«Белсат» атрымаў трэці Срэбны гузік ад YouTube. Чаму гэта крута


Відэасэрвіс YouTube прыслаў «Белсату» трэцюю адзнаку аб дасягненні каналам 100 тысяч падпісантаў. Рэальную срэбную таблічку з лагатыпам сэрвісу цяпер маюць каналы «Белсат News», «Белсат Life» і «Вот Так».

Адметнасць першых двух каналаў – у тым, што яны вядуцца на беларускай мове. «Белсат News» два гады таму стаў першым беларускамоўным каналам, які атрымаў Срэбны гузік, а цяпер застаецца самым папулярным з беларускамоўных на YouTube з амаль паловаю мільёна падпісантаў. Следам ідзе канал радыё «Свабода» з 225 тысячамі падпісантаў (і ўласным Срэбным гузікам).

«Белсат Life» – канал, які расказвае асабістыя гісторыі людзей, – зусім нядаўна атрымаў свой Срэбны гузік і мае цяпер 102 тысячы падпісантаў.

Два Срэбныя гузікі за два беларускамоўныя каналы мае толькі «Белсат».

А канал «Белсату» для расейскамоўнай аўдыторыі «Вот так TV» цяпер мае 316 тысяч падпісантаў. Пра беларускія медыі, якія маюць адразу тры Срэбныя гузікі, мы таксама пакуль не чулі.

І гэта яшчэ не ўсе YouTube-каналы «Белсату»: мы маем «Жэстачайшы мульт», «Белсат Now», «Белсат Гісторыя», «Белсат Музыка», «Белсат Doc», каналы па-англійску і па-польску.

А калі вам мала «Белсату» на YouTube, мы ёсць таксама ў сацыяльных сетках Telegram, Facebook, Instagram, «УКантакце», «Одноклассники», Twitter і нават у TikTok.

Наступны крок – Залаты гузік за 1 мільён падпісантаў. (Калі ёсць паўмільёна, дык да мільёна ўжо не так далёка. Здолеем?) Такую адзнаку маюць толькі два дзясяткі беларускіх YouTube-каналаў, змест большасці якіх – забавы, гульні і крэатыў. Сярод медыяў Залаты гузік маюць TUT.by і Onliner.by. Брыльянтавы гузік і больш як 10 мільёнаў падпісантаў мае толькі адзін беларускі карыстальнік сэрвісу YouTube – блогер Улад Бумага.

P.S. Гузікі насамрэч не срэбныя і не залатыя. Нашыя «срэбныя» вырабленыя з медна-нікелевага сплаву. Але яны ўсё роўна нам дарагія.

Стужка навінаў