«Гэта частка кампаніі па ціску на рэгіянальныя медыя»: суд у Горадні прызнаў Telegram-канала Hrodna.life экстрэмісцкім


9 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Горадні прайшло пасяджэнне па прызнанні Telegram-канала Hrodna.life экстрэмісцкім.

Ранкам а 9.00 галоўны рэдактар сайта Аляксей Шота падаў скаргу на рашэнне абласной экспертнай камісіі, на аснове якога пракурор Уладзімір Клішын папрасіў прызнаць канал экстрэмісцкім. На думку пракуратуры, у Telegram-канале Hrodna.life былі апублікаваныя паведамленні, «накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці розні», заклікі да гвалту ў адносінах да прадстаўнікоў пэўных прафесіяў. Аляксей прасіў адмяніць рашэнне камісіі і прыпыніць суд да разгляду ягонай скаргі.

Падобнае рашэнне па законе можа быць абскарджана ў Рэспубліканскую экспертную камісію або ў суд, у такім выпадку згодна з арт. 160 ГПК разгляд справы, у якой фігуруе рашэнне камісіі, трэба прыпыніць да вырашэння справы па скарзе.

Галоўны рэдактар парталу HrodnaLife Аляксей Шота ў залі суда.
Фота: Белсат

Аднак Аляксею адмовілі ў хадайніцтве. Суддзя Вольга Шуманская сказала, што скарга была пададзеная занадта позна. Азнаёміцца з матэрыяламі справы рэдактар змог толькі за дзень да суда, 8 ліпеня.

Падчас пасяджэння агучваліся дакументы для службовага карыстання, падпісаныя Упраўленне КДБ па Гардзенскай вобласці. З залі выдалілі ўсіх прысутных, а Аляксей Шота даў падпіску ад неразгалошванні.

Экспертызу, на аснове якой выстаўлялася абвінавачванне, рабіў Вадзім Хілюта, дацэнт кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі ГрДУ. З пяці пытанняў ён здолеў адказаць толькі на адно, і тое, выйшаўшы за межы сваёй экспертнай кампетэнтнасці. Але галоўнае, эксперт не адказаў на самае істотнае пытанне:

«Ці ёсць у прадстаўленых матэрыялах прыкметы праяваў экстрэмізму, у чым яны праяўляюцца?»

Дарэчы, Вадзім Хілюта і раней шукаў экстрэмізм у інфармацыйнай прадукцыі. Напрыклад, ягонае прозвішча фігуравала пад экспертызаю фотаальбому «Прэс-фота Беларусі – 2011», у якім знайшлі экстрэмізм. Таксама Хілюта браў удзел у экспертызе кнігі Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай», якую палічыў непажаданаю на тэрыторыі Беларусі, бо яна «можа нанесці шкоду Рэспубліцы Беларусь альбо краінам – чальцам Мытнага саюзу». Менавіта ён у складзе камісіі адшукаў прыкметы экстрэмізму і «рэабілітацыю нацызма» ў партрэце аўтарства мастака Алеся Пушкіна.

Артыкулы
Мастак Алесь Пушкін тры месяцы за кратамі. А ці ў карціне справа?
2021.06.30 09:20

Эксперт, як і самі органы, не зусім разабраліся ў тым, як тэхнічна працуе Тэлеграм. Экспертыза рабілася па каментарах пад навінамі, а не самой інфармацыі, якую публікаваў адмінінстратар канала. Каментары тэхнічна захоўваюцца ў асобным чаце, у якога асобны адрас і ідэнтыфікацыйны нумар, то бок да самога каналу HrodnaLife не датычны. Каментары яшчэ да пачатку суда былі адключаныя, чат быў выдалены.

Нягледзячы на гэта, а таксама на іншыя моманты, на якія ўказаў Аляксей Шота падчас суда, суддзя задаволіла патрабаванне пракуратуры і пастанавіла прызнаць тэлеграм-канал экстрэмісцкім.

«Я лічу, што права на справядлівы разгляд нашай справы было парушана. Суд павінен быў прыпыніць пасяджэнне да моманту, калі будзе разгледжана мая скарга на заключэнне экспертнай камісіі. Я лічу яго неабгрунтаваным і незаконным, яго трэба адмяніць. Фактычна эксперт змог адказаць толькі на адно з пяці пытанняў, пра тое, што ў каментарах нашых чытачоў пад навінамі былі прыкметы распальвання варажнечы. Па яго меркаванню, гэта праява экстрэмізму, але не прапаганды экстрэмізму. Гэта розныя тэрміны. Акрамя гэтага, прызнаць, што чалавек займаецца экстрэмізмам, можа толькі суд.

Аднак суддзя адхіліла маё хадайніцтва. Гэта самае галоўнае парушэнне, якое сёння было здзейсненае на судзе. Ні суддзя, ні пракурор на мае заўвагі і мае доказы асабліва не рэагавалі. Гэта было чакана, я меркаваў, што яны захочуць усё зрабіць за адзін дзень. Мы абавязкова будзем падаваць скаргу на рашэнне суда», – кажа ў каментары «Белсату» Аляксей Шота.

Пакуль не вельмі зразумела, як рашэнне суду адаб’ецца на працы сайта. Магчыма, пасля прызнання тэлеграм-канала экстрэмісцкім наступным крокам будзе патрабаванне заблакаваць сам сайт.

«Прызнанне нашага тэлеграм-канала экстрэмісцкім – частка вялікай кампаніі па ціску на нас і іншыя рэгіянальныя медыя. Сёння на жаль ні адзін журналіст у Беларусі не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Мы будзем працаваць далей, дакладна спыняцца не будзем. Канал ліквідуем. Замест яго з’явіўся новы цікавы навінавы канал https://t.me/hrodnalike, раю ўсім падпісвацца на яго. Там экстрэмізму няма і не будзе.

Рэдакцыя зараз стараецца прытрымлівацца нейкіх мераў бяспекі, але рэальнасць паказвае, што як бы ты не стараўся, калі трэба, дастануць кожнага. Мы да гэтага падрыхтаваныя», – адзначыў Аляксей Шота.

Хроніка пераследу

19 сакавіка адбыўся першы суд за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Тады галоўнаму рэдактару Аляксею Шоце прысудзілі штраф у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) як прадстаўніку арганізацыі, і 25 базавых велічынь (725 рублёў) як фізічнай асобе. Выплаціць штраф у растэрміноўку на шэсць месяцаў рэдакцыі не дазволілі. Канфіскаваную яшчэ ўзімку тэхніку рэдакцыі дагэтуль не вярнулі.

18 чэрвеня адбыўся другі суд. Прычынай новай справы стала адно фота, размешчанае па памылцы. Яго выдалілі са старонкі праз некалькі гадзін. Hrodna.life прысудзілі штраф у 500 базавых велічынь (14 500 рублёў) – максімальна магчымы па артыкуле 19.11, частка 2 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яшчэ адзін штраф у 25 базавых велічыняў (725 рублёў) за тое ж фота атрымала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік. Яна правяла трое сутак у ізалятары.

Hавiны
Рэдакцыю «Hrodna.life» аштрафавалі на Br 14 500 за «экстрэмісцкія матэрыялы»
2021.06.18 14:31

belsat.eu

 

Стужка навінаў