Долар у Беларусі абваліўся да мінімуму са жніўня 2020 года. Што адбываецца?


Долары ЗША і еўры. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Падчас гандляванняў 9 чэрвеня на Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель значна ўмацаваўся да заходніх валютаў.

Курс долара знізіўся на 0,85 %, да 2,5007 рубля. Гэта мінімальнае значэнне за апошнія амаль 10 месяцаў.

Еўра патаннеў на 0,76 % і дасягнуў адзнакі 3,0465 рубля. Гэта мінімум за 6,5 месяца.

А вось расейскі рубель нязначна падаражэў – на 0,13 %, да 3,4694 беларускага рубля за 100 расейскіх.

«Гэта часовая тэндэнцыя»

У каментары belsat.eu навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль адзначыў, што ўмацаванню беларускага рубля да заходніх валютаў ёсць дзве прычыны. Першая – гэта ўмацаванне курсу расейскага рубля да іх, што ў сваю чаргу ўплывае і на беларускую валюту.

Другая прычына – папаўненне Нацыянальным банкам валютных рэзерваў у той час, як фізічныя і юрыдычныя асобы прадаюць замежную валюту, каб заплаціць падаткі і зборы.

«Гэта часовая тэндэнцыя. Цягам апошніх гадоў прасочваецца такая палітыка Нацбанку. Менавіта ў гэты час, красавік – травень, дастаткова часта адбывалася ўмацаванне рубля», – заявіў эксперт.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў