У Беларусі зноў кажуць пра карную псіхіятрыю. Што гэта такое, і як ёю карысталіся цар, нацысты і камуністы


Да прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары прысудзілі як мінімум аднаго беларуса, які, паводле версіі пракуратуры, публічна крытыкаваў і абражаў Аляксандра Лукашэнку. Паліна Шарэнда-Панасюк, зняволеная паводле іншай палітычнай справы, абвінаваціла ўлады ва ўжыванні карнай псіхіятрыі. У Беларусі, дзе, як вядома, «часам не да законаў», карная псіхіятрыя можа зрабіцца рэальнасцю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: SCANPIX / RIDDLE

Хто і як раней выкарыстоўваў медыцыну ў палітычных мэтах, распавядае «Белсат».

Што такое карная псіхіятрыя?

Гэтым тэрмінам называюць злоўжыванне псіхіятрычным дыягназам, лячэннем і ўтрыманнем у ізаляцыі з мэтай абмежаваць фундаментальныя правы чалавека. Асобе, якая з нейкіх прычынаў замінае ўладам ці нейкай уплывовай палітычнай групоўцы, могуць прыпісаць няісны дыягназ, каб нанесці маральныя ці фізічныя пакуты, ізаляваць ад грамадства, непатрэбнымі медычнымі захадамі зламаць псіхіку.

Звычайна гэта характэрна для таталітарных краінаў, дзе ўлады могуць свабодна маніпуляваць рашэннямі судоў, дзеяннямі праваахоўных органаў і ацэнкамі медычных экспертаў.

Часам уладныя групоўкі ўжываюць такія захады, калі публічна не хочуць ці не могуць націснуць на чалавека іншым чынам: напрыклад, калі рэпрэсуюць толькі за погляды і не могуць знайсці прыдатнага артыкулу ў існым заканадаўстве.

Расейская імперыя: цар як галоўны псіхіятр

Бадай, першым шырокавядомым выпадкам злоўжывання псіхіятрыяй у палітычных мэтах сталася абвяшчэнне псіхічна хворым у 1836 годзе расейскага філосафа і публіцыста Пятра Чаадаева, які крытыкаваў уладу.

Назваў Чаадаева вар’ятам сам цар Мікалай І.

Пётр Чаадаеў. Крыніца: wikimedia.org

За свой першы і адзіны апублікаваны пры жыцці «Філасофскі ліст» Чаадаеў у якасці варʼята трапіў пад хатні арышт і быў вымушаны рэгулярна праходзіць медычныя агляды з боку дзяржаўнага доктара. Мікалай І дазволіў публіцысту выходзіць з дому пад умоваю «больш нічога не пісаць». Адведваць Чаадаева было забаронена. Як і публікаваць ягоныя працы.

Нацысты: эўтаназія «непатрэбных»

Як і марксісты, нямецкія нацыянал-сацыялісты лічылі сябе прыхільнікамі самай сучаснай навукі. Яны перанеслі дарвінізм і прынцып «выжывае самы моцны» на ўзровень этнасаў. Адпаведна, нямецкі этнас мусіў перамагчы ўсе астатнія, у тым ліку праз ачышчэнне ўласна немцаў ад хворых (у тым ліку і псіхічна) ды інвалідаў.

Гэтак паўстала сумнавядомая сакрэтная праграма «Т4». Згодна з гэтым планам, з 1939 года «палітычна надзейныя» дактары мусілі ацэньваць хворых, і тых пацыентаў, каго прызнавалі невылечнымі і непатрэбным цяжарам для дзяржавы, таемна забівалі. Такім чынам планавалася адначасова «палепшыць кроў» нямецкага народу і зменшыць выдаткі на сацыяльныя патрэбы, павысіць колькасць вольных месцаў у медычных установах. Таксама масава забівалі псіхічна хворых на акупаванай немцамі тэрыторыі – проста з мэтай эканоміі.

Даведка
Адным са стваральнікаў нацысцкай праграмы ачышчэння Нямеччыны ад «непатрэбных» быў псіхіятр Эрнст Рудын. Крыніца: wikimedia.org

Акрамя таго, быў уведзены тэрмін «замаскаваная слабасць розуму», што магло ўжывацца да любога, хто паказваў нязгоду з палітычнымі ідэямі нацызму. Знішчаць як непаўнавартасных ці невылечна псіхічнахворых маглі таксама жабракоў, хранічных беспрацоўных, у якіх некаторыя сапраўдныя прафесары медыцыны знайшлі «генетычныя» прычыны іхнага стану.

Менавіта з праграмы эўтаназіі пачынаецца выкарыстанне нацыстамі атрутных газаў для масавага забойства людзей. Усяго ў межах праграмы былі забітыя да 300 000 чалавек.

Праграма «Т4» так ці інакш працягвалася да самога краху нацызму, але паступова страціла маштабы, калі сярод шырокіх колаў насельніцтва Нямеччыны сталі пашырацца чуткі пра яе, а супраць эўтаназіі адкрыта выступілі каталіцкія і пратэстанцкія іерархі.

Камуністы: ад расстрэлаў да псіхіятрычнага тэрору

У першыя дзесяцігоддзі савецкай улады выпадкі выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах былі адносна нячастымі. Гэтак, на загад галоўнага чэкіста Фелікса Дзяржынскага зняволілі на некалькі месяцаў у псіхіятрычным шпіталі адну з лідарак партыі левых эсэраў Марыю Спірыдонаву. Пазней яна жыла пад наглядам камуністычных спецслужбаў, неаднаразова трапляла ў турмы, а ў 1941 годзе яе расстралялі.

У палітычных мэтах выкарыстоўваліся турэмныя псіхіятрычныя шпіталі НКВД – Казанскі, Ленінградскі, Томскі ды іншыя. У прыватнасці там былі зняволеныя першы прэзідэнт Эстоніі Константын Пятс, былы начальнік штабу ваенна-марскога флоту СССР Леў Галер, знакаміты авіяканструктар Андрэй Тупалеў.

Цэнтральны інстытут судовай псіхіятрыі імя Сербскага ў Маскве. Крыніца: Автор: A.Savin / Wikipedia

У парадку таго, як СССР адыходзіў ад сталінскага перыяду, улады імкнуліся рабіць рэпрэсіі менш заўважнымі для грамадства: пазбягалі масавых пасадак і расстрэлаў. І тут зняволенне людзей у псіхіятрычных шпіталях сталася зручным спосабам ізаляваць нязгодных – як паводле суда, гэтак і наагул без суда.

У 1961 годзе стала дзеяць «Інструкцыя для неадкладнай шпіталізацыі псіхічнахворых, небяспечных для грамадства», якая фактычна легітымізавала пазасудовае пазбаўленне свабоды і выкарыстоўвалася, калі не было законнай падставы для арышту ці ўладам не патрэбны быў судовы працэс. Чалавека можна было трымаць у шпіталі колькі заўгодна, не было права на абарону з боку адваката ці перыядычны перагляд рашэння аб прымусовай шпіталізацыі.

Дакладных ацэнак колькасці ахвяраў карнай псіхіятрыі ў СССР не існуе, лік вагаецца ад некалькіх тысяч асобаў да двух мільёнаў.

Сярод самых вядомых ахвяраў – Іёсіф Бродскі, Валерыя Навадворская, Уладзімір Букоўскі.

Беларус – вязень карнай псіхіятрыі

Дысідэнт Міхась Кукабака выступае на Дзядах у 1990 годзе ў Менску.
Фота: wikimedia.org

Самы вядомы беларус, які пацярпеў ад такіх рэпрэсіяў, – Міхась Кукабака, аўтар публіцыстычных працаў, што падпольна распаўсюджваліся праз самвыдат. Ён асудзіў увод савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, а ў 1970-м за адмову ад супрацы з КГБ быў абвешчаны хворым на шызафрэнію і накіраваны на прымусовае «лячэнне».

«Лячэнне» трывала 6 гадоў. У 1978-м у Бабруйску Міхась Кукабака напісаў артыкул «Скрадзеная Бацькаўшчына», у якім крытыкаваў расейскую асіміляцыйную палітыку ў Беларусі: «…Калі спускаўся па чыгуначным пераездзе… пабачыў надпіс: «Берегись поезда!» і адразу ўзгадаў: тут жа 25 год таму было напісана «Сцеражыся цягніка!», і толькі ўнізе расейскі пераклад. Цяпер беларускі выраз знік. І дзіўна, мяне гэта непрыемна закранула. Нечакана я ўсвядоміў сябе беларусам».

З 1978 да 1988 года Міхась Кукабака быў у зняволенні ўжо паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» і «Неданясенне пра злачынствы, што рыхтуюцца ці былі здзейсненыя».

Від на ўваходныя вароты псіханеўралагічнага дыспансера. Іванчына, Расея.
Фота: Аляксандр Румін / ТАСС / Forum

У 1989 годзе незалежная псіхіятрычная экспертыза ў Маскве засведчыла псіхічнае здароўе спадара Кукабакі.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў