Ціханоўская нагадала чэшскім сенатарам пра Мюнхенскае пагадненне


Ціханоўская правяла шмат паралеляў паміж гісторыяй Беларусі і Чэхіі. Толькі другі раз у гісторыі да чэшскага Сенату звяртаўся не чэх.

Святлана Ціханоўская 9 чэрвеня выступіла перад Сенатам Чэхіі са зваротам да сенатараў і чэшскага народу ад імя беларускага народу. Поўны тэкст апублікавалі на сайце Ціханоўскай.

Перадусім Святлана Ціханоўская падзякавала за запрашэнне і нагадала, што гісторыя Беларусі мае вялікае падабенства да гісторыі Чэхіі, а сувязь між краінамі трывае не адно стагоддзе. Згадала, што Францішак Скарына друкаваў сваю першую Біблію ў Празе. Паводле Ціханоўскай, «драма беларусаў і чэхаў доўгі час была ў тым, што яны не маглі самі свабодна кіраваць на сваёй зямлі».

Ціханоўская мяркуе, што чэхі добра ведаюць пачуцці, якія цяпер перажываюць беларусы, з Пражскай вясны 1968 года і яе здушэння савецкімі войскамі. Як тады савецкі ўрад сцвярджаў, што чэхі «самі запрасілі» войскі Варшаўскай дамовы ўвайсці ў Чэхаславаччыну, так і цяпер улады Беларусі заяўлялі, што пілоты самалёта «Ryanair» нібыта самі хацелі прызямліцца ў Менску (нават афіцыйна апублікаваны пераказ размоваў з дыспетчарам сведчыць, што пілота ўгаворвалі).

Таксама Ціханоўская згадала, як у 1938 годзе заходнія лідары сустрэліся ў Мюнхене і заявілі пра «гістарычную дамову, калі Чэхаславаччына насамрэч была прынесеная ў ахвяру дыктатуры» (Вялікая Брытанія, Францыя, фашысцкая Італія і нацысцкая Нямеччына тады дамовіліся, што Чэхаславаччына саступіць немцам Судэцкую вобласць – у межах «палітыкі замірэння» нацыстаў).

«Сёння я баюся, каб свабода і дэмакратычныя памкненні беларускага народу не былі ахвяраваныя дзеля таго, каб «супакоіць» дыктатара. Баюся, каб яны не былі ахвяраваныя, каб «пакінуць каналы для дыялогу адкрытымі», – заявіла Ціханоўская.

Hавiны
Сенат ЗША выслухае Ціханоўскую перад сустрэчай Байдэна і Пуціна
2021.06.09 10:05

Ціханоўская заявіла: у адказ на тое, што беларусы прагаласавалі за новага лідара краіны, рэжым адказаў тэрорам, «якога нашая краіна не бачыла са сталінскага часу». Не зважаючы на гэта, больш за трыста дзён не было ніводнага дня без мірных пратэстаў, але і без арыштаў ды гвалту з боку рэжыму. Яна згадала, што ў Беларусі некалькі чалавек ужо скончылі жыццё самагубствам або спрабавалі зрабіць гэта з палітычных прычынаў.

«Я прыгадвала ўсіх гэтых людзей перад помнікам Яну Палаху, які таксама быў вымушаны абраць жахлівую форму пратэсту і пазбавіў сябе жыцця ў цэнтры Прагі, – казала Ціханоўская. – Як супрацьстаяць адчаю, калі людзі губляюць надзею? Як перадухіліць іншыя такія трагедыі? Што можа зрабіць для гэтага кожны з нас? Вось тыя пытанні, якія паўстаюць перад беларусамі, і адказы на іх неабходна знайсці неадкладна».

Ціханоўская заклікала Чэхію заняць паслядоўную пазіцыю да рэжыму Лукашэнкі, не прызнаваць ягонай улады, пастановы лічыць незаконнымі. Таксама яна заклікала прызнаць злачыннымі «арганізацыі, у тым ліку КДБ, АМАП, ГУБАЗіК, якія ажыццяўляюць тэрор супраць насельніцтва», пачаць крымінальныя справы паводле міжнароднай юрысдыкцыі і стварыць Міжнародны трыбунал для расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, Ціханоўская заклікала павялічыць спрыянне беларускай грамадзянскай супольнасці, пашырыць праграмы падтрымання рэпрэсаваных і параненых.

АА belsat.eu

Стужка навінаў