Архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага адхілілі ад пасады. Ён крытыкаваў жорсткасць уладаў пасля выбараў


Рашэнне яшчэ можа скасаваць Масква: прэс-сакратар БПЦ кажа, бывала і такое. Але ў Беларусі пастанову прынялі.

Архіепіскап Арцемій на прамове. Свята-Пакроўскі кафедральны сабор, 14 сакавіка 2021 года.
Фота: Свято-Покровский собор / Youtube

На сінодзе 8 чэрвеня епіскапы і архіепіскапы Беларускай праваслаўнай царквы пастанавілі адхіліць ад пасады архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія (Аляксандра Кішчанку), піша «Волковыск.by».

69-гадовы святар меў сан архіепіскапа з 2012 года, служыў царкве яшчэ з 1970-х. Прычыны адхілення не называюць.

У каментары «Нашай ніве» іераманах Афанасій (Сакалоў) заявіў, што не ведае, ці праўда гэта. Ён дадаў, што рашэнне беларускага сіноду яшчэ мае зацвердзіць маскоўскі патрыярх (гэта можа адбыцца пасля 17 чэрвеня), а бывалі выпадкі, калі ён не зацвярджаў. Да прыняцця рашэння Масквой архіепіскап будзе выконваць свае функцыі.

Пытанне пра адстаўку айца Арцемія з’явілася пасля канфлікту сярод праваслаўных іерархаў Горадні. У жаночым манастыры збіраліся подпісы за ягонае адхіленне ад пасады. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін забараніў збіраць якія-кольвек подпісы.

Айцец Арцемій у шэрагу заяваў пасля прэзідэнцкіх выбараў крытыкаваў жорсткасць уладаў. Ён казаў на службе 16 жніўня 2020 года, што ўладам «на каленях трэба стаяць за ўсе фальсіфікацыі, за тую хлусню». Ён закранаў палітычныя тэмы і ў пазнейшых прамовах. Матушка Гаўрыіла з жаночага манастыру, у сваю чаргу, цалкам падтрымала курс Аляксандра Лукашэнкі ды ягоныя метады.

Hавiны
Канфлікт у Гарадзенскай епархіі: ігумення Гаўрыіла супраць епіскапа Арцемія
2020.09.21 19:07

АА belsat.eu

Стужка навінаў