Афіцыйны Менск пачаў кантакты са «следчымі ЛНР»


Украіна пагражала, што калі прадстаўнікоў ЛНР дапусцяць да Пратасевіча, то Лукашэнку «будзе балюча».

Сімволіка суда самаабвешчанай ЛНР.
Фота: gtrklnr.com

Кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Леанід Пасечнік заявіў 9 чэрвеня, што «следчыя» групоўкі ўжо пачалі кантакты з Менскам у справе зняволенага ў Беларусі Рамана Пратасевіча, піша «РИА Новости». Падрабязнасцяў гэтых кантактаў пакуль не раскрываюць.

«Наколькі я ведаю, кантакты былі, – заявіў Пасечнік. – На маю думку, нашыя следчыя – хоць я не ведаю, я ўжо з’ехаў у гэты момант – павінны былі паехаць у Беларусь для допыту ў нашай крымінальнай справе. Але гэта не дакладна. Але кантакты, тэлефанаванні былі, 100 %».

У ЛНР раней заяўлялі, што журналіст «забяспечваў транзіт грамадзянаў, якія хацелі ваяваць на Данбасе». Як ён гэта нібыта рабіў, не ўдакладнялі. Пратасевіч сапраўды ў 2014 годзе быў на Данбасе: ён і ягоныя сваякі сцвярджалі, што Раман працаваў там як журналіст. Пасля таго ён шмат гадоў працаваў у Беларусі. Беларуская прапаганда і следам за ёй ЛНР толькі ў 2021 годзе «выявілі», што Пратасевіч нібыта ўступіў у шэрагі ўкраінскага падраздзялення «Азоў» (заснавальнік «Азова» казаў, што Пратасевіч не ваяваў, а працаваў журналістам).

Аляксандр Лукашэнка пасля нядаўняй сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным запрасіў прадстаўнікоў ЛНР «паставіць пытанні» Раману Пратасевічу. Гэта, а таксама пажаданне Лукашэнкі запусціць авіярэйсы ў акупаваны Расеяй украінскі Крым выклікала абурэнне ва Украіне: Міністэрства замежных справаў прыгразіла Беларусі санкцыямі, а асабіста Лукашэнку – тым, што «будзе балюча», калі да Пратасевіча дапусцяць прадстаўнікоў ЛНР, якую ва Украіне лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Hавiны
Крэмль чакае тлумачэнняў ад Лукашэнкі аб фінансаванні «Nexta» з Расеі
2021.06.07 16:27

23 траўня самалёт «Ryanair» зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю пра мініраванне, якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега былі затрыманыя спецслужбамі. Вымушанае прызямленне самалёта было справакаванае беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля затрымання апазіцыйнага блогера.

3 чэрвеня ў эфіры ОНТ выйшла «інтэрвʼю» з Раманам Пратасевічам. Незалежныя медыі адмовіліся публікаваць вытрымкі з гэтай размовы. Рэч у тым, што з гледзішча журналісцкай этыкі «інтэрвʼю» з Раманам Пратасевічам лічыцца недапушчальным. Раман застаецца пад вартаю, за кратамі і ягоная дзяўчына Софʼя Сапега. Усё гэта дае падставы казаць, што на хлопца моцна ціснуць. А раны на руках сведчаць і пра катаванні ў турме.

Hавiны
Рэакцыя грамадства на сюжэт дзяржтэлебачання: «Інтэрв’ю» пад прымусам і катаваннямі
2021.06.04 18:23

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў