Былы суддзя Аляксей Пацко: Я выбраў застацца чалавекам


У жывым эфіры «Белсату» былы пінскі суддзя Аляксей Пацко адказаў на пытанні Сяргея Падсасоннага.

Цалкам знішчаная судовая сістэмы, вы з яе сышлі, былі вымушаныя выехаць. Хіба не шкадуеце таго, што зрабілі?

Я не шкадую, шкадаваць няма ніякага сэнсу. Сістэма ставіла перад усімі пытанне. Яно было даволі простае. Альбо ты застаешся чалавека, альбо застаешся ў сістэме. Мне падалося, я выбраў застацца чалавекам.

Вельмі шмат суддзяў, можа нават большасць засталіся ў сістэме і выносяць абвінаваўчыя выракі для актывістаў, журналістаў, шараговых грамадзянаў, якія ішлі ў краму за хлебам. Што сказаць гэтым гэтак званым суддзям?

Натуральна кожны вырашае для сябе, зыходзячы са сваіх перакананняў і каштоўнасцяў. Кожны глядзіць на свае абставіны. Нехта проста сышоў з сістэмы, нехта, як я, цяжка сышоў з сістэмы. Нехта ў межах сістэмы так альбо інакш ухіляецца ад нейкіх палітычна-матываваных рашэнняў, а нехта бачыць магчымасці для кар’ернага росту альбо магчымасці. Кожны думае пра будучае і робіць свой выбар.

Ведаючы, як працуе сістэма, можна ім толькі паспачуваць. Тое, што яны робяць, нельга назваць эталонам шчырай і справядлівай сумленнай працы. Яны вельмі добра гэта бачаць.

Гэта бачаць тыя твары, якія ўдзельнічаюць у судовых паседжаннях на баку абвінавачвання, якія ўвесь час намагаюцца схаваць сваю асобу, закрыць судовыя паседжанні, максімальна прыняць меры, каб не выйшла інфармацыя ў грамадства. Гэта кажа пра тое, што яны не адчуваюць за сабой праваты, грамадскай падтрымкі і сыходзяць у цень альбо паўцень.

Аляксей Пацко звольніўся з суду ў жніўні 2020 года. У адным з інтэр’ю ён казаў, што прыняў такое рашэнне яшчэ да выбараў – 6 жніўня. Прычынай стала палітычная абстаноўка ў краіне.Пацко не хацеў разглядаць справы паводле артыкула 23.34.

belsat.eu

Стужка навінаў