Гісторык Алесь Пашкевіч: Рэжым адчувае сваю слабасць і шукае крыніцы для ўласнай легітымнасці ў мінулым


Для беларусаў ільвіную долю нацыянальнай памяці займае Вялікая Айчынная вайна ды Другая сусветная вайна. Міф пра Вялікую Айчынную быў вельмі важны для СССР і стаўся падмуркам сучаснай беларускай ідэалогіі з элементамі культу. З цягам часу трагедыя вайны, «свята са слязамі на вачах», зрабілася падставай для карнавалу і трыумфу дзяржаўнай прапаганды. Сёння памяццю пра вайну рэжым апраўдвае свае адыёзныя і цемрашальскія дзеянні ды небывалыя за ўсю гісторыю Беларусі рэпрэсіі.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна». 8 траўня 2022 года.
Фота: Stringer / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Як памяць пра вайну сталася цацкай у руках Лукашэнкі? Чаму яна сёння, хутчэй, раз’ядноўвае, а не яднае? Ці можа вайна ва Украіне разбурыць культ ВАВ і на чым мусіць будавацца дзяржаўная ідэалогія ў новай Беларусі? Пра гэта мы паразмаўлялі з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

«У рэжыму няма пазітыўнай візіі будучыні, адказаць на выклікі сучаснасці яны адэкватна не здольныя»

– Як бы вы ахарактарызавалі месца Дня Перамогі ў палітычнай культуры Савецкага Саюзу? Калі і чаму перамога, здабытая ў траўні 1945-га, і ўся гісторыя вайны сталіся прадметам арганізаванага культу?

У гістарычнай палітыцы і палітыцы памяці Савецкага Саюзу святкаванне Дня Перамогі займала вельмі значнае, практычна ключавое месца, хоць у той час афіцыйны культ гэтай падзеі паўнавартасна дзяліў месца сярод гістарычных і палітычна-ідэалагічных чырвоных датаў з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Асабліва моцна культ Вялікай Айчыннай вайны стаў прасоўвацца з 1965-га, на які прыпала 20-годдзе Перамогі. Менавіта тады сфармаваўся той стандарт святкавання, які заставаўся амаль нязменным да самага канца савецкай улады.

І гэты культ не быў зусім штучны, паколькі памяць пра вайну была яшчэ вельмі жывая на ўсіх узроўнях: вайна непасрэдна зачапіла абсалютна ўсіх, хто тады жыў, а маладзейшае, народжанае ўжо пасля вайны пакаленне ведала пра яе не з кніжак, а ад непасрэдных жывых сведкаў, у тым ліку ўласных бацькоў. Таму свята не было чыста афіцыёзным, людзі яго рэальна неяк для сябе адзначалі, хоць далёка не заўсёды прадпісанымі ідэолагамі спосабамі. Гэта было нешта большае за проста выходны дзень. І не толькі для яшчэ вельмі шматлікіх у той час ветэранаў вайны.

Аналітыка
9 траўня ў свеце: дзе сёлета адмовіліся ад святкаванняў, а дзе будуць парады і салюты
2022.05.09 08:30

– Чым адрозніваецца сённяшні культ Перамогі ў Беларусі і Расеі?

І ў Беларусі, і ў Расеі вонкавыя стандарты святкавання Дня Перамогі стараюцца падтрымліваць максімальна набліжанымі да савецкіх. Мерапрыемствы і іх фармат адрозніваюцца не вельмі значна – хоць, вядома, гэта не выключае ўзнікнення новых формаў, накшталт сумнавядомага «несмяротнага палка».

Але асабліва ў Расеі вельмі змясціліся акцэнты пры святкаванні. Калі ў савецкі час усё ж асноўны пасыл быў бліжэйшы да «ніколі зноў», то ў пуцінскай Расеі ён фактычна трансфармаваўся ў «можам паўтарыць». Прытым гэта не было толькі зверху спушчанай трактоўкай, якую свядома распрацавалі і пашырылі ідэолагі. Шмат чаго з гэтага прарасло і знізу, а тое, што насаджвалася свядома і мэтанакіравана, упала на ўдзячную глебу. Вынік мы бачым: расейскія ўлады, выкарыстоўваючы рыторыку Вялікай Айчыннай, развязалі новую вялікую вайну, а грамадства гэта ўспрыняло збольшага станоўча.

Людзі з фотаздымкамі сваіх сваякоў прымаюць удзел у шэсці «Несмяротны полк». Уладзівасток, Расея. 9 мая 2022 года.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

У Беларусі крыху не так. Тут культ Перамогі ўсё ж бліжэйшы да савецкага. Прадстаўнікі беларускага рэжыму любяць пагаварыць пра «ратаванне свету» і тое, што ўсе нам нібыта дагэтуль абавязаныя і не расплаціліся, трымаюцца заангажавана-абмежаванага погляду на вайну, выпукляючы зручныя факты і замоўчваючы ці перакручваючы нязручныя, але ў пагрозлівы мілітарызм з рэальным, а не вербальным жаданнем з кімсьці па-сапраўднаму ваяваць гэта ніколі не перацякала. Нават цяперашні суўдзел у агрэсіі супраць Украіны не падобны да абсалютна свядомага рашэння Лукашэнкі, хутчэй, тут, відаць, паўплывала ягоная абсалютная залежнасць ад Масквы.

– Чаму міф пра Вялікую Айчынную вайну стаўся асноваю беларускай дзяржаўнай ідэалогіі? Чаму ён так важны для Лукашэнкі?

Бо гэты міф быў адною з асноваў дзяржаўнай ідэалогіі ў СССР, а Лукашэнка заўсёды арыентаваўся на савецкую ідэалагічную спадчыну: і праз асаблівасці ўласнага светапогляду, і з кан’юнктурных меркаванняў. Большасць беларусаў у 1990-я былі ментальна савецкімі людзьмі, і для іх як такіх ушанаванне Вялікай Айчыннай вайны менавіта ў такой форме было арганічным і натуральным. А таксама і асноўная фундатарка рэжыму – Расея – такую «вернасць традыцыям» вельмі цаніла.

Тут важна таксама, што Лукашэнку і ягонаму атачэнню не трэба было прыдумляць нічога новага, дастаткова было проста ўзяць старыя загатоўкі і толькі крыху адаптаваць іх пад мясцовую спецыфіку. Яны ў гэтым пытанні, як і ў шмат якіх іншых, проста пайшлі шляхам найменшага супраціву. Пагатоў з сапраўдным крэатывам, калі гаворка пра ідэалогію, сітуацыя ў гэтых колах заўсёды была не бліскучая. Сам Лукашэнка не раз прызнаваў, што нічога арыгінальнага, каб «лягло на сэрца», ідэолагі за дзесяцігоддзе так і не прыдумалі. А тут усё ляжала гатовае, толькі бяры і працягвай эксплуатаваць.

Святкаванне Дня Перамогі. Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

– Беларускія вуліцы запоўненыя сімволікаю ВАВ, на гэтую тэму актыўна пішуць у медыях, Дзень Незалежнасці Беларусі супадае з днём вызвалення Менску ад фашысцкіх захопнікаў. Другая сусветная вайна – адна з ключавых і вызначальных з’яваў у гісторыі Беларусі?

Другая сусветная вайна – вельмі важная падзея ў гісторыі Беларусі, у нечым яна і сапраўды вызначальная. Гэта цяжка адмаўляць. Таму зусім з карабля гэта ўсё скідаць не выпадае. Але, вядома, мусяць быць перагледжаныя падыходы і змененыя трактоўкі, часта і вельмі моцна. Перадусім хоць бы ў тым, што вайна мусіць быць, як і належыць, Другой сусветнай, а не Вялікай Айчыннай. Гэта не проста змена назвы, гэта змена ўсёй парадыгмы.

А на ролю таго ж Дня Незалежнасці ў беларускай гісторыі ёсць шмат куды больш дастойных гэтага і не супярэчлівых з пункту гледжання простай логікі падзеяў, звязаных са спробамі стварыць незалежную беларускую дзяржаву ў канцы 1910-х і рэальным яе стварэннем у пачатку 1990-х. Звычайна называюцца адразу некалькі датаў: 25 сакавіка 1918 года, 27 ліпеня 1990-га, 25 жніўня 1991-га, нават 8 снежня 1991-га зрэдку гучыць. Я не буду цяпер казаць, якая найбольш імпануе мне асабіста, але любая з названых датаў больш лагічная і дарэчная для Дня Незалежнасці, чымся 3 ліпеня ці любая іншая, звязаная з Другою сусветнаю вайною.

Нашая гісторыя дастаткова багатая, каб не ўсё да вайны зводзіць і не ад яе скакаць.

Аналітыка
Трафеі ВАВ. Беларусы распавялі, як памянялася іхнае стаўленне да рэчаў, што дзяды прывезлі разам з перамогаю
2022.05.08 21:43

– Беларускі рэжым апантана перапісвае гісторыю ў падручніках, заведзеныя дзясяткі справаў аб генацыдзе беларусаў падчас Другой сусветнай вайны, у школах збіраюцца ўвесці абавязковы факультатыў пра Вялікую Айчынную, пытанне пра ВАВ будзе ў кожным экзаменацыйным білеце, у музеях адкрываюцца выставы пра генацыд беларусаў. Навошта ўлады гэта робяць і ці мае гэта сэнс?

Улады ўсё гэта робяць таму, што ў іх не толькі няма пазітыўнай візіі будучыні, але нават адказаць на выклікі сучаснасці яны адэкватна не здольныя. Рэпрэсіі рэпрэсіямі, але як ніколі раней рэжым адчувае сваю слабасць у ідэалагічным плане, што ён яўна саступае на гэтым полі апанентам. А паколькі ў сучаснасці хваліцца няма чым, будучыня туманная, то і спрабуюць знайсці крыніцы для ўласнай легітымнасці ў мінулым.

Але сапраўды жывыя і натхняльныя, а не чыста фармальныя ідэалогіі не фармуюцца проста так, на загад зверху. Яны мусяць прарастаць самі, іх дыктуе само жыццё. А тут, паколькі жыццё нічога жывога не дыктуе, а загад дадзены, ідэолагі мусяць імітаваць актыўнасць. А раз нічога прынцыпова новага і з аб’ектыўных, і з суб’ектыўных прычынаў не прыдумляецца, то проста ідуць шляхам нарошчвання колькасці таго, што ўжо было раней. І ў папярэднія гады ваенны кантэнт у ідэалогіі перавышаў усе разумныя межы, а цяпер яго робіцца яшчэ больш.

Наколькі гэта эфектыўна? Думаю, настолькі ж, наколькі эфектыўныя флуд і спам у інтэрнэце. Калі проста тупа іх масава рассылаць, то пераважная большасць патэнцыйных карыстальнікаў проста не будзе гэтых навязлівых мэсіджаў чытаць і засвойваць. Дабіцца ж узаемнасці можна нестандартнаю крэатыўнаю падачай, а не проста нарошчваннем колькасці. Перакормленасць асабіста не запатрабаванай інфармацыяй мае адным з вынікаў яе адрынанне і раздражненне, то бок эфект адваротны.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна». 8 траўня 2022 года.
Фота: Stringer / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Але для справаздачнасці колькаснае павелічэнне кантэнту надаецца, мабыць, добра. А нечага большага большасці ідэолагаў, відаць, не надта і хочацца. Таму хоць эфектыўнасць сумнеўная, але сама практыка, відаць, працягнецца.

«Пытанні, звязаныя з вайною, рэжым усё больш кладзе ў аснову рэпрэсіўнага заканадаўства»

– Выглядае, што для новага пакалення беларусаў Другая сусветная вайна робіцца такою ж далёкай, як Першая сусветная вайна ці вайна 1812 года.

Гэта сапраўды так, і гэта натуральная з’ява. З часу заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло ж ужо амаль 80 гадоў, за гэты час сышлі амаль усе ветэраны, усё менш застаецца і проста хоць бы якіх непасрэдных сведкаў. Ужо не толькі для бацькоў, але і дзядоў цяперашніх маладзёнаў (а калі казаць пра дзяцей, то нават і прадзедаў). Другая сусветная вайна – не асабістае перажыванне, а таксама штосьці, вядомае толькі з кніжак ці нечых расказаў.

Калі ж накласці гэта яшчэ на тое, што спробы данесці масам інфармацыю пра вайну з боку і ідэолагаў, і СМІ, і сістэмы адукацыі, як правіла, не вызначаюцца крэатыўнасцю ды арыентаванасцю на асаблівасці светапогляду сучаснай моладзі, то няма чаго дзівіцца, што сапраўдная вастрыня перажыванняў даўно страчаная і ўдзел у нейкіх урачыстасцях з нагоды Другой сусветнай вайны робіцца больш рытуальным, не тым, што ідзе ад сэрца.

Гэта адзін бок медаля. А другі – што сапраўды больш свежыя ды асабістыя перажыванні, калі яны параўнальныя паводле сілы і значэння, «забіваюць» тыя, што былі ў далёкай гісторыі. Напрыклад, у былой Югаславіі ці ў тых мясцовасцях былога СССР, на тэрыторыі якіх падчас распаду імперыі разгарнуліся ваенныя дзеянні, падзеі Другой сусветнай вайны ў гістарычнай памяці адступілі на задні план, у людзей ужо іншыя героі, і жывуць яны перадусім іншымі перажываннямі.

Тое ж з 2014 года адбываецца і ва Украіне. Вымушаны ўдзел у развязанай Расеяй «гібрыднай» вайне ўжо і без таго апошнія гады адсоўваў на другі план «вялікую Перамогу» у Другой сусветнай, пагатоў яе ўзяла на ідэалагічнае ўзбраенне новая імперыя. А пасля сёлетняга нападу Расеі на Украіну тэма Другой сусветнай, відавочна, яшчэ больш здасць пазіцыі ды будзе актуальнай хіба толькі ў сэнсе правядзення непасрэдных паралеляў паміж дзеяннямі гітлераўскай Нямеччыны і пуцінскай Расеі.

Жанчына з фотаздымкамі сваіх сваякоў прымае ўдзел у шэсці «Несмяротны полк». Уладзівасток, Расея. 9 мая 2022 года.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

– Існая памяць пра ВАВ больш раз’ядноўвае, чымся яднае, мае таталітарнае паходжанне, сцірае мяжу паміж беларусамі і расейцамі. Вы пагаджаецеся з гэтым?

Так, безумоўна, стаўленне да памяці пра Вялікую Айчынную вайну цяпер у Беларусі ніякі не аб’яднаўчы фактар. Якраз наадварот, ён вельмі раз’ядноўвае. Прычына гэтага – у інструменталізацыі памяці ўладамі, выкарыстанне яе ў якасці апраўдання самых адыёзных і цемрашальскіх дзеянняў. І гэта пачалося не сёння, гэта цягнецца гадамі і дзесяцігоддзямі. З самага пачатку фармавання лукашэнкаўскага рэжыму да памяці пра вайну нярэдка апелявалі, калі планавалі нейкія адыёзныя дзеянні. Менавіта на думку ветэранаў і ўдзельнікаў вайны часта ківалі, калі нешта хацелася не дазволіць, адмяніць, абмежаваць ці, наадварот, штосьці цемрашальскае ўвесці. Да таго ж ваеннаю тэматыкай улады настолькі часта злоўжывалі, пхаючы яе дзе трэба і дзе не трэба ды затыкаючы ёй усе ідэалагічныя дзіркі, што падобная рыторыка ўжо проста асацыюецца з гэтым рэжымам.

У выніку, калі паслухаць нашых чыноўнікаў і прапагандыстаў, можа міжволі скласціся ўражанне, што за колішнюю перамогу ў Вялікай Айчыннай мы ўвогуле не маем права нават марыць пра еўрапейскую дэмакратычную перспектыву, а асуджаныя быць навекі рабамі аўтарытарных – ці ўжо амаль таталітарных – рэжымаў.

Такі падыход выклікае моцнае адрынанне ў дэмакратычна арыентаванай і вестэрнізаванай часткі грамадства, якая сёння ў межах усяго грамадства зусім не маргінальная. Тым больш улічваючы, што пытанні, звязаныя з тою вайною, рэжым чым далей, тым больш кладзе ў аснову рэпрэсіўнага заканадаўства, іх актыўна выкарыстоўваюць дзяржаўныя прапагандысты ў сваёй чалавеканенавісніцкай рыторыцы. Усё гэта не можа не ўплываць на стаўленне да ўсяго гэтага.

«Наша нацыянальнае «ніколі зноў» будзе будавацца на падзеях 2020-га і наступных гадоў»

– Ці можа вайна ва Украіне разбурыць культ ВАВ, а значыць – і падмуркі беларускай дзяржаўнай ідэалогіі? Што будзе з гэтым культам пасля вайны – у нас, ва Украіне і Расеі? Ці зробіцца вайна ва Украіне штуршком да пераасэнсавання нашай гісторыі, савецкага мінулага, сённяшніх арыенціраў?

Відавочна, што развязаная Расеяй вайна шмат што ў гэтым плане зменіць. Ва Украіне гэта ўжо моцна змянілася пасля 2014 года, там акцэнты значна змясціліся, вайна перастала афіцыйна быць Вялікай Айчыннай, і адзначэнне Дня Перамогі перанеслі з 9 на 8 траўня, дый увогуле ў рамках агульнай дэсаветызацыі краіны свята таксама максімальна дэсаветызавалася. Думаю, пасля вайны і апошнія рэшткі нейкай савецкай спадчыны, якія яшчэ недзе з тых ці іншых прычынаў не наважваліся кранаць, будуць ужо без асаблівых роздумаў пераадоленыя.

Што да Беларусі і Расеі, то тут шмат чаго залежыць ад вынікаў вайны: наколькі доўга здолеюць утрымліваць уладу цяперашнія рэжымы. Пакуль адназначна можна казаць толькі пра тое, што выйграць вайну, то бок дабіцца тых мэтаў, якія перад яе пачаткам ставіліся, Пуціну не ўдасца. Але гэта не абавязкова азначае, што палітычныя змены і ў Расеі, і ў яе адзіным сатэліце адбудуцца адразу. Гэта залежыць ад шмат якіх не да канца прадказальных фактараў, таму ў кароткатэрміновай перспектыве нічога прагназаваць не бяруся. А пры захаванні пры ўладзе Пуціна і Лукашэнкі ніякія змены не магчымыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Але калі казаць пра больш працяглую перспектыву, то безумоўна можна казаць, што пераасэнсаванне гісторыі, у тым ліку і датычнай вайны, у абедзвюх краінах непазбежнае. Цяперашнія падыходы мала таго што самі па сабе анахранічныя, дык і моцна дыскрэдытаваныя пуцінскім і лукашэнкаўскім рэжымамі. Таму пераасэнсаванне і перагляд іх – толькі пытанне часу. І думаю, што Беларусь цяпер да гэтага больш маральна гатовая, чымся Расея.

– На чым мусіць будавацца дзяржаўная ідэалогія ў новай Беларусі?

Я думаю, што ў новай Беларусі вялікае значэнне для нацыянальнай ідэі будуць мець падзеі 2020-га і наступных гадоў. Гэта моцныя эмацыйныя перажыванні і цяжкія ахвяры, панесеныя не нейкімі даўнімі, а цяперашнім пакаленнем.

Упэўнены, што ў новай Беларусі будуць вельмі шанавацца як жывыя, так і, на жаль, загінулыя героі гэтага часу, будуць створаныя адпаведныя мемарыялы і памятныя знакі па ўсёй краіне, прысвечаныя гэтым падзеям, адпаведнае месца гэта зойме і ў сістэме адукацыі. І паколькі тое, што цяпер адбываецца, непасрэдна перажываецца ці наўпрост, ці ўскосна вялікімі масамі людзей, то памяць пра гэта ўсё будзе жывая, ісці ад сэрца. Не будзе ўзнікаць пытанняў, што гэта такое і навошта гэта шанаваць. Думаю, менавіта на гэтым грунце будзе перадусім трымацца нашае нацыянальнае «ніколі зноў».

Ну і, вядома, куды большае значэнне будуць мець тыя моманты нацыянальнай гісторыі, якія ўсімі сіламі ўціскала і старалася нікуды асабліва ў падуладныя сабе сферы не пускаць лукашэнкаўская дзяржава. ВКЛ, БНР, нацыянальны рух, беларуская мова, Курапаты, дзяржаўнае будаўніцтва ў пачатку 1990-х да прыходу Лукашэнкі. Шмат чаго.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў