіна выбараў, чарговыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Галоўнае за 9 жніўня


Роўна год таму 9 жніўня ў нашай краіне распачаўся востры палітычны крызіс. Беларусы зрабілі свой выбар падчас галасавання, але ўлады адказалі фальсіфікацыямі і жорсткім гвалтам. «Белсат» падводзіць вынікі 366-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Палітыкі звярнуліся да беларусаў з нагоды гадавіны выбараў

Святлана Ціханоўская зладзіла ў Вільні брыфінг, прысвечаны гадавіне прэзідэнцкіх выбараў. Яна заявіла, што год таму на выбарах 56 % беларусаў прагаласавалі за перамены.

«Усё, што адбываецца з таго часу, паказвае: у свядомасці і сэрцах беларусаў гэтыя перамены ўжо адбыліся. Адзіны, хто гэтага не разумее, гэта чалавек, які прайграў выбары. Прайшоў год. Кошт таго, як ён гвалтам утрымлівае ўладу, – вялізарны».

Святлана Ціханоўская на прэм’еры фільму «Кураж» беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна на кінафестывалі Берлінале. Берлін, Нямеччына. 11 чэрвеня 2021 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Яна нагадала, што цягам года больш за 36 тысяч беларусаў прайшлі праз затрыманні, 610 чалавек прызнаныя палітвязнямі, тысячы застаюцца за кратамі без віны, больш за 10 чалавек загінулі.

«Рэжым здзяйсняе злачынствы не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі… За адзін год рэжым прайшоў шлях ад нелегітымнага да тэрарыстычнага. Але нягледзячы на гэта народ супрацьстаіць яму кожны дзень», – заявіла Ціханоўская.

Hавiны
Ціханоўская: Колькі б часу і сілаў ні запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі
2021.08.09 13:32

Палітвязні Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі, якія ўжо больш за год застаюцца за кратамі, перадалі кароткія пасланні да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пра гэта піша «Наша Ніва».

Сяргей Ціханоўскі: Ідзіце да перамогі!

Блогер Сяргей Ціханоўскі, Страна для жизни

Цяпер Сяргея Ціханоўскага трымаюць у гомельскім СІЗА, дзе ў закрытым рэжыме праходзіць суд.

«Праз нежаданне расстацца з уладай у Беларусі цалкам разгромлена свабода выказваць сваё меркаванне, свабода сходаў, свабода атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, страчаныя незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі, законнасць і давер да праваахоўнай і судовай сістэмы, – перадае Ціханоўскі з-за кратаў. – Але беларусы здабылі салідарнасць і ўпершыню адчулі сябе нацыяй, убачылі велізарную падтрымку за мяжой. Па сутнасці, ідзе агульнапланетарная рэкламная кампанія Беларусі.

Пасля перамогі дэмакратыі, якая непазбежная, мы зможам гэтую сусветную вядомасць выкарыстоўваць для дынамічнага развіцця дзяржавы, кажу гэта як рэкламшчык з 15-гадовым стажам. Ідзіце да перамогі!» – цытуе Ціханоўскага «Наша Ніва».

Віктар Бабарыка: Я ніколі не хацеў застацца і жыць у Беларусі так, як хачу гэтага цяпер

Віктар Бабарыка.
Фота: vmeste.party/by

Віктар Бабарыка перадаў пасланне з наваполацкай калоніі, куды яго этапавалі пасля таго, як быў прысуджаны да 14 гадоў зняволення.

«Я ніколі не хацеў застацца і жыць у Беларусі так, як хачу гэтага цяпер, – кажа палітвязень. – І хоць з 18 чэрвеня мінулага года (дзень, калі Бабарыку затрымалі сілавікі. – belsat.eu) я не бачыў краіны, разумею: вобраз будучай Беларусі, які ёсць у мяне ў галаве, падзяляюць вельмі шмат людзей».

Чарговыя санкцыі

ЗША, Канада і Вялікая Брытанія пашырылі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Брытанія ўвяла эканамічныя санкцыі супраць калійнай галіны і галіны нафтапрадуктаў, забараняе набыццё беларускіх каштоўных папераў і выдачу крэдытаў. Таксама накладваюцца абмежаванні на тавары, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці цыгарэт.

Лондан уводзіць санкцыі ў авіяцыйнай галіне: забараняе пералёты або пасадкі беларускіх авіяперавозцаў, а таксама тэхнічную дапамогу парку элітных самалётаў, якімі карыстаецца Лукашэнка.

Акрамя таго, Вялікая Брытанія ўводзіць санкцыі супраць сябра Лукашэнкі, расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Нагадаем, у чэрвені санкцыі супраць яго зацвердзіў Еўразвяз.

Hавiны
Вялікая Брытанія ўводзіць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.09 16:05

Сярод фізічных асоб, якія трапілі пад амерыканскія санкцыі: Аляксей Алексін, Мікалай Варабей, Алег Гайдукевіч, Дзмітрый Гара, Генадзь Давыдзька, Ігар Ляшэнка, Нябойша Карыч і іншыя.

Сярод юрыдычных асоб: НАК РБ, «Беларуськалій», «Абсалютбанк», «Dana Holdings», «Энерга-Ойл», тытунёвая фабрыка «Нёман» і іншыя.

Поўны спіс тут.

Санкцыі ЗША.
Фота: «РИА Новости»
Hавiны
ЗША ўзмоцняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.09 17:48

Новыя абмежавальныя захады МЗС Канады закрануць ключавыя галіны беларускай эканомікі і звядуць да мінімуму доступ беларускіх суб’ектаў да міжнародных фінансаў. Пад санкцыі патрапяць абаротныя каштоўныя паперы і інструменты грашовага рынку, пазыковае фінансаванне, страхаванне і перастрахаванне, нафтапрадукты і хларыд калію.

Hавiны
Канада ўвяла дадатковыя санкцыі з нагоды першай гадавіны фальшавання прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
2021.08.09 19:00

Zerkalo.io хочуць прызнаць экстрэмісцкім

МУС вырашыла дапоўніць пазоў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі парталу TUT.by і яго сацсетак экстрэмісцкімі матэрыяламі. Цяпер МУС хоча, каб экстрэмісцкім рэсурсам прызналі і выданне Zerkalo.io, створанае часткай каманды TUT.by.

Якія менавіта матэрыялы Zerkalo.io выклікалі прэтэнзіі ў МУС, пакуль невядома.

Таксама МУС просіць прызнаць экстрэмісцкімі лагатыпы (лічбавыя вадзяныя знакі) TUT.by і Zerkalo.

Hавiны
Zerkalo.io хочуць прызнаць экстрэмісцкім рэсурсам
2021.08.09 14:48

Улады ліквідавалі Беларускі ПЭН-цэнтр

Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру. Позву аб пазбаўленні рэгістрацыі ў суд накіравала Міністэрства юстыцыі, паведамляе арганізацыя.

Рашэнне аб афіцыйнай ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру прыняла суддзя Вярхоўнага суда Ганна Сакалоўская. Прадстаўніком Міністэрства юстыцыі на судзе выступіў Печкуроў, пракурорка – Кавальчук.

Беларускі ПЭН-цэнтр аб’ядноўваў прафесійных літаратараў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, журналістаў, блогераў. Узначальвала арганізацыю нобэлеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, яе намесніцай зʼяўлялася пісьменніца Таццяна Нядбай.

БАЖ апублікаваў статыстыку па рэпрэсіях у медыясферы

Цягам 12 месяцаў, 9 жніўня 2020 года, журналісцкая супольнасць Беларусі перажыла небывалыя рэпрэсіі.

Затрыманняў журналістаў за год – 497

Фактаў гвалту і раненняў журналістаў – 68

Адміністратыўных арыштаў журналістаў – 119

На дадзены момант у няволі – 29 прадстаўнікоў медыяў

Прадстаўнікоў медыяў пад крымінальным пераследам – ​​больш за 50 чалавек

Ператрусы і агляды ў журналістаў і ў рэдакцыях – 135

Заблакаваны доступ да грамадска-палітычных і сайтаў медыя – больш за 100

Выданні, вымушаныя спыніць выпуск – 10.

Артыкулы
Амаль паўтысячы затрыманняў. БАЖ апублікаваў статыстыку па рэпрэсіях у медыясферы
2021.08.09 09:45

Беларусь стала закладнікам Лукашэнкі

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас выступіў з заявай у гадавіну сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і пачатку пратэстаў у Беларусі. Пра гэта паведамляе DW.

Міністр заявіў, што выбары, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году, «сталі паваротным пунктам». Паводле яго, сёння ўся краіна «знаходзіцца ў закладніках» у Аляксандра Лукашэнкі.

«Дзяржаўная ўлада, якая накіравана на тое, каб кінуць у турму дзясяткі тысяч уласных грамадзянаў за ўдзел у мірных пратэстах, катаваць іх і прымушаць пакінуць краіну, страчвае ўсялякую палітычную і маральную легітымнасць», – падкрэсліў ён.

Аб’ектыў
Як «свята дэмакратыі» пераўтварылася ў самы доўгатэрміновы пратэст у гісторыі Беларусі
2021.08.09 23:15

СК belsat.eu

Стужка навінаў