У Бабруйску за відэа, дзе б’юць мужчыну са свастыкай, затрымалі журналіста


Уладзімір Рэпік.
Фота: vk.com / Владимир Репик

Сёння ў Бабруйску, у 9.30 раніцы міліцыянты прыйшлі да журналіста Уладзіміра Рэпіка. Мужчыну забралі ў ІЧУ да суда.

Журналіста абвінавачваюць паводле арт. 19.10 КаАП («Прапаганда ці публічны распаўсюд нацысцкай сімволікі»). Падставай стаў відэаролік працягласцю 1 секунда ў сетцы ў кантакце журналіста. На відэа два мужчыны – адзін з іх б’е ў твар таго, у якога на рукаве свастыка. Уладзімір кажа, што наадварот гэтым відэа хацеў паказаць, што ён супраць нацызму.

Бабруйскі журналіст звязвае гэтую справу супраць сябе з відэазваротам да Лукашэнкі ў сувязі з канфліктам з мясцовымі ўладамі, які таксама размясціў у сваіх сацсетках.

Уладзімір Рэпік хварэе на дыябет. Кажа, што кожныя чатыры гадзіны яму трэба калоць інсулін. Яму дазволілі ўзяць у ІЧУ лекі, але Уладзімір заявіў, што іх мала, і яму трэба было ўжо ісці выпісваць новыя, што ён зрабіць не паспеў.

8 траўня падчас афіцыйнай імпрэзы ў Бабруйскай крэпасці арганізатары сярод іншага вывесілі сцяг са свастыкай. Пра затрыманні арганізатараў і ўдзельнікаў імпрэзы за публічны распаўсюд нацысцкай сімволікі не паведамлялася.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў