Сенат ЗША выслухае Ціханоўскую перад сустрэчай Байдэна і Пуціна


Праз тыдзень, 16 чэрвеня, Джо Байдэн мае сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у Жэневе. Падобна, адною з галоўных тэмаў сустрэчы стануць паводзіны Аляксандра Лукашэнкі. А перад тою сустрэчаю Ціханоўская выступіць перад Камітэтам замежных дачыненняў Сенату ЗША.

Сенатарка ЗША Джын Шэгін і Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

За тыдзень да сустрэчы кіраўнікоў Злучаных Штатаў і Расеі часопіс «Foreign Policy» пагутарыў з Джын Шэгін – сенатаркай ад Дэмакратычнай партыі ЗША і старшынёй Падкамітэту Сенату ЗША ў замежных справах і кааперацыі ў рэгіянальнай бяспецы. Яна нядаўна вярнулася з паездкі ў Грузію, Літву і Украіну.

Спачатку паездку ў межах дэлегацыі супольна з чальцамі Рэспубліканскай партыі планавалі толькі Грузію і Украіну. А ў Літву выправіліся пасля захопу Беларуссю самалёта «Ryanair», каб сустрэцца са Святланаю Ціханоўскай і ейнаю камандай.

Журналістка спытала сенатарку, што рабіць ЗША і Еўропе ў адказ на жорсткія рэпрэсіі Аляксандра Лукашэнкі, арышты і катаванні людзей у Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі ўжо перажыў шмат санкцыяў. Шэгін адказала, што адна з першых рэчаў, якімі можна адказаць, – выказацца ад імя міжнароднай супольнасці. Гэта важна, каб потым увесці супольныя санкцыі, не толькі ад ЗША ці Еўразвязу, а і ад іншых краінаў разам.

«І адна з прычынаў, праз якую мы былі там [у Літве], адна з прычынаў, праз якую мы хацелі сустрэцца са Святланаю Ціханоўскай, – паведамленне ёй пра тое, што мы падтрымліваем ейныя дзеянні, нас непакоіць тое, што адбываецца з апазіцыяй у Беларусі, – патлумачыла Шэгін. – Мы цэнім ейную адвагу, гатовасць пакінуць зняволенага мужа, уцячы ў Літву, каб яна магла дзеяць і спрабаваць стварыць падтрымку ў Еўропе».

Шэгін адзначае розніцу між тым, як Ціханоўская сустракаецца з палітыкамі, каб расказаць ім, што адбываецца ў Беларусі, і Пуціным, які катаецца на яхце з Лукашэнкам, на загад якога саджаюць людзей у турмы, дзе тых катуюць.

На гэтым тыдні (папярэдне ўжо сёння) у Камітэце замежных дачыненняў у Сенаце ЗША збіраюцца правесці віртуальныя слуханні, на якіх мае з’явіцца Ціханоўская, амбасадарка ЗША ў Беларусі ды іншыя эксперты.

АА belsat.eu

Стужка навінаў