Расея засталася без высокадакладнай зброі, але можа ваяваць на запасах з часу СССР


Брытанская выведка паведамляе, што Расея практычна вычарпала запасы высокадакладнай зброі. Але гэта не азначае, што Крэмль не мае чым ваяваць, кажуць у размове з «Белсатам» вайсковыя эксперты. На думку аналітыкаў, старых запасаў зброі, якая дасталася ў спадчыну з часу СССР, у Расеі засталося вельмі шмат.

Расейскі МіГ-31 з гіпергукавою ракетаю «Кінжал». Крыніца: mil.ru

Запасы высокадакладнай зброі РФ вычарпаныя, але цяпер расейцы выкарыстоўваюць старыя і менш надзейныя боепрыпасы, заяўляе выведка Вялікай Брытаніі:

«Уварванне Расеі ва Украіну выявіла недахопы ў яе здольнасці наносіць дакладныя ўдары буйнога маштабу. Расея інтэнсіўна бамбардуе паселішчы Украіны, амаль не звяртаючы ўвагі на ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Гэта прымусіла выкарыстоўваць лёгкадаступныя, але састарэлыя боепрыпасы, якія менш надзейныя, менш дакладныя і лягчэй перахопліваюцца. Расея, хутчэй за ўсё, будзе спрабаваць замяніць высокадакладнае ўзбраенне, якое яна ўжо страціла».

ВІДЭА
«Перамаглі тады. Пераможам і цяпер!» Зяленскі заявіў, што ва Украіне будуць два Дні Перамогі
2022.05.09 13:10

Эксперты лічаць, што ў Крамлі моцна памыліліся: спадзяванні на хуткую вайну зазналі крах. Высокадакладных боепрыпасаў амаль не засталося. Пасля таго як краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць Расеі, аднавіць сучасную зброю будзе вельмі складана.

«Запасы ракетаў высокай дакладнасці вычарпальныя, бо гэта зброя новая. Яе вытворчасць моцна залежыць ад імпартных тэхналогіяў. Вядзецца галоўным чынам пра тыя ж «Калібры», «Кінжалы». Таму цяпер мы бачым, што адбываецца пераход ад высокадакладных да самых звычайных ракетаў. А вось гэтага «дабра» сапраўды вельмі і вельмі шмат. Памятайма, што СССР планаваў наступальную вайну на даволі шырокім абсягу. Таму гэтай зброі і ў Беларусі, і ў Расеі вельмі шмат. Можна страляць снарадамі вытворчасці 1968 гадоў нават», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці вайсковы эксперт.

І праблема цяпер у Расеі паўстае не толькі з ракетамі. Вайсковы аглядальнік нагадвае, што ў 2020–2022 гадах Расея планавала паставіць у войска каля 9 тысячаў бранятэхнікі і меркаваўся пераход на танк «Армата». Але, як бачым, палову ад гэтай колькасці ўкраінцы ўжо знішчылі.

«І каб аднавіць гэты парк, трэба яшчэ 2-3 гады. Але зноў жа паўстае праблема з тым, што шмат камплектавальных у гэтай тэхніцы імпартныя. Праблемаў вельмі шмат. Захад зацікаўлены ў тым, каб Крэмль як мага болей вычарпаў ва Украіне сваіх рэсурсаў», – кажа эксперт.

Увогуле, на думку аналітыка, увесь запас высокадакладнай зброі расейцы таксама не будуць выпускаць па Украіне: гэтыя ракеты патрэбныя і для іншых мэтаў. Існуе ўсведамленне, што ўзнавіць гэты запас будзе вельмі складана.

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: mil.ru

Суразмоўца «Белсату» таксама звяртае ўвагу, што Крэмль у вайне дастаткова безразважліва страціў вялікую колькасць сучасных танкаў, траціць самалёты, зазнае вельмі вялікія страты сярод вайскоўцаў. Але пры гэтым магчымасці выкарыстоўваць іншыя віды зброі ў Расеі ёсць, лічыць Аляксандр Марозаў, палітолаг, выкладчык Карлавага ўніверсітэту ў Празе. Крэмль можа працягваць агрэсію дастаткова доўга:

«Крэмль ігнаруе колькасць ахвяраў сярод сваіх вайскоўцаў. Калі вядзецца вайна, пры якой гібель кожнага вайскоўца і афіцэра публічна важная ды значная, то ў такім выпадку іначай выкарыстоўвацца тэхнічныя магчымасці для вядзення вайны. Масква можа ў пекла шпурляць людзей, таму можа і выкарыстоўваць зброю з запасаў савецкага перыяду. А гэтых запасаў даволі шмат не толькі на тэрыторыі Расеі, але і ў краінах былога СССР».

Hавiны
Краіны G7 паабяцалі прыцягнуць Пуціна і Лукашэнку да адказнасці
2022.05.09 09:04

Пры гэтым некаторыя краіны NATO таксама выказваюць меркаванне, што Альянс праз перадачу зброі Кіеву страчвае боегатовасць і робіцца больш уразлівым. Некаторыя заходнія палітыкі лічаць, што ў сучасных варунках зброя неабходная іхным краінам у сувязі з пагрозаю Расеі.

«Калі немцы заяўляюць, што праз пастаўкі зброі абароназдольнасць NATO аслабне, то гэтыя заявы не адпавядаюць рэчаіснасці. Проста трэба ўлічваць, пра якую вайну вядзецца. То бок для абароны неабходныя адныя рэсурсы, а для наступу – зусім іншыя. Эфектыўнасць зброі вымяраецца тактыкай і мэтаю, дзе яна будзе выкарыстоўвацца», – лічыць вайсковы аналітык.

У жылы дом на вуліцы Лабаноўскага ў Кіеве патрапіла ракета. 26 лютага 2022 года.
Фота: УНІАН

У сваю чаргу Аляксандр Марозаў кажа, што ў краінаў NATO магчымасці і запасы зброі даволі вялікія. На думку палітолага, цяпер у Альянсе вядуцца дыскусіі ў справе паставак менавіта наступальнай зброі, якая дазволіць зрабіць контрнаступ:

«Мне падаецца, што гэта галоўнае пытанне цяпер, і яно вельмі важнае для Украіны. Бо цяпер мала хто сумняецца, што ўкраінцы здольныя атакаваць. Яны вядуць гераічную вайну і пры гэтым не адмовяцца ад контрнаступу дзеля вызвалення захопленых тэрыторыяў. Таму наступальная зброя Кіеву патрэбная. Але я думаю, што ў выніку яны атрымаюць гэтыя віды зброі, не абавязкова гэта будуць пастаўкі з Нямеччыны, знойдуцца іншыя краіны, якія пагодзяцца даставіць такую зброю».

На мінулым тыдні былы камандуючы войскам ЗША ў Еўропе Бэнджамін Годжэз адзначыў, што найбліжэйшыя 3 тыдні вайны будуць вызначальныя для Украіны і Расеі на некалькі гадоў наперад. Генерал заявіў у эфіры ўкраінскага тэлемарафону, што вайна «зменіць свой імпульс». На думку генерала, Украіна здолее перамагчы ў гэтай вайне.

Hавiны
Эксперт: «Наступныя 2-3 тыдні вызначаць будучыню Украіны і Расеі на гады»
2022.05.02 16:49

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў