«Вы жывяце ў дзяржаве, у якой абавязаныя гэта рабіць». У Гомлі настаўніца заганяла вучняў на акцыю, бо яны «абутыя, апранутыя»


Ілюстрацыйны здымак. Акцыя школьнікаў 9 траўня 2021 г. у Віцебску.
Фота: Белсат

У адной са школаў Чыгуначнага раёну Гомля настаўніца патрабавала, каб вучні абавязкова ўзялі ўдзел у афіцыйнай акцыі. Аўдыёзапіс размовы «Белсату» даслалі чытачы.

Ад вучняў патрабавалася ўзяць 8 траўня ўдзел у «жывым калідоры» з чырвона-зялёнымі шарыкамі і чырвонымі сцяжкамі. Ад класу з 25-і чалавек трэба было знайсці 12.

«Людзі, вы жывяце ў дзяржаве, у якой абавязаныя гэта рабіць. Вы ходзіце ў школу, вы харчуецеся задарма. Вы абслугоўваецеся медычна задарма. Гэта вялікае свята, і гэта не абмяркоўваецца», – заявіла аднаму з класаў ягоная кіраўніца.

Пры гэтым яна пагражала дрэннымі адзнакамі за чвэрць і праблемамі ў характарыстыцы.

«Вы абутыя, апранутыя, у вашых бацькоў ёсць гарантаваныя працоўныя месцы і вы ясцё кожны дзень», – падкрэсліла настаўніца.

Пры гэтым яна прызналася, што сама не вельмі хоча ісці на акцыю, бо ў яе не будзе зусім выходных.

«Каму не падабаецца, не падабаецца вашым бацькам, ідзіце жыць у лес, у іншую дзяржаву едзьце», – заяўляла класная кіраўніца.

Між тым чытачы паведамляюць, што акцыя 8 траўня так і не адбылася.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў