Ціханоўская заклікала Сенат ЗША знайсці крыніцы замежнага фінансавання Лукашэнкі


Святлана Ціханоўская.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Святлана Ціханоўская 9 чэрвеня ў онлайн-фармаце звярнулася да Сенату ЗША ў Камітэце замежных справаў. Яна распавяла пра пасадку самалёту «Ryanair», пераслед актывістаў і журналістаў, эскалацыі рэпрэсіяў у Беларусі і адказала на пытанні амерыканскіх сенатараў.

«Рэакцыя міжнароднай супольнасці на задушэнне пратэстаў была прынцыповай, але паступовай і змяншаецца. Гэта дапамагло рэжыму адаптавацца. Ён адчуў беспакаранасць. Але пасля інцыдэнту з самалётам «Ryanair» міжнародная рэакцыя была хуткай і эфектыўнай. Аднак рэакцыя міжнароднай супольнасці не павінна абмяжоўвацца гэтым інцыдэнтам. Уся сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае ўсёабдымнага адказу. У адваротным выпадку Лукашэнка ператворыць нашу краіну ў еўрапейскую Паўночную Карэю – непразрыстую, непрадказальную і небяспечную. Аднак ЗША разам са сваімі партнёрамі ў Еўропе могуць спыніць гэты шлях», – заявіла Ціханоўская.

Яна настойліва заклікала ЗША пашырыць санкцыі супраць саўдзельнікаў Лукашэнкі, якія фінансуюць рэжым, у тым ліку «Беларуськалію» і Мазырскага НПЗ, выявіць крыніцы замежнага фінансавання рэжыму і нацэліць санкцыі на іх. На яе думку, крызіс у Беларусі варта абмеркаваць падчас саміт G7, НАТО, ЕЗ–ЗША і сустрэчы ЗША–Расея. Пры гэты варта запрасіць да ўдзелу беларускія дэмакратычныя сілы, заявіла Ціханоўская.

Паводле яе, Злучаным Штатам варта падтрымаць Еўразвяз у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі з удзелам асноўных зацікаўленых бакоў і распрацаваць пакет дапамогі дэмакратычнай Беларусі.

«Гэтыя дзеянні маглі б стаць штуршком для пачатку транзіту ўлады – менавіта гэтага патрабуюць беларусы. Інакш Лукашэнка і іншыя дыктатары па ўсім свеце будуць адчуваць сябе беспакаранымі і працягнуць свабодна парушаць міжнародныя нормы, каб знішчаць сваіх праціўнікаў», – заявіла лідарка беларускага пратэсту.

Hавiны
Ціханоўская нагадала чэшскім сенатарам пра Мюнхенскае пагадненне
2021.06.09 13:28

Святлана Ціханоўская 9 чэрвеня таксама выступіла перад Сенатам Чэхіі са зваротам да сенатараў і чэшскага народу ад імя беларускага народу.

Ціханоўская мяркуе, што чэхі добра ведаюць пачуцці, якія цяпер перажываюць беларусы, з Пражскай вясны 1968 года і яе здушэння савецкімі войскамі. Як тады савецкі ўрад сцвярджаў, што чэхі «самі запрасілі» войскі Варшаўскай дамовы ўвайсці ў Чэхаславаччыну, так і цяпер улады Беларусі заяўлялі, што пілоты самалёта «Ryanair» нібыта самі хацелі прызямліцца ў Менску (нават афіцыйна апублікаваны пераказ размоваў з дыспетчарам сведчыць, што пілота ўгаворвалі).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў