Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Што трэба ведаць пра гучную справу


12 траўня Магілёўскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы сямі палітычных вязняў: Паўла Севярынца, Змітра Казлова, Ірыны Шчаснай, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Belsat.eu распавядае, чым вядомыя гэтыя людзі і як яны трапілі пад пераслед.

Палітык і пісьменнік

Павел Севярынец на акцыі пратэсту ў Менску. 21 снежня 2019 года.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

Павел Севярынец – вядомы апазіцыйны палітык, пісьменнік. Быў адным з лідараў «Маладога фронту», уваходзіў у кіраўніцтва Партыі БНФ, сузаснавальнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

У канцы 2019 – пачатку 2020 года Севярынец зарганізаваў серыю акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. На хвалі гэтых падзеяў палітык лічыўся фаварытам праймерыз і найбольш верагодным кандыдатам на прэзідэнцтва ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

Аднак у сакавіку Севярынец спыніў удзел у праймерыз праз спрэчкі наконт уплыву ўладаў на галасаванне, а потым наагул адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Аднак Севярынец усё роўна актыўна ўключыўся ў палітычную кампанію, выступаў на пікетах для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, заклікаў да мірных пратэстаў, акцыяў грамадскага непадпарадкавання і нацыянальнай забастоўкі.

Павел Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская /belsat.eu

«Калі хтосьці можа проста прыйсці і паставіць подпіс – стаўце. Але гэтага мала. Калі хтосьці можа выказацца ў сацыяльных сетках – рабіце гэта. Але гэтага мала. Калі спатрэбіцца выходзіць на адзіны агульны пратэст, усім разам, па ўсёй Беларусі – выходзьце! Гэтага можа хапіць! Калі не, тады забастоўка і эканамічны байкот!» – казаў Севярынец на пікеце ў Віцебску 31 траўня.

7 чэрвеня пасля дазволенага выбарчага пікету ля Камароўскага рынку ў Менску Севярынца затрымалі сілавікі і пакаралі 15 соднямі арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. За кратамі Севярынцу дадавалі новыя і новыя адміністратыўныя арышты, пры гэтым палітыка трымалі на Акрэсціна ў невыносных умовах – на знак пратэсту ён быў вымушаны парэзаць сабе руку. Пасля 75 содняў адміністратыўнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на свабоду, а перавялі ў СІЗА № 1 у якасці фігуранта крымінальнай справы паводле арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

Такім чынам, Павел Севярынец застаецца за кратамі ўжо больш за 11 месяцаў. Жонка зняволенага палітыка Вольга Севярынец гадуе сына Францішка і змагаецца за вызваленне мужа.

Вольга Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У чэрвені 2020 года, пасля таго як стала вядома пра здзекі з арыштаваных на Акрэсціна, Вольга Севярынец звярнулася да сілавікоў з заклікам не браць удзелу ў катаваннях і беззаконні.

Вольга Севярынец з сынам Францішкам. Менск, Беларусь. 30 чэрвеня 2020 года.
Фота: ТК / Белcат

«Калі Павел у зняволенні, то мне як жонцы самае цяжкае – гэта чакаць у бяздзеянні. І я выкарыстоўваю ўсе даступныя мне сродкі, каб яму дапамагчы», – распавядала яна летась «Белсату».

Hавiны
Вольга Севярынец: «Пакуль Павел у турме, Францішак навучыўся казаць «тата, люблю»
2020.06.30 13:33

Гэта не першы выпадак палітычна матываванага крымінальнага пераследу Паўла Севярынца. У 2005 годзе яму прысудзілі 3 гады «хіміі» за арганізацыю пратэстаў супраць балатавання Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Падчас адбыцця пакарання на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна Павел напісаў кнігу «Лісты з лесу», якую, паводле апытання «Нашай Нівы», прызналі найлепшаю беларускаю кнігай 2007 года.

У 2010 годзе Севярынца арыштавалі пасля прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх кіраваў выбарчым штабам кандыдата на прэзідэнцтва Віталя Рымашэўскага. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Пяць месяцаў палітык правёў у СІЗА КДБ, пасля чаго суд пакараў яго трыма гадамі «хіміі».

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі»

Актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча затрымалі значна пазней за Паўла Севярынца. Усе яны даўнія і прынцыповыя праціўнікі рэжыму, пачыналі сваю апазіцыйную дзейнасць яшчэ ў моладзевых арганізацыях «Малады фронт» і «Зубр», з таго часу сябравалі. Актывісты заўсёды бралі актыўны ўдзел у пратэстах, за што рэгулярна траплялі пад рэпрэсіі з боку спецслужбаў (арышты, штрафы, збіццё).

Яўген Афнагель. Скрыншот з відэа: Белсат/ YouTube
Даведка
«Еўрапейская Беларусь» – гэта грамадзянская кампанія, створаная ў 2008 годзе на ініцыятыву Андрэя Саннікава, Міколы Статкевіча, Міхаіла Марыніча і Віктара Івашкевіча.

Афнагель пасля падзеяў 2010 года быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, пяць гадоў правёў у эміграцыі. Але ў 2015-м вярнуўся на радзіму, ажаніўся і працягнуў палітычную дзейнасць. Юхневіч з краіны не з’язджаў, але пасля 2010-га крыху адышоў ад палітыкі, засяродзіўся на працы і сям’і (у Паўла – дзве дачкі). У 2019 годзе Юхневіч вярнуўся да актыўнай палітычнай дзейнасці і разам з шэрагам іншых прадстаўнікоў «Еўрапейскай Беларусі» балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў – праўда, яшчэ да пачатку галасавання ЦВК зняў яго з выбараў.

Павел Юхневіч.
Фота: eu_by / Telegram

Войніча, Юхневіча і Афнагеля затрымалі 25 верасня 2020 года. У кватэру, дзе былі Войніч і Юхневіч, сілавікі ў масках і са зброяй уварваліся адначасова праз вакно і дзверы. У кватэру Афнагеля таксама выламалі дзверы. Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года Афнагелю дадатковы выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці»).

Максім Вінярскі.
Фота: belsat.eu

39-гадовага Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года байцы ГУБАЗіК. У прэс-рэлізе МУС сцвярджалася, што ўвосень актывіст нібыта заклікаў людзей выходзіць на мітынгі з бел-чырвона-белай сімволікай і супраціўляцца міліцыі. Вінярскаму таксама выставілі абвінавачванне ў рыхтаванні масавых беспарадкаў.

Блогер і адміністратарка

Відэаблогер Шэры Кот.
Фота: «Белсат»

Зміцер Казлоў трапіў у палітыку ў 2017 годзе падчас пратэстаў недармаедаў, тады ў Воршы ён выйшаў на свой першы мітынг. Зміцер захапіўся палітычным блогерствам, стварыў папулярны YouTube-канал «Серый Кот» (на гэты момант на яго падпісаныя больш за 19 тысячаў чалавек). Балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас кампаніі 2019 года, але яго адхілілі ад выбараў за заклікі да байкоту.

Зміцер браў актыўны ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй, праводзіў стрымы, заклікаў да ўдзелу ў акцыях. За гэта ён трапіў пад пераслед – агулам яго пакаралі 120 соднямі арышту.

Блогер Шэры Кот.
Фота: facebook.com/tonberry2007

З пачаткам прэзідэнцкай кампаніі 2020 года 31-гадовы Зміцер Казлоў падтрымаў Сяргея Ціханоўскага, дапамагаў яму інфармацыйна. Пасля арышту Ціханоўскага заклікаў выходзіць на дазволеныя ў межах выбарчай кампаніі пікеты дзеля падтрымання зняволенага блогера.

10 чэрвеня Казлова затрымалі, прысудзілі да 20 содняў арышту. Пасля выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У снежні 2020 года блогеру выставілі новае абвінавачанне – паводле ч. 2 арт. 293 КК.

Ірына Шчасная.
Фота: Ірына Шчасная / Facebook

33-гадовая Ірына Шчасная – грамадская актывістка, рэдактарка шэрагу папулярных тэлеграм-каналаў («Мая краіна Беларусь», «Беларусь 24» ды іншыя). Па Ірыну прыйшлі 18 лістапада, байцы ГУБАЗіК былі апранутыя як работнікі ЖЭС. Ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 2. арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых закалотах, што нібыта выражалася ў вядзенні дэструктыўных тэлеграм-каналаў.

Муж актывісткі Аляксандр Шчасны разам з 10-гадовым Германам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз некалькі дзён пасля затрымання жонкі. Цяпер яны жывуць у Кіеве. Як распавядаў Аляксандр у інтэрвю «Белсату», Ірына піша, што ён мусіць маральна рыхтаваць сына да таго, «што з мамай ён яшчэ не хутка ўбачыцца».

«Наагул апошнім часам сумныя лісты, яна вырашыла для сябе, што будзе вялікі тэрмін. Гэта невыносна чытаць», – кажа Аляксандр.

Гісторыі
«Марым вярнуцца дамоў». Муж палітзняволенай Ірыны Шчаснай – пра ўцёкі з сынам з Беларусі і жыццё ў Кіеве
2021.02.25 07:10

У чым вінавацяць палітычных вязняў

Вядома, што суд над палітвязнямі будзе адбывацца ў закрытым рэжыме – нават сваякам не дазволяць прысутнічаць на працэсе. У Магілёўскім абласным судзе патлумачылі гэта тым, што матэрыялы справы нібыта адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон.

Скрыншот: Вольга Севярынец / Facebook

Адвакаты палітзняволеных звязаныя падпіскаю пра неразгалашэнне, яны не маюць магчымасць распавесці пра сутнасць абвінавачання і пазіцыю сваіх падабаронных.

Між тым дзяржаўная прапаганда вінаваціць Севярынца і астатніх палітычных вязняў у рыхтаванні «каляровай рэвалюцыі» і «беламайдану». Першы намеснік начальнік ГСУ Следчага камітэту Аляксандр Агафонаў у інтэрв’ю «СБ – Беларусь сегодня» заяўляў, што Севярынец, Статкевіч і Ціханоўскі нібыта аж з кастрычніка 2019 года распаўсюджвалі ў інтэрнэце заклікі да радыкальных дзеянняў і рыхтавалі беспарадкі. Прычым, як сцвярджаў прадстаўнік СК, зімовыя пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй былі «рэпетыцыяй беламайдану».

Пратэст 20 снежня.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Паводле Агафонава, Зміцер Казлоў падбухторваў беларусаў да пратэстаў: «рабіў і публікаваў патрэбныя відэаролікі, якія беспадстаўна дыскрэдытуюць уладу». А Шчасная размяшчала ў тэлеграм-каналах і чатах інфармацыю пра планаваныя акцыі пратэсту. Паводле сілавікоў, за рэдагаванне тэлеграм-каналаў Ірына нібыта атрымлівала 600 рублёў на месяц ад Афнагеля.

Марш справядлівасці
Марш справядлівасці каля стэлы «Менск – горад-герой». 20 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

У СК сцвярджаюць, што Афнагель, Войніч, Вінярскі і Юхневіч заклікалі да пратэстаў і забастовак, а таксама займаліся дэананімізацыі сілавікоў абнародаваннем іхных асабістых звестак «у тым ліку шляхам вырабу ўлётак з іхнымі здымкамі і далейшым расклейваннем каля дому чалавека». Паводле СК, гаворка пра «злачынную сістэму распаўсюду інфармацыі».

Такім чынам, як вынікае з заяваў Агафонава, віна палітвязняў заключаецца толькі ў тым, што яны публічна заклікалі да пратэстаў і крытыкавалі ўладу.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў