КДБ заявіў пра «шырокамаштабную зачыстку ад радыкальна настроеных». Вынікі нападу на прэсу і актывістаў


За 8 ліпеня сілавыя органы правялі маштабны напад на незалежныя выданні Беларусі. Камітэт дзяржаўнай бяспекі тым часам распавядае пра аперацыю супраць «удзельнікаў радыкальных чатаў».

Ілюстрацыйнае фота. Тэлеграм-канал «Нашай нівы». Менск, Беларусь. 28 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Цягам 8 ліпеня ператрусы прайшлі ў наступных выданнях:

  • «Наша ніва»;
  • «Брестская газета»;
  • «Intex-press» (Баранавічы);
  • Orsha.eu;
  • «Медиа-Полесье» (Пінск – Лунінец – Столін) у «справе акту тэрарызму».

Ператрусы правялі таксама ў:

  • галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча, рэдактара Андрэя Скурка і работнікаў бухгалтэрыі;
  • колішняга галоўнага рэдактара «Нашай нівы», а цяпер галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынька;
  • журналісткі Bobr.by Алесі Лацінскай;
  • віцебскага журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча;
  • фатографа Orsha.eu Дзяніса Дубкова;
  • берасцейскай актывісткі Аляксандры Гаўрусік;
  • віцебскага актывіста Мікалая Качурца;
  • гомельскага валанцёра Іллі Міронава;
  • актывістаў з Глыбокага Аляксандра Шарабайкі і Вольгі Лапаткі;
  • у Докшыцах – у настаўніка Арцёма Стадольніка і былога следчага Юрыя Мацеюна;
  • шэрагу светлагорскіх актывістаў.

Рэдактара берасцейскага сайту «Першы рэгіён» Алега Супрунюка аштрафавалі на 500 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ператрус у віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава не чынілі, аднак у ягонай маці забралі тэлефон.

Затрыманыя:

  • У справе аб масавых беспарадках – Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Андрэй Дынько і галоўная бухгалтарка «Нашай нівы» Вольга Раковіч. Яны цяпер у ізалятары на Акрэсціна, затрыманыя на 72 гадзіны.
  • У справе аб псаванні будынкаў надпісамі палітычнага характару – рэдактар аршанскага сайту Orsha.eu Ігар Казмерчак.
  • У справе аб абразе прадстаўніка ўлады дапыталі ў Следчым камітэце і затрымалі журналіста-фрылансера Віталя Скрыля з Віцебску.
  • З невядомай прычыны (магчыма, у справе аб абразе прадстаўніка ўлады) – глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач, па яго прыехалі ў санаторый.
  • З невядомай прычыны, «звязанай з тэрарызмам», – гомельскі палітык і грамадскі дзеяч Васіль Палякоў.
  • З невядомай прычыны ў Докшыцах – настаўнік Арцём Стадольнік і былы следчы Юрый Мацеюн.
  • Магчыма, гомельскі валанцёр Ілля Міронаў.
  • Паводле інфармацыі чытачоў «Белсату», у Докшыцах засталіся пад вартаю на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы тры асобы: Юрый Мацеюн, Арцём Стадольнік і маці траіх дзяцей, актывістка Вераніка Судніковіч. Усім траім інкрымінуюць арт. 341 быццам за размаляваны аўтобусны прыпынак у вёсцы Замасточча Докшыцкага раёну.
  • Іншыя.
Hавiны
Сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай нівы» на 72 гадзіны
2021.07.08 17:38

Журналістак «Нашай нівы» Наталлю Лубнеўскую і Шуру Піліповіч-Сушчыц адпусцілі пад падпіску пра неразгалашэнне.

Паводле тэлеграм-каналу «Страна для жизни», у менскім жылым комплексе «Каскад» увечары 8 ліпеня ў межах «зачысткі» затрымалі яшчэ трох чалавек.

Заблакаваныя сайты:

  • «Нашай нівы» – Nn.by (застаецца недаступны і праз VPN);
  • новы сайт былых работнікаў заблакаванага TUT.by – Zerkalo.io;
  • сайт-люстэрка «Еўрарадыё» – Euroradio.pl.
Hавiны
Заява БАЖ: Улады спрабуюць знішчыць беларускія незалежныя медыі
2021.07.08 16:13

КДБ: Трывае «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных»

Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак. Над гэтым «працуе ўвесь сілавы блок краіны», кажа ён, і былі выяўленыя ўдзельнікі чатаў «ОГСБ», «ОГС» і «Буслы летят».

Ці тая гэта аперацыя, пра заканчэнне якой 2 ліпеня абвясціў Аляксандр Лукашэнка, і ці звязаная яна з нападам на прэсу, невядома.

АА belsat.eu

Стужка навінаў