«Пастаянна ўжываліся катаванні». Як адбываюць пакаранне фігуранты справы пра пашкоджанне аўта працаўніка ДВП


«Як аказалася, камерная сістэма не самае страшнае і прыгнятальнае». Сваякі фігурантаў справы пра пашкоджанне машыны працаўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў заяўляюць, што іх блізкія ў калоніях сутыкнуліся з ціскам з боку адміністрацыі.

«У такой сітуацыі чалавек прызнаецца ў чым заўгодна»

Арцём Анішчук.
Фота: сямейны архіў

У лютым 2021 года 32-гадовага работніка метрапалітэну Арцёма Анішчука прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Зацятае хуліганства») і пакаралі двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

17 красавіка Анішчука этапавалі ў магілёўскую калонію, а ўжо 13 траўня супраць яго там распачалі новую крымінальную справу – паводле арт. 411 («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Адваката пры гэтым цягам месяца не дапускалі да зняволенага. Паводле Вольгі Анішчук, жонкі Арцёма, адміністрацыя наўмысна не давала Анішчуку асадкі і паперы, каб той не мог напісаць заявы на сустрэчу з адвакатам (спатканне вязня з адвакатам у калоніі магчымае толькі па напісанні адпаведнай заявы).

«Учора, з пятай спробы, нарэшце дапусцілі адваката. Падчас допыту, які праводзіў следчы Магілёўскага міжраённага аддзелу СК Скавародкін, муж паведаміў, што з боку адміністрацыі папраўчай калоніі ў дачыненні яго ўжываліся супрацьпраўныя дзеянні, у тым ліку гвалтоўнага характару. Гэта адбывалася рэгулярна, то бок з моманту яго прыбыцця ў калонію супраць яго пастаянна ўжываліся катаванні».

Адразу пасля прыбыцця ў калонію Анішчука змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, а з 16 да 22 траўня трымалі ў штрафным ізалятары. Паводле Вольгі, на знак пратэсту супраць катаванняў Арцём Анішчук здзейсніў акт членашкодніцтва: ён праглынуў нейкі металічны прадмет.

«Чаму такое стаўленне да Арцёма ў калоніі? Бо ён пашкодзіў машыну працаўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Аляксандра Гейца. А начальнік папраўчай калоніі № 15 – гэта сябра Гейца. Калі мой муж толькі туды прыбыў, яму сказалі: «Нешта табе малы тэрмін далі. Выбірай: або артыкул 411, або «напад на супрацоўніка». Арцём пісаў у лістах, што яму ў любым выпадку дадуць новы тэрмін і перавядуць на строгі рэжым», – кажа жанчына.

Да 6 гадоў калоніі – выракі пецярым менчукам, якія пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта. Суд Менскага раёну вынес прысуды ў крымінальнай справе супраць пяцярых менчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. 3 лютага 2021.
Фота: spring96.org

У траўні следчы паведаміў Вользе, што супраць Арцёма распачатая новая крымінальная справа, бо ён нібыта двойчы адмовіўся прыбіраць: «Але Арцём кажа, што ніякіх парушэнняў з ягонага боку не было. Сапраўды, мой муж да гэтага 8 месяцаў быў у розных СІЗА і ніводнага парушэння не дапусціў. А тут адразу пасля прыбыцця ў калонію на яго павесілі некалькі парушэнняў. Гэтага не можа быць».

Апытанні ў межах новай справы без следчага праводзіліся чатырма працаўнікамі калоніі. Вольга мяркуе, што падчас гэтага Арцёма катавалі:

«Пад уздзеяннем гвалту, а таксама пад пагрозамі расправы са сваякамі ён быў вымушаны падпісаць прызнанне паводле 411-га артыкулу. Нічога дзіўнага: у такой сітуацыі чалавек прызнаецца ў чым заўгодна».

Вольга не ведае, якія канкрэтна катаванні выкарыстоўваліся супраць ейнага мужа: «Адвакат пра гэта не казаў. Але мяркую, што яго збівалі, бо яго месяц нам не паказвалі: лагічна, што гэта не проста так адбываецца. Трэба таксама ўлічваць, што Арцём не мог паўнавартасна пагутарыць з адвакатам, бо размова адбывалася праз шкло, праз тэлефон, дзе ўсё праслухоўвалася».

У калоніі Анішчука пазбаўляюць права на званок сваякам. З ліставаннем таксама ёсць праблемы. Вольга падкрэслівае, што змест і стылістыка лістоў пасля прыбыцця ў калонію заўважна змяніліся: «Я ўпэўненая, што апошні ліст ён пісаў пад дыктоўку работнікаў калоніі. Я ведаю, што мой муж так не піша. Ён у лісце прасіў, каб не было ніякай агалоскі гэтай сітуацыі. Але я ўпэўненая, што яму гэтыя словы дыктавалі».

«Мне вельмі страшна за Антона»

Антон Быкоўскі.
Фота: сямейны архіў

Жонка яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы, 39-гадовага трэнера па дзюдо Антона Быкоўскага, таксама баіцца, што ў калоніі ейнаму мужу могуць ствараць катавальныя ўмовы.

Антона Быкоўскага этапавалі ў віцебскую калонію ў другой палове красавіка. Ніводнага ліста за гэты час жонка Дар’я ад яго не атрымала. Праўда, 23 красавіка вязню дазволілі патэлефанаваць. «Я потым паглядзела: размова цягнулася 7 хвілінаў 39 секундаў. Ён пытаўся пра дзяцей, а таксама прасіў знайсці ягоны пашпарт і перадаць у калонію… Голас быў дастаткова пазітыўны. Ён нават абмовіўся, што яшчэ спадзяецца на перамены», – распавяла belsat.eu Дарʼя.

Аднак больш на сувязь Антон не выходзіў, а Дар’я атрымала інфармацыю ад сваякоў аднаго з вязняў, што ў ейнага мужа ў калоніі пачаліся праблемы: «Я даведалася, што яго пазбавілі права на перадачы і званкі на чатыры месяцы, у яго забралі асабістыя рэчы, адзенне. Чаму так здарылася? Я не ведаю. Але ў яго нічога не засталося, нават шкарпэтак».

Адвакат Антона Быкоўскага ў калоніі яшчэ не наведваў.

«Я хачу, каб адвакат мог хаця б пабачыць Антона. Даведацца, ці жывы ён, ці катуюць яго, у якім ён стане. Мне вельмі страшна за Антона, я не ведаю, што з ім».

Сама Дар’я цяпер жыве ў Літве. Яшчэ ў снежні 2020 года яна разам з дзецьмі была вымушаная з’ехаць з Беларусі з меркаванняў бяспекі:

«Мне стала вядома, што Антону падчас следства пагражалі і прэс-хатай, і расправаю з сям’ёй».

Аб просьбе памілаваць: «Прапанавалі – і ён падпісаў»

Павел і Дар’я Сахарчукі з дачкою.
Фота: сямейны архіў

Яшчэ адзін фігурант справы, 28-гадовы Павел Сахарчук, неўзабаве пасля этапавання ў калонію ў Івацэвічах быў змешчаны ў штрафны ізалятар.

«Па прыбыцці ў калонію ён больш за месяц не выходзіў на сувязь: не было ні лістоў, ні званкоў. Я тэлефанавала ў калонію некалькі разоў, дасылала лісты, тэлеграмы, і нарэшце ён патэлефанаваў. Высветлілася, сядзеў у ШІЗА 10 содняў. За што? Ды ні за што. Ён сказаў, што нічога не парушае. Маральна ён прыгнечаны, надламаны. Піша: «Як аказалася, камерная сістэма – гэта не самае страшнае і прыгнятальнае», – распавядае belsat.eu Дарʼя Сахарчук.

Паводле Дарʼі, ейнага мужа ў калоніі паставілі на прафілактычны ўлік. Яна не ведае дэталяў, але хутчэй за ўсё гаворка пра стандартны прафілактычны ўлік як асобы, «схільнай да экстрэмізму». Апошнім часам гэты статус выкарыстоўваюць у турмах для дадатковага кантролю і ціску на асуджаных паводле палітычных справаў.

