Пратэсты на Шры-Ланцы: прэзідэнт можа пайсці ў адстаўку 13 ліпеня


Прэзідэнт Шры-Ланкі Готабая Раджапакша мусіць пайсці ў адстаўку 13 ліпеня. Пра гэта паведамляе выданне «Newswire».

Прэзідэнт Шры-Ланкі.
Фота: president.gov.lk

9 ліпеня тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы Колёмба з патрабаваннем адстаўкі дзейнага кіраўніка краіны. Яны ўвайшлі ў галоўны будынак ягонай рэзідэнцыі, паліцыя спыніць іх не здолела. Таксама ўдзельнікі акцыяў пратэсту трапілі на тэрыторыю рэзідэнцыі прэм’ер-міністра і падпалілі ўрадавы будынак.

Газета «The Print» паведаміла, што колькасць параненых і пацярпелых падчас сутыкненняў у Шры-Ланцы дасягнула 45.

Прэмʼер-міністр Шры-Ланкі Раніл Вікрамасінгхе склікаў пільную нараду лідараў партыяў, якія пастанавілі, што кіраўнік дзяржавы мусіць пайсці ў адстаўку 13 ліпеня. Прэм’ер таксама заявіў, што пакіне сваю пасаду, а новы ўрад з удзелам прадстаўнікоў усіх партыяў будзе сфармаваны адразу ж пасля сыходу цяперашняга кабінету. Таксама на нарадзе пастанавілі правесці выбары найбліжэйшым часам.

Таксама свае пасады пакінулі міністр сродкаў масавай інфармацыі, транспарту і магістраляў ды кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Шры-Ланкі.

Дзе прэзідэнт цяпер, невядома.

Hавiны
У Шры-Ланцы пратэстоўцы ўзялі штурмам рэзідэнцыю прэзідэнта
2022.07.09 12:35

Масавыя акцыі пратэсту супраць пагаршэння ўмоваў жыцця пачаліся ў красавіку. Крызіс выкліканы скарачэннем замежнага турызму праз пандэмію, што прывяло да недахопу валютных рэзерваў. Улады мусілі ўвесці строгую эканомію рэсурсаў і скараціць імпарт.

Шры-Ланка адчувае сурʼёзны недахоп замежнай валюты, паліва і нафтапрадуктаў, угнаенняў, харчоў, медыкаментаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў