Белстат упершыню атрымаў поўную інфармацыю пра сельскагаспадарчую дзейнасць беларусаў


Раней пра асабістыя падсобныя гаспадаркі ў сельскай мясцовасці ведалі толькі з выбарачных апытанняў, а пра дачнікаў – толькі праз экспертавыя ацэнкі.

Прыватны сектар у раёне вуліцы Арлоўскай. Менск, Беларусь. 11 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Толькі ў перапісе насельніцтва 2019 года ўдалося здабыць гэтыя звесткі наўпрост ад людзей і ў поўным аб’ёме, піша Нацыянальны статыстычны камітэт. На непарыўным уліку былі і застаюцца сельскагаспадарчыя арганізацыі і фермерскія гаспадаркі, цяпер вядомы і аб’ём гаспадарак адзінкавых сялянаў, летнікаў і гараджанаў, якія займаюцца сельскагаспадарчаю дзейнасцю.

Агулам у грамадзянаў больш за 2 мільёны 253 тысячы зямельных участкаў агульнаю плошчай амаль 360 тысяч гектараў (у сярэднім па 16 сотак на ўчастак). Але з гэтых участкаў 53,9 % прызначаныя для жылых дамоў (у сярэднім 16 сотак на ўчастак), 25,1 % – для асабістай падсобнай гаспадаркі (у сярэднім 24 соткі), 18,1 % – для калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва (у сярэднім 7 сотак), 2,9 % – толькі для агародніцтва (у сярэднім па 13 сотак).

З гэтых участкаў 80 % плошчы выкарыстоўваюць пад пасевы, а з тых пасяўных плошчаў 52,5 % – пад бульбу, 30,1 % – розную гародніну, 11,7 % – збожжа і зернебабовыя культуры, 5,7 % – кармавыя культуры.

У сярэднім на адну гаспадарку прыпадае 4 яблыні, 2 грушы, 3 дрэвы вішні ці чарэшні, два – алычы ці слівы, 3 кусты парэчак, 2 кусты агрэсту, па 40 м² трускавак ці суніцаў, па 25 м² малінаў ці ажынаў, па 2 кусты вінаграду. Абрыкосы, персікі ці нектарыны маюць 19 %, арэхавыя расліны – 16 %.

У тых гаспадарак, дзе займаюцца жывёлагадоўляй, у сярэднім па 2 галавы буйной рагатай жывёлы, 2 свінні і 2 казы, 12 галоваў птушкі.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў