Супраць футбаліста «Гарадзеі» Шавеля пачалі крымінальную справу паводле палітычнага артыкулу


Расціслаў меўся выйсці на волю пасля 15 дзён арышту за «непадпарадкаванне», але аказаўся пад крымінальнаю справаю.

Расціслаў Шавель на футбольным полі.
Фота: ФК «Гарадзея» / VK

Супраць былога нападніка футбольнага клубу «Гарадзея» Расціслава Шавеля распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), піша «Трыбуна». Гэты артыкул часта выкарыстоўваюць у палітычных мэтах: паўтары сотні людзей, якіх ужо прызналі палітычнымі вязнямі, праходзяць менавіта паводле яго.

Расціслаў Шавель тройчы адбываў палітычныя арышты: 8 дзён у жніўні 2020 года, па 15 у лістападзе 2020-га і траўні 2021-га. 17 траўня яго затрымалі каля пад’езду людзі ў цывільным, асудзілі на арышт за «непадпарадкаванне». Ён мусіў выйсці на волю 1 чэрвеня, але яго звезлі ў Следчы камітэт, а потым у СІЗА № 1. Справу супраць футбаліста завялі пасля акцыі-шэсця на Дзяды ў Курапаты (мірны марш разганялі байцы са зброяй, у людзей стралялі святлошумавымі гранатамі, масавыя затрыманні чынілі ў тым ліку на курапацкім полі). Шавеля прызналі палітвязнем 8 чэрвеня.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў