Лёс Цэзара ў нашыя дні: самыя вядомыя забойствы кіраўнікоў краінаў за апошнія 200 гадоў


Экс-прэмʼер Японіі Сіндзо Абэ памёр ад атрыманых раненняў 8 ліпеня. Нападнік двойчы стрэліў у яго са зброі, якая нагадвала двурульны драбавік. Згодна з папярэднімі звесткамі, матывам забойства была меркаваная сувязь экс-прэмʼера Японіі з нейкай рэлігійнай арганізацыяй.

Нацыянальных лідараў, былых ці дзейных, забіваюць не так часта. Аднак былі палітычныя забойствы, якія сапраўды зрабіліся знакавымі ці мелі пэўныя незвычайныя рысы. Прапануем вам свой варыянт гэтага сумнага рэйтынгу.

Чалавек моліцца побач з кветкамі, ускладзенымі на месцы, дзе былы прэмʼер-міністр Японіі Сіндзо Абэ быў застрэлены падчас агітацыі на парламенцкіх выбарах.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Няшчасны імператар

Расейскі імператар Павел І быў супярэчлівай асобай – выбухны характар, схільнасць да жорсткіх рашэнняў, пры гэтым імкненне быць справядлівым, змякчыць лёс прыгонных сялянаў, быць літасцівым да паўстанцаў з Польшчы, Літвы і Беларусі, перамагчы карупцыю, якая расквітнела ў апошнія 10–20 гадоў кіравання ягонай маці Кацярыны ІІ.

Павел І адведвае зняволенага Тадэвуша Касцюшку. Карціна Аляксандра Арлоўскага

У выніку змоўнікі з найбольш набліжаных да імператара колаў у ноч на 23 сакавіка 1801 года ўварваліся ў пакоі імператара і спрабавалі прымусіць яго да адрачэння. Павел надаў супраціў, пасля чаго змоўнікі яго забілі.

Пра змову ведаў старэйшы сын Паўла – Аляксандр. Паводле некаторых звестак, ён даў згоду на пераварот, але не на забойства бацькі. Аднак ён ніяк не пакараў забойцаў пасля каранацыі. Афіцыйнаю прычынаю смерці імператара Паўла назвалі апаплексічны ўдар, але ўсе адукаваныя людзі ў Еўропе і Расеі ведалі, што адбылося насамрэч.

Гэтая смерць прывяла да заняпаду праекту французска-расейскага саюзу і была адною з важных прычынаў будучых крывавых войнаў у Еўропе.

Сапраўдны рэспубліканец

Абрагам Лінкальн быў абраны прэзідэнтам ЗША ад Рэспубліканскай партыі ў 1861 годзе, і ягоная перамога паслужыла для прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі ў паўднёвых штатах краіны нагодаю для сепаратызму – было абвешчанае стварэнне Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі (КША). Пачалася Грамадзянская вайна.

Рэч у тым, што эканамічны дабрабыт паўднёвых штатаў быў звязаны з плантацыямі бавоўны і нявольнікамі, якія іх апрацоўвалі, а Рэспубліканская партыя выступала як мінімум за абмежаванне, а ў перспектыве і за адмену рабства. У выніку нявольніцтва было адмененае ўжо ў выніку вайны, перамога ў якой была здабытая ў значнай ступені дзякуючы кіраўніцтву Лінкальна.

У апошнія дні вайны актор і выведнік КША Джон Бут зайшоў у тэатральную ложу, дзе быў Лінкальн, і стрэліў яму ў патыліцу, пасля чаго нават змог уцячы з месца злачынства. Яго знайшлі праз два тыдні і забілі пры затрыманні, калі Бут адмовіўся здацца.

Забойства Лінкальна, магчыма, прывяло да запавольвання надання вызваленым рабам поўных грамадзянскіх правоў, бо віцэ-прэзідэнт ЗША Джонсан бачыў патрэбу хутчэй залагоджваць былых ворагаў з ліку канфедэратаў, а не праводзіць рэформы на карысць нявольнікаў.

Цікава, што забойства адбылося 14 красавіка 1865 года – праз некалькі гадзінаў пасля таго, як Лінкальн падпісаў загад пра стварэнне Сакрэтнай службы ЗША, асноўнай задачай якой ёсць ахова прэзідэнта.

Ад сербскага караля да аўстрыйскага прынца

Александар І Абрэнавіч быў сербскім каралём з 1889 года, калі ягоны бацька Мілан І адрокся ад прастолу. Сітуацыя ў краіне была неспакойнай – партыі і палітычныя групоўкі жорстка змагаліся паміж сабою, кароль і ягоны бацька стараліся перагледзець канстытуцыю, каб павялічыць свае паўнамоцтвы.

Акрамя таго ў Сербіі вельмі моцны ўплыў мела Расея, якая актыўна ўмешвалася ва ўнутраную палітыку. Паступова палітыка Абрэнавічаў дрэйфавала ў бок супрацы з Аўстра-Вугоршчынаю, што не падабалася Расеі.

Даведка
Кароль Александар І і каралева Драга. Крыніца wikipedia.org

У выніку ў 1903 годзе вайсковая тэрарыстычная арганізацыя сербскіх шавіністаў «Чорная рука» арганізавала пераварот супраць Абрэнавічаў. Ноччу з 28 на 29 траўня змоўнікі ўварваліся ў каралеўскі палац, забілі караля, каралеву, двух братоў каралевы, прэмʼер-міністра і міністра абароны. На целе караля потым налічылі 6 кулявых раненняў і 40 шабельных удараў. Вельмі жорстка была забітая і каралева.

На чале краіны стала прарасейская дынастыя Караджорджэвічаў. Кіраўніком «Чорнай рукі» быў Новак Перэшыч, расейскі платны агент. У 1914 годзе «Чорная рука» дасць зброю студэнту Гаўрылу Прынцыпу, які забʼе ў Сараева аўстрыйскага прынца Франца Фэрдынанда, што стане кропкай адліку Першай сусветнай вайны.

Камуністы ў Афганістане – ад забойстваў да вайны

Афганістан дзясяткі гадоў пасля Другой сусветнай вайны быў сябрам СССР, што пры манархіі, што пасля ўсталявання ў краіне рэспублікі. Аднак гэта не замінала савецкім спецслужбам удзельнічаць у цэлай серыі забойстваў лідараў гэтай краіны.

У 1978 годзе пры падтрыманні КГБ СССР пракамуністычная Народна-дэмакратычная партыя Афганістану (НДПА) учыніла крывавы пераварот – быў забіты першы прэзідэнт краіны Дауд Хан і большасць ягонай сямʼі. Паводле некаторых звестак, пры перавароце загінула да 2000 чалавек.

Камуністы адразу разгарнулі жорсткія рэпрэсіі супраць апазіцыі, а таксама пачалі грызціся паміж сабою. Чарговыя непапулярныя рэформы выклікалі гвалтоўныя акцыі супраціву то ў адной частцы Афганістану, то ў іншай. Паступова пачалася грамадзянская вайна, якая фактычна цягнецца дагэтуль.

У верасні 1979 года кіраўніка НДПА Нура Мугамада Таракі, якога партыйная прэса ўжо абвесціла «вялікім лідарам і настаўнікам», забіў іншы камуніст – Хафізула Амін. Палітыка Аміна таксама хутка перастала задавальняць Маскву. І неўзабаве Крэмль паставіў на іншага чалавека – Бабрака Кармаля. Але Кармаля трэба было яшчэ паставіць на чале краіны.

Савецкі жаўнер у Афганістане.
Фота: А. Соломонов / РИА Новости

Спачатку КГБ паспрабаваў атруціць Аміна, аднак ён выжыў, таму прынялі рашэнне ўзяць ягоны палац штурмам – 27 снежня 1979 года адбылася аперацыя «Шторм-333», у якой удзельнічалі спецыяльныя падраздзяленні КГБ СССР і Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштабу СССР, а таксама савецкія дэсантнікі са 105-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Амін і двое ягоных сыноў, каля 200 афганскіх жаўнераў і афіцэраў былі забітыя. Пасля гэтага Кармаля ў самалёце прывезлі ў Кабул з Масквы.

Для СССР пачалася сумна вядомая Афганская вайна, у якой загінуць 789 беларусаў, а 12 беларусаў знікнуць без вестак.

Кедравая рэвалюцыя – рэакцыя на тэрор

У лютым 2005 года ліванскі экс-прэмʼер Рафік Харыры быў забіты ў выніку магутнага выбуху ў Бэйруце. У той час Ліван ужо 30 гадоў быў пад фактычным ваенным кантролем Сірыі і яе ўнутрыліванскіх хаўруснікаў – перш за ўсё шыіцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Хізбула». Пад кантролем сірыйцаў і прасірыйскіх сілаў была значная частка ліванскіх дзяржаўных структураў.

Харыры быў у канфлікце з сірыйскім кіраўніцтвам, таму большасць сірыйцаў палічыла, што менавіта Дамаск і «Хізбула» вінаватыя ў забойстве. Раней адбыліся спробы забойства і іншых антысірыйскіх палітыкаў.

Забойства Харыры, які пакінуў пост прэмʼера ўсяго за некалькі месяцаў за сваёй смерці, выклікала працяглыя масавыя акцыі пратэсту ў Ліване супраць прысутнасці ў краіне войскаў Сірыі, а таксама супраць прасірыйскіх сілаў ва ўрадзе. Сотні тысячаў пратэстоўцаў выходзілі на вуліцы ў краіне з насельніцтвам каля 6 млн чалавек.

Аматарскае відэа пра Кедравую рэвалюцыю. Крыніца Steven Saikaly

Лозунгам пратэстаў зрабіліся словы «Свабода, суверэнітэт, незалежнасць», а сімвалам – нацыянальны сцяг з выяваю ліванскага кедра. У выніку падзеі пачалі называць Кедравай рэвалюцыяй. З іншага боку, «Хізбула» ўсё ж такі засталася магутнай сілай у ліванскай палітыцы і захавала свае ўзброеныя фармаванні, справакаваўшы ў 2006 годзе 34-дзённую вайну з Ізраілем.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў