Вынікі пошуку для:

Прысуды 9 ліпеня: «хімія» замест калоніі за «гвалт над міліцыянтам», 2 гады калоніі – мастаку святла

Суд Цэнтральнага раёну Менску 9 ліпеня вынес вырак Данілу Ганчарову: два гады калоніі агульнага рэжыму.

На працэсе над Данілам Ганчаровым. Суд Цэнтральнага раёну, Менск. 8 ліпеня 2021 года. Фота: Белсат

Данілу Ганчарова прызналі вінаватым ва ўдзеле і суўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ) – удзеле ў шасці нядзельных маршах у жніўні і верасні 2020 года, а таксама ў перасылцы інфармацыі праз Telegram. Ганчароў — мастак святла, яго звольнілі з Новага драматычнага тэатру за забастоўку.

У Менску пратэстоўцу вінавацяць у тым, што ён парушыў рух дзясяткаў маршрутаў транспарту

Суддзя Дзмітрый Карсюк, нягледзячы на няпэўнасць доказаў і відавочныя памылкі ў матэрыялах справы, палічыў, што віна палітвязня даказаная, і пакараў яго двума гадамі калоніі агульнага рэжыму, пішуць праваабаронцы «Вясны». Падсудны сваёй віны не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.

Дзень раней абвінаваўца Цімафей Нічыпарук зачытваў абвінавачанне такой скорагаворкай, што прысутныя не маглі стрымліваць смеху. З некаторых фразаў можна разабраць, што Даніла разам з іншымі «нявыяўленымі асобамі перакрываў дарожны рух, перашкаджаў руху грамадскага транспарту», а таксама ігнараваў загады міліцыянтаў разысціся. З выступу зразумела, што Даніла 16 і 23 жніўня браў удзел у маршах.

Абвінаваўца пералічыў нумары маршрутаў грамадскага транспарту, графік якіх быў парушаны. Агулам больш за два дзясяткі. Калі ў судзе пачалі глядзець відэа, усім прысутным сказалі пакінуць залу, бо крыніцы відэа прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі.

Суддзя Савецкага раёну Менску прызначыла абвінавачанаму «хімію» замест калоніі, як таго прасіў пракурор

Суддзя Алена Жуковіч вынесла абвінавачанаму Алегу Барысаўцу не 2,5 года калоніі, як прасіў пракурор Рабаў, а 3 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Барысаўца вызвалілі амаль адразу пасля выраку. Суд з невядомай прычыны распачаўся са спазненнем на амаль 30 хвілінаў.

Алега Барысаўца абвінавацілі ў «пагрозе ці гвалце над супрацоўнікамі праваахоўных органаў». Таксама суддзя задаволіла патрабаванне «пацярпелага» міліцыянта Казлова аб спагнанні з Барысаўца маральнай шкоды памерам 700 рублёў. Таксама яму трэба сплаціць 3 базавыя велічыні за судовыя выдаткі. Арыштаваная маёмасць – ноўтбук і тэлевізар – пакуль застаюцца ў міліцыі.

Палітзняволеную мадэратарку чату «Жодино для жизни» асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»

9 ліпеня праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра вырак, які суддзя Іван Грынкевіч вынес 7 ліпеня ў Жодзіне. Лідзію Коршун прызналі вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ) і арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Палітычная зняволеная Лідзія Коршун. Скрыншот: відэа МУС

Жанчыну «вылічылі» міліцыянты – заяўлялі, што яна нібыта каардынавала дваровы пратэставы рух і «заклікала да актыўных дзеянняў», але сама ў іх не брала ўдзелу, а таксама публікавала абразы на адрас міліцыянтаў у чаце суполкі «Каратели». Яе затрымалі 27 сакавіка ўдома, дзе яна была з паўтарагадовым дзіцём, да суда трымалі ў следчай турме № 8 у Жодзіне.

Коршун прызналі палітзняволенай яшчэ да выраку. Яна адмаўляла абвінавачанні ў радыкальных закліках і датычнасць да абразаў у чаце, але на судзе прызнала віну ў поўным аб’ёме. У выніку ёй прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Івуліна абвінавацілі ў «Арганізацыі групавых дзеянняў»

Аляксандр Івулін Фота: aleksandr.ivulin / Facebook

Зняволенаму журналісту і футбалісту Аляксандру Івуліну выставілі абвінавачванне ў «Арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ), піша «Трыбуна». Першапачаткова яго затрымалі нібыта за сцяг на вакне, 4 чэрвеня асудзілі на 30 дзён арышту, але на волю ён не выйшаў. Івуліна ўжо прызналі палітычным зняволеным.

Суд прыняў бок Парку высокіх тэхналогіяў у спрэчцы з TUT.by

Эканамічны суд Менску адмовіў кампаніі «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў просьбе прызнаць несапраўдным рашэнне адміністрацыі ПВТ аб страце кампаніяй права на льготы ў 2019–21 гадах, піша TUT.by. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, кампанія будзе абскарджваць вырак.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны