Дзе адпачыць беларусам ва ўмовах каронавіруса і закрытых межаў


Беларусам патрэбны адпачынак. Летась ён быў сапсаваны локдаўнам у суседніх краінах. Цяпер дадаліся закрытыя ўладамі Беларусі межы і закрытае замежнымі ўрадамі неба. «Белсат» паглядзеў, якія мажлівасці засталіся ў беларусаў і дзе можна набрацца сілаў на наступны год.

Туры выходнага дня

Выдатная магчымасць 1–3 дні павандраваць па Беларусі. Не трэба ні прышчэпкі, ні ПЛР-тэсту. Летась, калі пачаўся локдаўн, шмат хто скарыстаўся з такіх тураў.

Даведка
Карына Сітнік, дырэктарка турыстычнай кампаніі «Паход у народ». Фота з уласнага архіву

«Летась у нас заўважна павысіўся попыт на туры выходнага дня. Людзі так і казалі, што адкладалі грошы на адпачынак і цяпер выдаткоўваюць іх на нашыя туры. Бралі па некалькі паходаў за месяц», – распавядае Карына Сітнік, дырэктарка турыстычнай кампаніі «Паход у народ».

Фірма займаецца роварнымі, байдарачнымі ды іншымі паходамі па Беларусі.

Сёлета павышанага попыту на туры, паводле Карыны Сітнік, пакуль няма.

Аднак экспертка адзначае, што часцей сталі адпачываць у паходах па краіне замежнікі, якія цяпер не могуць з’ехаць з Беларусі:

«Ім цікавыя туры на Прыпяць, у беларускую частку чарнобыльскай зоны. З гэтага звычайна пачынаецца знаёмства з такім варыянтам адпачынку, як туры на выходныя. Потым людзі далучаюцца да іншых нашых праграмаў, каб паглядзець краіну».

Фота з уласнага архіву Карыны Сітнік

Паводле Карыны, з мінулага года не спадае інтарэс беларусаў да аграсядзібаў.

Асобы, якія прызвычаіліся самастойна арганізоўваць адпачынак, плануюць свае маршруты па краіне і спыняюцца ў гаспадароў сядзібаў.

«Самыя наведвальныя пункты – гэта і самыя вядомыя: балота Ельня застаецца запатрабаваным, у Белавежскую пушчу тым ліпенем стаяла чарга з машынаў», – адзначае адмыслоўца.

Што з коштамі?

Цяпер сплавіцца на байдарках можна за Br 30, а пагуляць па старажытным балоце Віцебшчыны – за Br 120. Карына Сітнік заўважыла, што туры крыху падаражэлі з мінулага года, але не параўнальна з курсам долара:

Фота з уласнага архіву Карыны Сітнік

 

«Мы сталі зарабляць троху меней. Падымаць кошты не плануем, але намагаемся прапанаваць нашым турыстам максімальна разнастайныя вандроўкі адпаведна сезону. Увесну сплаўляліся па Прыпяці, ездзілі назіраць за кулікамі, цяпер ладзім роварныя маршруты па Віцебскім Паазер’і».

Санаторыі

Значна больш беларусаў пачало аднаўляць сваё здароўе на радзіме, распавяла «Белсату» работніца санаторыю ў Віцебскай вобласці Людміла:

«Раней да нас у асноўным ездзілі расяяне, а з мінулага года стала шмат беларусаў. Праўда, яны не часта прыязджаюць на цэлы месяц. Гэта звычайна адзін ці два тыдні».

Санаторый «Нарач».
Фота: commons.wikimedia.org

Але сёлета ажыятажу на адпачынак няма: «Мы летась дзівіліся такой сваёй папулярнасці ў землякоў, а сёлета ўжо гатовыя да іхнага наведання».

Людміла запэўнівае, што пры жаданні можна знайсці адпачынак у беларускім санаторыі не горшы, чымся за мяжою:

«Так, у нас няма мора, але і не так горача, як у тым жа Егіпце летам. Не давядзецца пакутаваць ад акліматызацыі, ехаць не далёка. Дый санаторый – гэта ж не проста лёг і ляжыш. Тут і здароўе можна паправіць, наведаць дактароў, працэдуры розныя, тэрапіі. Бывае, прыедзе чалавек, змучаны ўвесь, з шэрым тварам, заціснуты, а паходзіць на масаж, пап’е зёлкавых збораў, падыхае вольным паветрам – і нібыта ажывае».

Што з коштамі?

У Беларусі шмат санаторыяў, можна знайсці варыянт, адпаведны бюджэту. Кошты ад Br 40 за двухмесны нумар на содні. Ці будуць кошты расці, невядома.

«Пакуль не плануюць іх павышаць, але як там будзе з эканомікаю – паглядзім», – распавядае работніца санаторыю.

Самалётам: Егіпет і Турцыя

Самыя папулярныя ў беларусаў замежныя курорты пакуль засталіся дасяжнымі. Гэта Турцыя ды Егіпет. Туды лётаюць чартары з Менску, можна купіць квіткі і самастойна.

Беларусы могуць наведаць без візы яшчэ і Грузію. Квіткі таксама можна набыць самастойна.

Можна спрабаваць і больш складаныя варыянты, з перасадкамі ў Маскве. Гэтак можна даляцець у Чарнагорыю ці Албанію. А можна і не даляцець ці не вярнуцца назад: беларусы не могуць вярнуцца назад праз Маскву.

Даехаць да Масквы стала прасцей дзякуючы дадатковым маршрутам цягнікоў і аўтобусаў. Аднак такое падарожжа робіцца больш складаным і даражэе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскае мора.
Фота: ТК / Белсат

Турыстычная аператарка Алена раіць пакуль не эксперыментаваць з замежным адпачынкам і абіраць адпрацаваныя варыянты – Турцыю і Егіпет: «Сітуацыя з палётамі ў гэтыя краіны на сёння надзейная, турыстычныя аператары ведаюць, як там што працуе на месцы».

На агрэгатарах тураў дасюль застаюцца прапановы наведаць Балгарыю ды іншыя краіны, але яны ўжо не актуальныя. «Абвесткі прыбіраюць рукамі, а мала ў каго з аператараў цяпер ёсць на гэта час. Таму ў асноўным большасць прапановаў там недаступная», – патлумачыла турыстычная аператарка.

Экспертка падкрэсліла, што цяпер для вандроўкі ў любую краіну трэба рабіць ПЛР-тэст, які застаецца актуальным 72 гадзіны. У некаторыя краіны можна ўзяць даведку аб прышчэпцы. Але варта спраўджваць актуальную інфармацыю, яна хутка мяняецца.

«Калі вы думаеце вандраваць з перасадкай у Маскве, то рабіце тэст максімальна блізка да пачатку паездкі. Ён будзе актуальны і для наведання Расеі, і для пералёту з яе сталіцы», – патлумачыла экспертка.

Што з коштамі?

Праз тое, што самалёты цяпер аблятаюць краіны, што закрылі для беларускіх бартоў паветраную прастору, квіткі падняліся ў коштах на $ 40–50. Гэта непрыемна, але кошт пад’ёмны, калі збіраешся ляцець да мора.

Аўтобусам

З наземных варыянтаў перамяшчэння ў беларусаў сталі карыстацца попытам вандроўкі ў Краснадарскі край. Туды можна дабрацца аўтобусам, але гэта зойме два дні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Альманскія балоты.
Фота: ІА / Белсат

«У той бок яшчэ нармальна можна даехаць. І спёкі моцнай пакуль няма. А вось вяртацца вельмі складана. Увесь адпачынак марнуецца праз такую дарогу. Але людзі едуць», – распавядае турыстычная аператарка Алена.

Што з коштамі?

Такі адпачынак вагаецца ў коштах у залежнасці ад таго, якое чалавек абірае жытло. Сам пераезд пры ранім браніраванні абыйдзецца недзе ў 100 долараў.

МГМ, belsat.eu

 

Стужка навінаў