Супердэкрэт, «палітычны» артыкул і святкаванне Дня Перамогі. Галоўнае за 9 траўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 9 траўня – 274-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Дэкрэт Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка на плошчы Перамогі ў Менску. 9 траўня 2021 г.
Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу», які раней анансаваў як адно з найбольш прынцыповых рашэнняў за ўвесь час свайго кіравання. Паводле гэтага дакументу, у выпадку гвалтоўнай смерці Лукашэнкі ўся ўлада пераходзіць да Савету бяспекі, якому мусяць падпарадкоўвацца ўсе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы.

Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або вайсковае становішча, а Саветам бяспекі вызначаецца пералік захадаў па іх забеспячэнні. У прыватнасці, уводзіцца каменданцкая гадзіна, абмежаванне на свабоду перамяшчэння, забарона масавых мерапрыемстваў і забастовак, забяспечваецца бяспека асобаў і аб’ектаў. У выпадку невыканання загадаў Савету бяспекі кіраўнікі органаў і арганізацыяў вызваляюцца ад пасады.

Пытанне аб правядзенні выбараў будзе вырашаць Савет бяспекі разам са старшынямі аблвыканкамаў.

Дэкрэт «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу» наўпрост супярэчыць дзейнай Канстытуцыі Беларусі. Артыкул 89 Канстытуцыі прадугледжвае, што «у выпадку вакансіі пасады прэзідэнта ці немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення прысягі нававыбраным прэзідэнтам пераходзяць да прэм’ер-міністра», а не Савету бяспекі.

Hавiны
Галоўчанка заявіў, што трэба быць гатовымі ў тым ліку да магчымасці «фізічнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны»
2021.05.04 15:02

Раней прэс-служба Святланы Ціханоўскай пракаментавала новы дэкрэт Лукашэнкі:

«Лукашэнку прыйшлося рэагаваць на пратэст: упершыню за 26 гадоў пачаў рыхтаваць свой сыход».

«Цяпер мы павінны скончыць пачатае і забяспечыць яго сыход у адпаведнасці з законнымі працэдурамі. Найлепшы спосаб – гэта перамовы аб новых выбарах», – цытуе словы Святланы Ціханоўскай прэсавая служба.

Аналітыка
Палітолагі пра анансаваны дэкрэт Лукашэнкі: Легалізацыя вайсковай хунты ў Беларусі насуперак Канстытуцыі
2021.04.24 17:17

Святкаванне Дня Перамогі

9 траўня ў Менску і рэгіёнах прайшлі ўрачыстасці з нагоды святкавання Дня Перамогі. Афіцыйная частка святкавання 76-ай гадавіны заканчэння Вялікай айчыннай вайны адбылася ў цэнтры сталіцы на плошчы Перамогі. Частка праспекту Незалежнасці, блізкая да месца афіцыйнай імпрэзы была перакрытая супрацоўнікамі сілавых структураў. Аб 11-ай гадзіне Аляксандр Лукашэнка з сынамі ўсклаў кветкі да мемарыялу Перамогі.

Святкаванне Дня Перамогі ў Менску. 9 траўня 2021 г.
Фота: АВ / Белсат

Сярод удзельнікаў святочнай імпрэзы былі таксама прарасейскія актывісты, якія выйшлі з банерамі «Несмяротны полк» і партрэтамі Леніна ды Сталіна.

Святкаванне Дня Перамогі ў Менску. 9 траўня 2021 г.
Фота: АВ / Белсат

Частка святочных імпрэзаў у Менску прайшлі таксама каля Стэлы і Палацу спорту. Там жа прайшла і выстава сучаснай вайсковай тэхнікі.

Hавiны
У Лідзе жанчыны з чырвона-зялёнымі бутаньеркамі раздавалі грошы. У выканкаме пракаментавалі сітуацыю
2021.05.09 17:33

Сёлета Дзень Перамогі адзначаецца на фоне глыбокага палітычнага крызісу. Улады планавалі а 23-яй гадзіне зладзіць салют, выкарыстоўваючы перадусім колеры дзяржаўнага сцяга. Дэмакратычныя актывісты ў сваю чаргу заклікалі сёння ў 23:34 выпускаць феерверкі ў памяць аб перамозе над фашызмам. Цягам дня праходзілі некаторыя альтэрнатыўныя акцыі да Дня Перамогі.

У Менску таксама заўважаны антыфашысцкія расцяжкі.

Затрыманні і «палітычны» артыкул

У Беларусі падчас святкавання Дня перамогі адбываліся кропкавыя затрыманні.

У Менску на плошчы Перамогі затрымалі актывістку Галіну Лагацкую. Сяброўцы актывісткі, якая патэлефанавала ў Партызанскім РУУС паведамілі, што Лагацкая будзе змешчаная ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна. На пытанне, што інкрымінуюць Лагацкай, дзяжурны міліцыянт адказаў: «Палітычны артыкул». Хаця ні ў КаАП, ні ў КК няма палітычных артыкулаў. Як высветлілася, Лагацкую вінавацяць у «дробным хуліганстве» і, імаверна, «непадпарадкаванні» міліцыі.

Увечары праваабаронцы паведамілі пра затрыманне чалавека ў мемарыяла Тарайкоўскаму ля станцыі метро «Пушкінская».

У Докшыцах на плошчы Івана Палявога затрымалі чалавека з біноклем, які стаяў воддаль, калі там адбывалася цырымонія ўскладання кветак. У Віцебску на плошчы Перамогі затрымалі актывістаў Ангеліну Туравец і Руслана Яневіча. У Гомлі пад час святкавання Дня перамогі ў жывым эфіры быў затрыманы блогер Юрый Ганцавіч.

У Бабруйску раніцай затрымалі журналіста Уладзіміра Рэпіка. Журналіста абвінавачваюць паводле арт. 19.10 КаАП («Прапаганда ці публічны распаўсюд нацысцкай сімволікі»). Падставай стаў відэаролік працягласцю 1 секунда ў сетцы ў кантакце журналіста. На відэа два мужчыны – адзін з іх б’е ў твар таго, у якога на рукаве свастыка. Уладзімір кажа, што наадварот гэтым відэа хацеў паказаць, што ён супраць нацызму.

Уладзімір Рэпік.
Фота: vk.com / Владимир Репик

Бабруйскі журналіст звязвае гэтую справу супраць сябе з відэазваротам да Лукашэнкі ў сувязі з канфліктам з мясцовымі ўладамі, які таксама размясціў у сваіх сацсетках.

Артыкулы
Палітзняволеная выйшла на волю пасля 105 дзён адміністратыўнага арышту
2021.05.09 21:12

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў