Варшаўскі вольны аркестр: хто тыя музыкі, што зладзілі антываенны канцэрт?


8 траўня ў Еўропе адзначаўся Дзень Перамогі. Варшаўскі вольны аркестр падрыхтаваў да гэтай даты антываенны канцэрт-перформанс, што прайшоў у Варшаве на Бруксэльскай, 23 (Prom Kultury Saska Kępa). Акрамя самога аркестру, разам з фолк-гуртом «Lity Taler» на сцэне выступілі беларускія і ўкраінскія акторы Арцём Мануілаў, Дар’я Новік, Паліна Дабравольская і Анастасія Мацкевіч – яны чыталі ўрыўкі з твораў Святланы Аляксеевіч. Дырыгавалі канцэртам два музыкі – беларус Аляксандр Кірʼянка і ўкраінец Стас Чубенка.

Украінскі актор Арцём Мануілаў чытае ўрывак тэксту з твораў Святланы Алексіевіч падчас выступу Варшаўскага вольнага аркестру на антываенным канцэрце.
Фота: ЯП / Белсат

Музычныя вандроўнікі, як і ўсе беларусы цяпер

У 2021 годзе Сяргей Доўгушаў (спецыяліст у фальклорнай музыцы, удзельнік гурта «Vuraj» і адзін са стваральнікаў Вольнага хору) пераехаў у Варшаву і неўзабаве сабраў калектыў з суайчыннікаў-музыкаў. Так і з’явіўся Варшаўскі вольны аркестр, што дэбютаваў канцэртам у гонар Дня Волі ў 2021 годзе. Потым пачаліся рэпетыцыі, што праходзілі спачатку ў Беларускім доме, пазней аркестр гасцяваў у варшаўскіх дамах культуры, цяпер музыкі рэпетуюць у Беларускім моладзевым хабе – чым не музычныя вандроўнікі?

На этапе паўстання аркестру ўсе ўдзельнікі былі натхнёныя. Самы буйны канцэрт калектыву – з Лявонам Вольскім у Лодзі 18 снежня на фестывалі беларускай культуры «Цвік». Гэта быў аншлаг у клубе «Wytwórnia Łódź». Варшаўскі вольны аркестр зрабіў аранжаванне некалькіх песень, напісаных выканаўцам. Пасля канцэрту калектыў быў яшчэ больш зматываваны на развіццё беларускай традыцыйнай культуры, але стваральнік калектыву і ідэйны натхняльнік Сяргей Доўгушаў зʼехаў у Амерыку да сямʼі. Гэта паўплывала на размеркаванне абавязкаў у аркестры. Большасць арганізацыйных пытанняў узяла на сябе Анастасія Мацкевіч – прафесійная музыка і аўтарка шэрагу мастацкіх праектаў. Яна скончыла Музычны ўніверсітэт імя Шапэна ў Варшаве. У аркестр Насцю запрасіў Сяргей, год таму.

– З беларускімі музыкамі мяне шмат звязвае: музвучэльня ў Менску, супольныя знаёмыя, супольная карціна свету. Гэта першае месца, дзе я адчула сябе ў сваёй талерцы, – распавядае Анастасія. – Усе мае арт-праекты накіраваныя на беларускую культуру, бо яна мае глыбокія карані. Доўгія стагоддзі нашая краіна была пад рознага роду акупацыямі. Большасць беларусаў не ведае, наколькі багатая нашая культура, бо яна або прысвойвалася іншымі народамі, або знішчалася.

Запрошаны ўкраінскі дырыжор Стас Чубенка выконвае твор Антона Лубчанкі падчас выступу на антываенным канцэрце.
Фота: ЯП / Белсат

Насця распавяла, што Слонім каля 200 гадоў таму быў другой опернай сталіцаю свету (у часы Агінскага), у горадзе быў тэатр на вадзе для некалькіх тысяч гледачоў. Вы бачылі гэты тэатр цяпер, ці хаця б чулі пра яго?

– Але ў першую чаргу для мяне гэта гісторыя пра людзей, пра неймаверны калектыў, – кажа Насця.

– Не, для Насці гэта хутчэй пра бясплатную працу і бяссонныя ночы, – жартуе новы дырыжор аркестру Аляксандр Кір’янка.

Аляксандр вучыўся ў музычным каледжы пры Акадэміі музыкі ў Менску, потым паступіў у Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю, працаваў у Шарамецьеўскім палацы. У сакавіку 2022 года зʼехаў у Польшчу па лепшую музычную адукацыю, а таксама ў сувязі з пачаткам вайны, і тут жа праз знаёмых даведаўся пра аркестр. Калектыў тады збіраўся скасоўваць запланаваны выступ 25 сакавіка да Дня Волі – не было дырыжора. Але Аляксандр напісаў аркестру ў патрэбны час – і канцэрт адбыўся.

Актрыса Анастасія Мацкевіч чытае ўрывак тэксту з твору Святланы Аляксеевіч падчас выступу на антываенным канцэрце.
Фота: ЯП / Белсат

Пасля супольнага дэбюту Саша з Насцяй прыняліся распісваць планы на будучую дзейнасць аркестру:

– Гэта былі два тыдні супольнай цішыні, калі мы пераглядалі ўсе планы і стваралі бурлівую супольную працу. Мне наогул здаецца, што ўсё нараджаецца ў гэтым свеце з цішыні і паўзаў.

Так і нарадзіўся з іхнай супольнай цішыні план інсцэнізацыі барочнай оперы паводле п’есы Уршулі Радзівіл. Для ажыццяўлення праекту падалі заяўкі на некалькі грантаў.

Гісторыі
Радзівілы: 7 стагоддзяў беларускага роду ваяроў і мецэнатаў
2021.07.24 10:00

Вуліцы плацяць больш, чым аркестр

Цяпер тэма фінансавання аркестру максімальна празрыстая – фінансавання папросту няма. Аркестр ужо больш за год трымаецца на чыстым энтузіязме ўдзельнікаў і пачуцці калектыўнай агульнасці, гэткай важнай для мігрантаў.

– Я не думаў, што аркестр можа існаваць толькі на ідэі. Мы ўсе – беларусы, мы хочам прасоўваць нашую культуру, трымацца разам, – распавядае трубач Косця. – Я бачу, як аркестр развіваецца. За год існавання нас пачалі запрашаць на імпрэзы: мы рабілі з трубачамі гімн і фанфару перад выступам Ціханоўскай у Варшаве, запісалі пару кампазіцыяў з Вольскім, выступілі з ім на адным канцэрце. Нам бы толькі пытанне з фінансаваннем яшчэ развязаць… Я падпрацоўваў нейкі час граннем на вуліцы. Магу дакладна сказаць, што на вуліцы плацяць больш, чым у аркестры.

Косця вучыўся ў Акадэміі музыкі ў Менску, але ў сакавіку 2021 года яго ў адзін дзень адлічылі, уручылі позву, да вечара яшчэ і затрымалі. Ён зразумеў намёк і першым жа самалётам паляцеў у Варшаву, дзе і апынуўся ў аркестры. Косця яшчэ ў Беларусі ўдзельнічаў у праектах Вольнага хору і ў аркестр уліўся адразу ж пасля пераезду.

Фота: ЯП / Белсат

Фінансавая стабільнасць удзельнікаў аркестру – важны пункт у арганізацыйным спісе Насці:

«Я б хацела, каб дзейнасць аркестру магла забяспечыць фінансавую стабільнасць прафесійным музыкам, з якіх складаецца нашая каманда. Я на сабе ведаю, што дзеячам культуры ў эміграцыі вельмі складана знайсці працу паводле прафесіі. У выніку чалавек працуе дзе давядзецца і павольна выгарае, робіцца няшчасным».

На думку адной са скрыпачак калектыву – Галі (імя змененае), – грошы не настолькі важныя, калі ў чужой краіне ты маеш кола аднадумцаў:

– Мне падабаецца калектыў. Мы сюды прыйшлі не па грошы – мы граем за ідэю. Мне здаецца, калі ты ўцякаеш аднекуль, ты бяжыш да новых людзей. Дзе б ты ні жыў, цябе атачаюць людзі, яны – твой свет. Таму я тут, – каментуе Галя. Яна прыехала ў Варшаву каля паўгода таму. Яе звольнілі з дзяржаўных музычных калектываў. – А жыву я за кошт змены прафесіі, перавучылася на праграмістку. Гэта мне таксама ў музыцы дапамагло, я цяпер больш структуравана раскладваю думкі. Ноты з ліста чытаю хутчэй.

Дырыжор Аляксандр Кір’янка падчас выступу на антываенным канцэрце.
Фота: ЯП / Белсат

З Галяй салідарная флейтыстка Юля, якая ў складзе аркестру грае з моманту яго стварэння:

– Я не ведаю, чым бы займалася ў Варшаве, калі б не аркестр. Для мяне гэта важная прастора для развіцця, менавіта таму я тут, бо выкладаць музыку я магла б і ў Беларусі. Але там больш няма такога дружнага калектыву, які развівае беларускую культуру. Тым больш, я даўно марыла апынуцца менавіта ў сімфанічным аркестры – для духавікоў гэта вялікая канкурэнцыя. А зарабляю я прыватным выкладаннем.

Антываенны канцэрт, або мастацтва супраць дыктатуры

Апошнія тыдні аркестр рыхтаваўся да канцэрту на 8 траўня. Вось як Аляксандр Кір’янка каментуе выбар музычнай праграмы:

– Мы падумалі, што найлепшай ідэяй будзе дырыгаванне большай часткі канцэрту ўкраінскім музыкам, але беларускім аркестрам. Што падкрэслівае нашу салідарнасць і супрацьстаянне вайне. Цяперашні палітычны рэжым у Беларусі падтрымлівае вайну, але яе не падтрымліваюць самі беларусы, і пра гэта важна казаць.

Дар’я Новік і Анастасія Мацкевіч спяваюць падчас выступу на антываенным канцэрце.
Фота: ЯП / Белсат

Дырыжор Стас Чубенка з Харкава, жыў у Пецярбурзе і вучыўся разам з Сашам:

– Калі пачалася вайна, я зразумеў, што не магу больш заставацца ў гэтай краіне, сабраў малую валізку і з’ехаў. У аркестр мяне запрасіў Саша, і я цаню нашую працу разам. Я дырыгую творы Антона Лубчанкі, выдатнага сучаснага кампазітара, ноты якіх ён даў нам бясплатна. Гэтая музыка добрая тым, што яна кароткая і шматгранная. Яе трэба ўважліва слухаць – і вы самі ўсё зразумееце. Мы выказваемся не зброяй, а прыгожым.

– Я лічу, што мастацтва – вельмі недаацэнены і моцны інструмент, – падтрымлівае Аляксандра Насця. – Нездарма ж дыктатуры ў першую чаргу скасоўваюць сферу культуры, бо мастацтва прымушае людзей задумацца і адчуць эмпатыю.

ЯП/ММ belsat.eu

Стужка навінаў