«Ці парушае хоць адзін закон чысты аркуш паперы?» Мянчанка атрымала штраф 80 базавых за два аркушы на гаўбцы


Затрыманні за бела-чырвоную вопратку ці «няправільна» развешаную бялізну, здаецца, ужо зрабіліся нормай. Аднак цяпер падставаю для складання адміністратыўнага пратаколу становяцца і чыстыя аркушы паперы фарматам А4, вывешаныя на вокнах дамоў.

Даведка
Здымак з праекту «невідочная траўма».
Фота: Леся Пчолка

Белыя аркушы на вокнах, як і белыя бранзалеты, зрабіліся сімвалам нязгоды і пратэсту супраць рэжыму, каб любы чалавек мог выказаць сваю пазіцыю. Сцягі былі далёка не ўва ўсіх, а белы аркуш паперы знойдзецца ў кожным доме. Да таго ж фармальна да яго нельга было прычапіцца: на ім нічога не адлюстравана. Але з нядаўняга часу і яны пад забаронай.

У пачатку ліпеня за два чыстыя аркушы паперы на гаўбцы мянчанцы прысудзілі штраф 80 базавых велічыняў. Нібыта гэтым яна парушыла закон аб правядзенні масавых акцыяў шляхам пікетавання.

Аліса жыве побач са станцыяй метро «Малінаўка», у раёне, які лічыцца даволі актыўным. Белыя аркушы тут пачалі вывешваць яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га.

23 чэрвеня дзяўчына збіралася выйсці на звычайны шпацыр з сабакам, аднак на выхадзе з кватэры сутыкнулася з двума міліцыянтамі. Адзін з іх быў участковы, а другі нават не назваўся. Участковы спытаў, хто жыве ў кватэры і хто вывесіў белыя аркушы. Аліса, усё зразумеўшы, адказала: «Дапусцім, што я». Калі б яна сказала, што муж, – праблемы былі б у яго. Участковы спытаў, ці ведае яна, што за такое пагражае штраф або арышт:

«А я спытала, ці парушае хоць адзін закон у нашай краіне чысты канцылярскі аркуш паперы. На што мне адказалі, што ўсе ўсё ведаюць, усе чытаюць інтэрнэт, маўляў, вы павінны быць у курсе».

Таксама ўчастковы дадаў, што за гэтае «парушэнне» трэба скласці пратакол. Для гэтага грамадзянцы трэба прыйсці ў мясцовае аддзяленне міліцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Аліса закінула інфармацыю пра здарэнне ў мясцовы чат. Ёй напісалі яшчэ некалькі чалавек, якія жывуць побач: «Распавядалі, што іх таксама спрабуюць шчаміць – прыходзілі міліцыянты, прыходзілі ў цывільным, але людзі проста не адчынялі ці іх не было ўдома. Да гэтага я, вядома, чула кучу гісторыяў, але пакуль ты сам з гэтым не сутыкнешся, не зусім разумееш, што табе рабіць, як сябе паводзіць. Я тэлефанавала некалькім адвакатам, спрабавала спытаць, што мне рабіць. Сказалі, што калі хопіць сілы волі адстойваць сябе, тады лепш ісці, калі ж адчуваем, што не зможам, лепш не ісці ці ісці з адвакатам. Мы з мужам абдумалі гэта, і ён сказаў, што лепш ісці, бо калі яны ўзяліся, то ўжо не адчэпяцца».

Аліса. Фота прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»

Сужэнцы планавалі бліжэйшым часам з’ехаць у доўгачаканы адпачынак. І, каб не ставіць паездкі пад пагрозу, расцягваць усё, пастанавілі, што Аліса ўсё ж пойдзе па пратакол: «Муж падтрымаў. Ёсць жа такі выраз: раней сядзеш – раней выйдзеш».

У аддзяленні міліцыі склалі пратакол паводле артыкулу 24.23 КаАП нібыта за пікетаванне шляхам вывешвання аркуша, не ўзгодненае з Менскім гарвыканкамам, і паказалі здымак акна, зроблены за два тыдні да прыходу ўчастковага.

Артыкулы
КДБ заявіў пра «шырокамаштабную зачыстку ад радыкальна настроеных». Вынікі нападу на прэсу і актывістаў
2021.07.09 10:33

«Пакуль міліцыянт запаўняў пратакол, я пацікавілася, ці глядзіць ён чэмпіянат па футболе. Сказала, што мой муж гуляе ў футбол, і, калі ён прыходзіць дадому, мне трэба папраць ягоныя рэчы: чырвоныя гетры, чырвоныя шорты, чырвоную футболку з белаю лічбай на спіне. І я баюся гэта вешаць на гаўбец, бо страшна. Тады ён кажа пачакаць хвілінку і дастае нейкую суседнюю справу, знаходзіць там чорна-белае фота гаўбца, дзе сушыцца ці то ручнік, ці то бялізна «паводле схемы БЧБ» і кажа: «Толькі, калі ласка, так не вешайце, інакш будуць праблемы». Але гэта ж абсурд».

Пасяджэнне адбылося на наступны дзень, 2 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёну. Участковы папярэдзіў пра яго за паўгадзіны да пачатку:

«Мне было вельмі важна атрымаць усё што заўгодна, толькі не содні арышту – праз праблемы са здароўем: у мяне з дзяцінства цукровы дыябет, маю інваліднасць, а таксама мікраадэнома гіпофіза, гэта мікрапухліна ў галаве. І я разумела, што магу апынуцца ў вельмі дрэннай сітуацыі, калі мяне пасадзяць на содні. Што магу застацца без інсуліну або глюкометра, без нейкіх іншых лекаў. Але мне здаецца, што на судзе гэта мала каго хвалявала. Мяне спыталі пра інваліднасць, папрасілі паказаць пасведчанне, а на ўсё астатняе проста не паглядзелі.

У выніку за два белыя аркушы на акне гаўбца суддзя даў штраф 80 базавых, гэта 2320 рублёў. А пасля суда нават не далі копіі пратаколу.

На судзе побач са мною сядзела жанчына, якая павіталася так, быццам ведае мяне. Пазней я спытала ўчастковага, на што ён мне адказаў, што яна праходзіць паводле таго ж артыкулу, і дадаў, што з нашага дому будуць судзіць яшчэ 10 кватэраў за аркушы на вокнах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота з сайту freepik.com

У выніку я так і не бачыла, каб гэтая жанчына выходзіла з кабінету пасля паседжання: выйшлі толькі суддзя і сакратар. Магчыма, ёй далі содні».

Паводле Алісы, пасля такога рэйду аркушаў на вокнах стала значна менш, але ў некаторых кватэрах яны дасюль вісяць.

Раней такія затрыманні былі і ў 2017 годзе, у Берасці ды Баранавічах, калі міліцыя арыштавала шасцёх чалавек з чыстымі аркушамі паперы ў руках, калі тыя выйшлі на акцыю салідарнасці з рабочымі і рэпрэсаванымі.

АД belsat.eu

Стужка навінаў