Драма Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна». (Не)зразумець Беларусь


2019 год выдаўся на рэдкасць плённым для дакументаліста Андрэя Куцілы – свет пабачылі адразу дзве ягоныя стужкі, што сталіся паспяховымі ва ўзнагародным плане.

Сумная элегія «Сума» пра канечнасць чалавечага жыцця і бессмяротнасць выяўленчага мастацтва прынесла аўтару перамогу ў «дакументальных Канах» – на фестывалі IDFA. А іранічная драма «Стрыптыз і вайна» атрымалася больш жваваю і маштабнаю ў плане сэнсаў – акрамя фестывальных прызоў яна завяршыла доўгія пошукі аўтарам гісторыі, якая б дасціпна распавяла сутнасць постсавецкае Беларусі. З нагоды сённяшняе публікацыі карціны на новым YouTube-канале «Belsat Doc» (тут паступова акумулюецца ўся дакументалістыка «Белсату») згадаем, як рэжысёр здолеў замахнуцца на метафару нацыянальнага ўзроўню і чаму праз два гады яе сутнасць страціла сваю актуальнасць.

Постар фільму «Стрыптыз і вайна»

Невялічкую кватэру ў сталічным ваенным гарадку Уручча дзеляць міжсобку два Анатолі Маісеевы – родныя дзед і ўнук. Першы – бравы падпалкоўнік авіяцыі ў адстаўцы, які прысвяціў найлепшыя гады службе савецкаму войску, а пасля – ідэалагічнаму выхаванню школьнікаў бээрэсэмаўцаў, да якіх ён прыходзіць заўжды ў парадным мундзіры, са звонкаю гронкаю бліскучых медалёў. Другі – мэтанакіраваны спартовец, які зарабляе на жыццё эратычнымі танцамі і ўспрымае іх як сапраўднае мастацтва. Супольны быт і пастаянныя сваркі мужчынаў, якім цяжка знайсці агульную мову ў поглядах на жыццё, робяцца галоўнымі падзеямі стужкі, рухаючы яе сюжэт і жыццё герояў наперад.

Андрэя Куцілу можна назваць сапраўдным шчасліўчыкам – ён здолеў знайсці і далікатна перанесці на экран стасункі ўнікальнай сям’і, якая сваймі поглядамі, трывогамі і спадзевамі вельмі трапна суаднеслася са станам нашага грамадства познелукашэнкаўскай эпохі, калі архаіка ўсімі магчымасцямі стрымлівае надыход непазбежнае будучыні. На падобны ўзровень абагульнення аўтар спрабаваў выйсці ў больш штучнай стужцы «25», прысвечанай лёсу траіх беларусаў, якія нарадзіліся ў год абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці краіны, але ў «Стрыптызе» форма атрымалася натуральнаю і жыццяздольнаю.

Камера бесстаронна назірае, як разгортваецца тыповы канфлікт пакаленняў – асцярожных бацькоў і дзяцей-бунтаўнікоў. Старэйшы Анатоль увасабляе савецкае мінулае, яскравым прадстаўніком якога ён і ёсць. Былы вайсковец не толькі разважае пра міфічных вонкавапалітычных ворагаў у выглядзе NATO, якія толькі і чакаюць, як бы захапіць Беларусь, але на рэфлекторным узроўні садзіць бульбу і робіць закруткі на зіму, нібы таварны дэфіцыт познесавецкага часу нікуды не падзеўся. І не забывае падбухторваць унука знайсці больш сур’ёзную, статусную ў ягоным разуменні прафесію. Малады хлопец стрымлівае гэты бурны націск крытыкі і гне на свой капыл, кажучы аднойчы за абедам, што ўлюбёнаю справаю трэба займацца тут і цяпер, а не чакаць, калі для яе настане адпаведны час і ўзнікнуць спрыяльныя ўмовы.

Нягледзячы на бясконцыя папрокі і сваркі мужчыны ўсё ж знаходзяць паразуменне – унук праз «не хачу» дапамагае ўскапаць агарод, а дзядуля прыходзіць на выступ малодшага Анатоля ў тэатр. Менавіта ў прабачэнні чужых недахопаў і ўзаемнай павазе жыццёвых мэтаў аўтары «Стрыптызу» бачаць выйсце не толькі для сям’і Маісеевых, але і для беларускага грамадства, у якім супярэчнасцяў і супрацьлеглых каштоўнасцяў схавалася значна больш.

Але пасля жніўня 2020 года зрабілася канчаткова зразумелым, што прапанаваны аўтарамі стужкі гуманістычны рэцэпт больш не выглядае актуальным. Цяжка мірыцца з прыхільнікамі кансерватыўных каштоўнасцяў, калі яны дзеля іх захавання катуюць у кватэрах жанчын, забіваюць на вуліцах мужчынаў і заціскаюць рот журналістам, садзячы іх у турму. Шанец для паразумення страчаны, і якім чынам можна ўтаймаваць раз’юшанае грамадства, да якога ўлады не здольныя прыслухоўвацца, адказаць нельга.

Можа, кінематаграфісты зноў адшукаюць цудадзейны рэцэпт, які ўсіх задаволіць? Не выключана. Але жыццё падказвае, што цудаў у свеце не бывае.

Тарас Тарналіцкі

Стужка навінаў