Блогерку Вольгу Такарчук пасадзілі ў карцар. За што, невядома


Яна нібыта парушыла правілы ўнутранага распарадку, але якія, не кажуць.

Вольга Такарчук.
Фота: Оля Токарчук / Youtube

Андрэй Такарчук, бацька палітычнай зняволенай Вольгі Такарчук, расказаў радыё «Свабода» 9 чэрвеня, што ў яго не прынялі перадачы для дачкі: аказалася, яе змясцілі ў карцар да 14 чэрвеня. Бацькам сказалі, што яна нібыта парушыла правілы ўнутранага распарадку, але што менавіта, не сказалі.

Бацькі прывезлі ў жодзінскую турму тое, што Вольга прасіла ў лісце: агуркі, памідоры, цыбулю, салату, часнык, чорны хлеб. Гэтую перадачу не прынялі.

«Само па сабе пазбаўленне волі — гэта шок. А карцар — гэта шок удвая», — сказаў бацька, былы супрацоўнік міліцыі.

Вользе выставілі абвінавачанні паводле артыкулаў: «Паклёп» (арт. 188 КК РБ), «Абраза суддзі» (арт. 391 КК РБ) і «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ). Праваабаронцы ўжо прызналі яе палітычнай зняволенай. Яе некалькі разоў затрымлівалі пасля выбараў 2020 года. 19 траўня ўчынілі ператрус, змясцілі пад варту. На волі яе чакаюць муж і двое непаўналетніх дзяцей. Відэаблог Вольгі цяпер мае амаль 37 тысяч падпісантаў на YouTube.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў