Выйшлі на волю два высокапастаўленыя фігуранты «справы медыкаў» – Бялецкі і Ласіцкі


У 2019 годзе Бялецкага асудзілі на 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ласіцкага – на 6 гадоў узмоцненага рэжыму. Яны не адбылі і паловы тэрміну.

Ігар Ласіцкі на судзе. 11 студзеня 2019 года.
Фота: Белсат

Партал Tut.by паведаміў 9 чэрвеня пра вызваленне двух фігурантаў карупцыйнай «справы медыкаў»: на волю выйшаў акадэмік Аляксандр Бялецкі, які раней узначальваў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, і былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі.

Бялецкага ў лютым 2019 года прызналі вінаватым у хабары: ён не адмаўляў, што атрымліваў у падарунак тысячы долараў і еўраў, але казаў, што не лічыў гэта хабарам. У ліку сяброў, якія дарылі яму грошы, нібыта не звязаныя з прафесійнаю дзейнасцю, ён называў бізнесоўца Аляксандра Шакуціна. Паводле Tut.by, Бялецкі цяпер выйшаў на волю па памілаванні.

Аб’ектыў
Працяг нашумелай «справы медыкаў»: 7 з паловаю гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці
2019.02.15 22:15

Ласіцкага, паводле парталу, таксама памілавалі. У 2019 годзе яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару, ён прызнаў віну ў поўным аб’ёме. Памеры хабару называлі ад 1,5 тысячы долараў да 10 тысяч долараў і 10 тысяч еўраў разам за допуск да конкурсу на закуп медычнай тэхнікі. Сын Ласіцкага пацвердзіў вызваленне бацькі парталу Onliner.by, але ад іншых каментароў адмовіўся.

Аб’ектыў
Справа лекараў. Толькі 6 год калоніі для намесніка міністра
2019.02.08 21:54

Улетку 2018 года ў Беларусі КДБ абвясціў пра выкрыццё маштабнай карупцыйнай схемы, звязанай з закупамі медычнага абсталявання. У чэрвені 2018 года старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў пра масавыя затрыманні ў гучнай «справе медыкаў». Паводле яго, у дырэктара прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандра Шарака пры вобшуку ў ягоным гаражы ў тайніку выявілі больш за 620 тысяч долараў у эквіваленце. Агулам у справе фігуравалі мільёны долараў і каля сотні абвінавачваных.

АА belsat.eu

Стужка навінаў