Да Рамана Пратасевіча не даходзяць лісты і грошы


Спадарыня Наталля, маці журналіста і блогера Рамана Пратасевіча, распавяла belsat.eu, што ў ейнага сына кепскі стан здароўя. Хлопец прымаў антыбіётыкі, хаця да канца не ясна, хварэў ён на ангіну ці танзіліт. Агулам маці вязня адзначае, што не ведае, як выглядае жыццё сына ў ізалятары. Адвакатка перадала, што Раман намагаецца трымацца і вельмі перажывае за бацькоў.

«Інфармацыі мала, бо ў адвакаткі падпіска пра неразгалашэнне. Сур’ёзна хварэў, у яго хранічныя праблемы з горлам. Цяпер яму, бадай, лепш, хаця б не хрыпіць», – кажа Наталля Пратасевіч.

Артыкулы
Да Рамана Пратасевіча ўпершыню за 11 дзён пусцілі адваката. Палітвязень перанёс цяжкую хваробу
2021.06.09 12:31

Да Рамана не даходзяць лісты. Маці ўпэўненая, што ейнаму сыну шмат хто піша, у тым ліку родныя і сваякі, але ніводнага адказу за ўвесь час ўтрымання Рамана ў СІЗА не было. Таксама на ягоны рахунак не даходзяць грошы ад бабулі.

«Яна дасылала пробныя 25 рублёў. Ужо шмат часу мінула, не дайшлі. А прынялі перавод толькі ад яе, бо ў яе такое ж прозвішча. Ад роднай сястры, у якой прозвішча мужава, не прынялі. Бабуля будзе зноў сёння спрабаваць выслаць».

Наталля Пратасевіч таксама пракаментавала «інтэрв’ю» прапагандыстаў ОНТ:

«Як мама магу сказаць, што рэакцыя сына на шмат якія моманты неўласцівая. Моўныя абароты, міміка, жэсты не ягоныя. Бачна, што ідзе ціск і запужванне. Калі яму пагражаюць смяротным пакараннем, экстрадыцыяй і расстрэлам на Данбасе, шантажуюць Софʼяй, уявіце, што там адбываецца. З мамай Соні мы ў кантакце. І Соня просіць у лістах ні ў чым не вініць Рому. Разумны зразумее паміж радкамі, што яна мае на ўвазе».

9 чэрвеня Інэса Аленская, адвакатка Рамана Пратасевіча, другі раз – і першы раз за 11 дзён – здолела трапіць да свайго падабароннага. Сёння ж сям’я Соф’і Сапегі атрымала першыя лісты ад зняволенай сяброўкі Пратасевіча. Дзяўчына апісвае свой побыт у СІЗА і просіць ні ў чым не вініць Рамана.

Артыкулы
Сям’я Соф’і Сапегі атрымала першыя лісты ад зняволенай. Што яна піша
2021.06.09 09:24

27 траўня Генпракуратура ЛНР распачала крымінальную справу супраць блогера з нагоды ягонага меркаванага ўдзелу ў дзейнасці батальёну «Азоў». Аляксандр Лукашэнка пасля нядаўняй сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным запрасіў прадстаўнікоў ЛНР «паставіць пытанні» Раману Пратасевічу. Кіраўнік ЛНР Леанід Пасечнік заявіў сёння ria.ru, што «праваахоўныя органы» кантактавалі з уладамі Беларусі ў справе захопленага журналіста. Паводле яго, луганскія «следчыя» павінны былі ўжо выехаць у Менск для допыту маладёна. Украіна пагражала, што калі прадстаўнікоў ЛНР дапусцяць да Пратасевіча, то Лукашэнку «будзе балюча».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў