Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 8 ліпеня


Штодня ў Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя суды і затрыманні. «Белсат» прыводзіць агляд хронікі рэпрэсіяў за пятніцу, 8 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Саша Мінько / mspring.media

Сёння стала вядома, што затрыманы стрыечны брат байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Парфянкова, які імаверна загінуў ва Украіне. Яму прысудзілі 15 содняў арышту. Пасля таго, як стала вядома, што Васіль загінуў пад Лісічанскам, на працы кіраўніцтву Сяргея паведамілі, што ён «нядобранадзейны» элемент, бо ў ягоны брат ваяваў на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі.

8 ліпеня Сяргей пайшоў у міліцыю, куды яго выклікалі на размову, і пасля гэтага сувязь з ім знікла. Позна ўвечары сваякам сказалі, што яго адпусцілі, але дадому ён не прыйшоў. 9 ліпеня стала вядома, што Сяргей арыштаваны.

Таксама з’явілася інфармацыя, што затрыманы напярэдадні загадчык лабараторыі генетычных біятэхналогіяў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Аляксандр Мялешка атрымаў 10 содняў арышту і зараз знаходзіцца на Акрэсціна.

А вось лекарку гэтага ж РНПЦ Юлію Жаранкову апыталі ў якасці сведкі, а пасля адпусцілі – яна начавала ўдома.

Ціск на палітвязняў

Працягваецца і ціск на тых палітвязняў, што ўжо знаходзяцца за кратамі. Гэтак, палітвязня з Кобрыну Віталя Жука, якога асудзілі на 1,5 года калоніі за каментар пра Лукашэнку, адправілі ў ПКТ на 5 месяцаў. Перад гэтым адміністрацыя бабруйскай калоніі яго тройчы за месяц змяшчала ў штрафны ізалятар.

А палітвязня Мікіту Емяльянава па прыбыцці ў папраўчую калонію № 11 змясцілі ў ШІЗА агулам на 18 содняў. Акрамя гэтага, яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, канфіскавалі 22 кнігі, машынку для стрыжкі і згушчанку. Прычыны спагнанняў невядомыя.

У ваўкавыскай калоніі Мікіта знаходзіцца з 13 чэрвеня. Са жніўня 2021 года Мікіту змяшчалі ў карцар або ШІЗА агулам больш, чым на сем месяцаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў