Сям’я Соф’і Сапегі атрымала першыя лісты ад зняволенай. Што яна піша


Гэтыя лісты дзяўчына напісала 1 і 3 чэрвеня ў СІЗА КДБ.

Соф’я Сапега.
Фота: ehu.lt

Ганна Дудзіч, маці зняволенай у Беларусі грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі, перадала расейскай службе Бі-Бі-Сі фрагменты лістоў дачкі. Зняволеная расказвае, што ў няволі:

  • «Адзіны страх, які раздзірае мяне, гэта страх адстаць ад жыцця, бо яно такое насычанае». Яна баіцца выйсці на волю «непатрэбнай грамадству» і шкадуе, што не паспела абараніць магістарскай дысертацыі – мусіла бараніць 3 ліпеня.
  • Перад вылетам з Афінаў Раману Пратасевічу снілася, што ён і Соф’я прызямліліся ў Менску – так і выйшла. У тым, што здарылася з захопам Беларуссю іхнага самалёта, яна просіць не вінаваціць Рамана.
  • Раман яе «аберагаў і клапаціўся, як умеў. Гэта можна назваць каханнем». Яна згадвае, як пасля абароны дысертацыі збіраліся з Раманам у рэстаран «піць шампанскае, есці пасту, сустракаць лета, цалавацца і кахаць».
  • Калі атрымала першыя лісты ад бацькоў, заплакала ўпершыню з часу затрымання. Але Соф’я піша, што трымаецца, вельмі шмат чытае, робіць прысяданні і трэнуе прэс, піша дзённік.
  • Харчуецца добра. Яе рэгулярна наведвае доктар, якога яна называе прыемным чалавекам. Доктар выпісаў ёй заспакаяльны сродак і глюкозу для апетыту. Соф’я са смайлікам піша, што «ён просіць называць гэта сыроваткай праўды» (ці ведае яна аб «прызнаннях» Пратасевіча, з апублікаванага Бі-Бі-Сі не зразумець: тыя «прызнанні» паказалі на ОНТ увечары 3 чэрвеня).

«Хачу сказаць, дакладней, напісаць, што я не здаюся. Я трымаюся. Пачала ўсміхацца. Упершыню ў жыцці цешуся такім дробязям, як спеву птушак, сонейку, цікавай кнізе. Сапраўды радуюся. Не звяртаю ўвагі на некаторыя дробязі. Нават адрослыя пазногці, бровы і г. д. мяне не бянтэжаць больш».

Hавiны
Дарадца Пуціна вырашыў дамагацца выдачы ў Расею зняволенай у Беларусі Соф’і Сапегі
2021.06.08 17:10

Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з ейным хлопцам – беларускім журналістам Раманам Пратасевічам, пасадзіўшы ў Менску самалёт, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Лятак прызямлілі, паведаміўшы пра бомбу на борце.

Дзяўчыну арыштавалі на два месяцы, змясцілі ў СІЗА КДБ. Нібыта падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК РБ), арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ), і распальванні варожасці (арт. 130 КК РБ), але ці выставілі ёй абвінавачанне, невядома. 25 траўня праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з Соф’яй Сапегай, у якім яна назвала сябе рэдактаркаю «Чёрнай книги Беларуси» – каналу, дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Сябры і знаёмыя дзяўчыны ў размове з «Белсатам» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

АА belsat.eu

Стужка навінаў