Чаму Ціханоўская была хатняй гаспадыняй? Яна кажа, што не праз адсутнасць амбіцыяў

У беларускай інтэрнэт-прасторы абмяркоўваюць адну з заяваў Ціханоўскай: пра тое, што яна мусіла быць хатняй гаспадыняй праз праблемы са здароўем сына.

Такую заяву Святлана Ціханоўская зрабіла ў інтэрв’ю радыё «Свабода» 8 чэрвеня:

«Прапагандысцкія тэлеканалы і блогеры абражаюць мяне: «баршчаварка», «ідзі смажыць катлеты», бо я была хатняй гаспадыняй. Я была хатняю гаспадыняй не таму, што не хацела працаваць ці не мела нейкіх амбіцыяў, а таму, што была вымушаная быць дома і рэабілітаваць сваё дзіця.

Пра гэта спачатку я зусім не расказвала, каб не выклікаць жалю да сябе. Так атрымалася, што дзіцяці патрэбная ўвага, і я цалкам выклалася за гэтыя дзесяць гадоў, і цяпер маё дзіця вядзе звычайнае жыццё, яму не патрэбныя штодзённыя заняткі. Гэтую сваю місію я выканала на ўсе 10 балаў. Цяпер усё добра ў майго дзіцяці, дзякую».

Насамрэч аб праблемах са здароўем сына Ціханоўскіх Карнея было вядома даўно, пра гэта згадвалі ў прэсе яшчэ ў жніўні 2020 года. Ціханоўская расказвала ў інтэрв’ю, што на другім годзе жыцця Карнея выявілася, што ён не чуе: сыну давялося зрабіць аперацыю, праводзіць рэабілітацыю, пераехаць у Менск і ўсе наступныя гады аддаць на паходы да дактароў. Аднак у сваёй прэзідэнцкай кампаніі Ціханоўская не згадвала пра хваробу сына і не тлумачыла, чаму была хатняю гаспадыняй.

Аднак тэму дзяцей намагаліся выкарыстаць супраць Ціханоўскай і ейнай прэзідэнцкай кампаніі: невядомыя яшчэ ў чэрвені 2020-га пагражалі ёй, што дзяцей адбяруць, і патрабавалі спыніць кампанію. Яна пастанавіла працягваць кампанію, не зважаючы на пагрозы, а дзяцей выправіла за межы Беларусі.

Ціханоўская: Я не адчувала сябе ў бяспецы ні адзін дзень з моманту падачы дакументаў

АА belsat.eu

Hавiны