Някляеў падарыў сабе на 75-годдзе свой новы раман


Пісьменнік, паэт і кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе адзначае юбілей. Ды, піша ён, «святкаваць не выпадае, бо палова тых, каго хацеў бы запрасіць на свята, – у турме».

Някляеў
Уладзімір Някляеў.
Фота: ТАК / belsat.eu

Уладзімір Някляеў расказаў у Facebook, што сябры – музыкі і акторы – прапанавалі яму адзначыць юбілей каля сценаў Крэўскага замку, дзе «бегала ягонае дзяцінства», і сыграць там спектакль паводле ягонай драмы «Ягайла». Ды ўлады забаранілі.

«Тым не менш юбілей я адзначыў, дапісаўшы пад яго раман «Гэй Бэн Гіном», – напісаў Някляеў. – Гэта мой самому сабе на 75 гадоў падарунак. Што яшчэ трэба чалавеку, сэнс жыцця якога – у словах?

Словы, мова – не пытанне лінгвістыкі. Калі б было так, слова не было б, як сказана ў Святым пісанні, напачатку ўсяго. Словы, мова – пытанне быцця. Менавіта пра гэта, як пра найважнейшы складнік таго, з чаго пачынаецца чалавек, народ, нацыя, я казаў заўсёды і хачу сказаць на сваё 75-годдзе».

Някляеў працытаваў героя свайго раману, кенійскага пісьменніка Нгогэ ўа Тыёнг’о: яго спыталі, чаму ён піша на мове, якую ніхто ў свеце не разумее, апроч ягонага племені. Той адказаў, што піша на той мове, якая змагаецца за свабоду ягонага народу:

«Мова народу – яго зброя. А заваёўнікі прыходзяць са сваёй. І народ, які прымае чужую мову, прымае чужое валадаранне. Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага».

АА belsat.eu

Стужка навінаў