Аднак Дарʼя прызнае, што цягам апошніх тыдняў сітуацыя ўсё ж палепшылася. Жанчына не ведае, ці супадзенне гэта, але пасля таго, як стала вядома пра гібель палітычнага вязня Вітольда Ашурка, з Паўлам у калоніі нарэшце наладзілася сувязь:

«Пры першым званку Паша сказаў, што адваката накіроўваць да яго бессэнсоўна, бо ўсё роўна не пусцяць. Але пасля гэтага ён ужо тры разы тэлефанаваў, лісты сталі прыходзіць, таму пытанне з адвакатам пакуль адклалі. Пры апошнім званку ён ужо быў больш бадзёры, убачыў праз «Viber» дачку (вязні ў тым ліку маюць права на відэазванок. – Заўв. belsat.eu), стала крышку лягчэй».

Падчас аднаго са званкоў Павел Сахарчук распавёў жонцы, што яму прапанавалі напісаць просьбу пра памілаванне, і ён пагадзіўся.

Hавiны
Вязням у СІЗА прапаноўвалі напісаць просьбу пра памілаванне. Чырвоны Крыж зняпраўдзіў свой удзел
2021.06.09 11:58

Дэманстратыўная жорсткасць

Справа пра пашкоджанне аўтамабіля працаўніка ДВП МУС вядомая найперш дэманстратыўнаю жорсткасцю сілавікоў у дачыненні яе фігурантаў.

У ноч на 29 верасня аператыўнікі ГУБАЗіК пры дапамозе байцоў спецатраду хуткага рэагавання затрымалі пяцярых мужчынаў ва ўзросце ад 28 да 39 гадоў у той момант, калі яны псавалі аўтамабіль, якім карыстаўся міліцыянт (пракалолі апоны, залілі мантажнаю пенаю дзвярныя праёмы, залілі фарбаю кузаў). Затрыманых жорстка збівалі і труцілі газам, хаця ніхто з іх не супраціўляўся. Тэлеграм-канал АТН Белтэлерадыёкампаніі тады апублікаваў некалькі відэаролікаў з затрыманымі.

На адным з іх Антон Быкоўскі быў збіты да крыві і не мог расплюшчыць вачэй, бо яму ў твар пырснулі слезацечным газам. «З якою мэтаю сюды прыехалі?» – спыталі яго сілавікі на відэа. «Я памыліўся палітычнымі поглядамі», – адказаў ён. Антон Быкоўскі атрымаў тады чэрапна-мазгавую траўму і апёк вачэй. Пра памылку ў поглядах казаў і Арцём Анішчук, які пасля выкарыстання газу відавочна быў у шокавым стане. «Што ты тут рабіў?» – пыталі сілавікі. «Не ведаю», – хістаў ён галавой у адказ. Працаўнікі БТ суправадзілі гэты відэаролік здзеклівым подпісам: «Позна соплі распускаць. Цяпер адказваць давядзецца».

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

3 лютага 2021 года суд Менскага раёну агучыў вырак у гэтай справе:

  • Ягора Яўстратава пакаралі 3 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму,
  • Паўла Сахарчука – 2 гадамі і 1 месяцам калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму,
  • Арцёма Анішчука – 2 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму,
  • Андрэя Нячыпара – 3 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму,
  • Антона Быкоўскага – 6 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Як высветлілася на судзе, абвінавачаныя былі ўдзельнікамі тэлеграм-чату, дзе абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне і метады супраціву незаконным дзеянням сілавікоў. На знак пратэсту супраць гвалту і катаванняў над мірнымі пратэстоўцамі менчукі пастанавілі пашкодзіць машыну міліцыянта. У абмеркаванні і ў самой акцыі бралі ўдзел агулам 9 асобаў, але на лаве падсудных аказаліся пяцёра, астатнія фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы». Абвінавачваныя мяркуюць, што гэта былі сілавікі, якія ў іхнай кампаніі фактычна выконвалі ролю правакатараў і падбухторвалі да больш рашучых дзеянняў.

Hавiны
Да 6 гадоў калоніі – выракі пяці менчукам, якія пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта
2021.02.03 13:25

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў