Да Рамана Пратасевіча ўпершыню за 11 дзён пусцілі адваката. Палітвязень перанёс цяжкую хваробу


Бацька зняволенага дамагаецца, каб да сына пусцілі дактароў.

Стоп-кадр з відэа з затрыманым Раманам Пратасевічам: Крыніца: ATN_BTRC / Telegram

Дзмітрый Пратасевіч, бацька зняволенага ў Беларусі журналіста Рамана Пратасевіча, расказаў украінскаму выданню «НВ», што адвакат другі раз – і першы раз за 11 дзён – здолеў трапіць да ягонага сына. Першы раз да затрыманага 23 траўня адваката пусцілі толькі праз чатыры дні.

Адвакат не можа расказаць шмат праз падпіску пра неразгалашэнне. Ні перадачаў, ні пасылак, ні лістоў Раман не атрымлівае з 25 траўня.

Паводле адваката, палітычны вязень перанёс найцяжэйшую форму танзіліту – запаленне паднябенных міндалінаў. «Нейкае лекаванне» яму аказвалі, але як яго лекавалі, бацька не ведае. Бацька кажа, што робіць усё магчымае, каб да сына дапусцілі доктара, бо здароўе Рамана яго непакоіць.

Таксама бацька пракаментаваў «інтэрв’ю», якое са зняволеным зрабіў дзяржаўны тэлеканал ОНТ:

«Яны хочуць пачуць ад яго тое, што хоча пачуць Лукашэнка, – кажа пра сына Дзмітрый Пратасеіч. – І на гэта ўсё накіравана. Што «апазіцыя жыве на грошы Захаду». Мы гэта чуем 26 гадоў. Што «ў апазіцыі раскол». Гэта таксама мы чуем… Што «апазіцыя ні на што не прыдатная, ім патрэбныя толькі грошы, яны жывуць на заходніх грантах, нічога не вартыя і як асобы нічога з сябе не ўяўляюць». Вось асноўны пасыл, што ад яго хацелі дамагчыся».

Hавiны
Афіцыйны Менск пачаў кантакты са «следчымі ЛНР»
2021.06.09 11:34

23 траўня самалёт «Ryanair» зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю пра мініраванне, якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега былі затрыманыя спецслужбамі. Вымушанае прызямленне самалёта было справакаванае беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля затрымання апазіцыйнага блогера.

3 чэрвеня ў эфіры ОНТ выйшла «інтэрвʼю» з Раманам Пратасевічам. Незалежныя медыі адмовіліся публікаваць вытрымкі з гэтай размовы. Рэч у тым, што з гледзішча журналісцкай этыкі «інтэрвʼю» з Раманам Пратасевічам лічыцца недапушчальным. Раман застаецца пад вартаю, за кратамі і ягоная дзяўчына Софʼя Сапега. Усё гэта дае падставы казаць, што на хлопца моцна ціснуць. А раны на руках сведчаць і пра катаванні ў турме.

Hавiны
Рэакцыя грамадства на сюжэт дзяржтэлебачання: «Інтэрв’ю» пад прымусам і катаваннямі
2021.06.04 18:23
Стужка навінаў