Куды турыстам ісці па візу? Падсумавалі магчымасці атрымання шэнгену катэгорыі С


Закрыццё еўрапейскай паветранай прасторы для Беларусі, а таксама прыпыненне выдачы візаў пасольствамі асобных краінаў Шэнгенскай зоны істотна абмежавалі магчымасці беларусаў адпачыць у Еўропе. Але нашыя суайчыннікі намагаюцца атрымаць неабходны дазвол. Падсумавалі, колькі каштуе шэнген і дзе яго можна ўзяць.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Цяпер дакументы на шэнгенскую візу катэгорыі С прымаюць лічаныя візавыя цэнтры: італьянскі, грэцкі, славацкі ды вугорскі. Тут адразу варта адзначыць, што ў сувязі з шалёным попытам запісацца на падачу дакументаў і ў гэтыя візавыя цэнтры складана – даводзіцца чакаць не адзін месяц.

Італія

Атрымаць італьянскі шэнген у нашай краіне можна толькі ў Менску, паколькі ў іншых гарадах Беларусі візавыя цэнтры адсутнічаюць. Разам з тым для жыхароў іншых рэгіёнаў створаная адпаведная паслуга кур’ерскай дастаўкі дакументаў, якая каштуе € 7.

Візавы цэнтр Італіі не ажыццяўляе запісу праз кол-цэнтр, таму зрабіць гэта магчыма толькі онлайн. На афіцыйным сайце візавы цэнтр размясціў падрабязную інструкцыю аб запаўненні і зборы неабходных дакументаў для падачы на шэнген.

Цана – € 35 консульскі збор і € 14 збор візавага цэнтру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алексей Майшев / РИА Новости

Тут трэба памятаць, што попыт на італьянскія візы катэгорыі С вельмі высокі, таму запісацца цяпер хутчэй за ўсё атрымаецца толькі на канец лета – верасень. Таму беларусы спрабуюць павялічыць свае шанцы на атрыманне шэнгену, скарыстаўшыся паслугамі фірмаў-пасярэднікаў.

Сайт visaby.com абяцае аформіць італьянскую візу на верасень за Br 200 (дадаткова таксама аплочваецца консульскі збор і збор візавага цэнтру). Калі ж хочацца паскорыць працэс і атрымаць запаведную візу яшчэ ўлетку, давядзецца заплаціць значна больш – € 200.

Пры гэтым адзначаецца, што візы пасольства Італіі выдае досыць стабільна, колькасць адмоваў невялікая.

Гісторыі
Як сэрвісы візавых паслуг зарабляюць на гуманітарным крызісе
2022.04.11 13:58

Грэцыя

Візавы цэнтр у Менску папярэджвае, што падача дакументаў на грэцкую візу праз пасярэднікаў не мае сэнсу, паколькі толькі консульства нясе адказнасць за прыняцце рашэння. Тут жа беларусаў інфармуюць, што аплачваюцца толькі візавы і сэрвісны зборы памерам € 35 і € 30 адпаведна.

Заяўкі на візу прымаюцца толькі ад тых, хто запісаўся онлайн. Падаць дакументы можна ў працоўныя дні з 9:00 да 16:00.

Разам з тым «Белсату» не ўдалося запісацца на сайце, паколькі на электронную пошту не прыйшло пацверджанне рэгістрацыі. Пасля гэтага мы патэлефанавалі па кантактным нумары, дзе ў аўтаматычным рэжыме прапаноўваюцца варыянты развязання праблемы. Але зарэгістравацца ўсё адно не атрымалася. У выніку нам прапанавалі напісаць на электронную пошту info.bygr@gvc24assist.eu.

Таксама варта памятаць, што пасольства Грэцыі ў Беларусі адсутнічае, таму візавыя цэнтры працуюць праз генеральнае консульства Грэцыі ў Маскве. Пры гэтым адзначаецца, што часцей за ўсё грэкі выдаюць аднаразовыя візы, пад канкрэтныя дні адпачынку, таксама вялікая імавернасць атрымаць адмову.

Славаччына

З 18 траўня 2022 года візавыя цэнтры Славаччыны ў Менску і Гомлі ўзнавілі прыём дакументаў на атрыманне шэнгенскіх візаў. Паведамляецца, што падача дакументаў на візу ажыццяўляецца толькі пасля папярэдняга запісу на сайце візавага цэнтру. Там жа ёсць поўны спіс неабходных дакументаў, а таксама алгарытм іх падачы на шэнген.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Пасля онлайн-рэгістрацыі можна наведаць візавыя цэнтры ў Менску і Гомлі – у працоўныя дні з 9:00 да 17:00.

На афіцыйным сайце візавага партнёра канечная цана паслугі не пазначаная, таму яе варта ўдакладняць у аператараў.

Можна скарыстацца паслугамі фірмаў-пасярэднікаў. Для прыкладу, visavisa.by абяцае аформіць шэнгенскую візу катэгорыі С за Br 200. Адзначаецца, што чакаць давядзецца не менш за 10 дзён.

Вугоршчына

Візавыя цэнтры Вугоршчыны ёсць у большай колькасці гарадоў Беларусі: Баранавічы, Берасце, Гомель, Горадня, Ліда, Менск, Магілёў і Пінск. Працоўны графік залежыць ад гораду, варта спраўдзіць яго на сайце. На тым жа сайце пазначана, што падача дакументаў на візу ажыццяўляецца без папярэдняга запісу ў працоўныя часы візавых цэнтраў. На афіцыйным сайце візавы цэнтр не ўказвае цаны паслугі, імаверна, гэта тыя ж € 35 консульскага збору і сэрвісны збор.

Затое паслугі пасярэднікаў у атрыманні візы маюць канкрэтную цану. Сайт visaby.com абяцае аформіць вугорскі шэнген за € 250.

Трэба ўлічыць, што пасольства Вугоршчыны ў Менску таксама выдае візы даволі непрадказальна, таксама назіраецца немалая колькасць адмоваў.

Іспанія

Для жыхароў Беларусі існуе альтэрнатыўны варыянт атрымання турыстычнага шэнгену. Паколькі ў красавіку гэтага года візавы цэнтр Іспаніі ў Менску спыніў сваю дзейнасць, нашыя суайчыннікі пачалі падаваць дакументы на візу ў Маскве.

Іспанскі візавы цэнтр у Менску, Беларусь.
Фота: tuda-suda.by

У гэтай справе беларусам дапамагаюць фірмы пасярэднікі. Сайт visaby.com абяцае дапамагчы з атрыманнем іспанскага турыстычнага шэнгену за Br 450. У кошт паслугі ўваходзіць праезд аўтобусам туды-назад, суправаджэнне ў візавы цэнтр, рыхтаванне дакументаў і дастаўка пашпартоў назад у Менск.

Аднак тут ёсць адзін нюанс, пра які беларусам варта памятаць: пасля падачы дакументаў у Расеі вас могуць не ўпусціць назад у Беларусь без пашпартоў, што ўжо і адбылося з групай такіх «турыстаў». Таму паслуга недасяжная – да таго часу, пакуль не атрымаецца знайсці кампраміс у гэтым пытанні з Расеяй.

Hавiны
На расейска-беларускай мяжы затрымаўся аўтобус з візавымі турыстамі: беларусаў не выпускаюць з РФ без пашпартоў
2022.06.04 12:08

Ёсць і ўдалыя вынікі. Беларусы, якія ўжо паспелі скарыстацца такой паслугай, дзеляцца ўражаннямі:

«Гэта самая дарагая віза за 8 гадоў, нават калі быў ажыятаж на закупы ў Польшчы, сама падавалася і плаціла ўсяго 60 еўраў. А тут за італьянскую візу давялося заплаціць 275 еўраў з дарослага чалавека і 240 – з немаўля. У выніку візы далі на месяц. Я ў шоку, проста выкінутыя 790 еўраў».

«Знаёмы зрабіў Італію на год. 200 еўраў за ўсё».

«Падача была ў мінулую пятніцу ў Маскве. Адкрылі на два гады. Дзіцяці (пасля аднаразовай) далі на 90 дзён».

Візавыя цэнтры іншых еўрапейскіх краінаў таксама працягваюць працаваць у Беларусі, але не выдаюць шэнген катэгорыі С.

Hавiны
Стала вядома, калі беларусы змогуць атрымаць гуманітарныя візы і віды на жыхарства ў Польшчы
2022.05.27 21:06

Для прыкладу, у польскім цэнтры прымаюць дакументы на працоўныя, гуманітарныя і вучэбныя нацыянальныя візы. Латышскі цэнтр робіць шэнген, але ён не распаўсюджваецца на турыстычныя мэты. Літоўскі візавы цэнтр прыпыніў прыём заяваў на выдачу ўсіх тыпаў візаў прынамсі да 29 чэрвеня 2022 года, а Чэхія ўвогуле да канца 2023 года перастала выдаваць візы беларусам. Выключэнне – дазволы на ўезд «з гуманітарнымі мэтамі» і «ў адпаведнасці з інтарэсамі Чэхіі».

Артыкулы
Беларусы не змогуць атрымаць візаў у Чэхію? Не зусім і не ўсе (тлумачым на пальцах)
2022.06.08 11:30

Віцька Кавалак belsat.eu

Стужка навінаў